Мацярынства — аснова сям’і і грамадства

Дзейнасць інфармацыйна-прапагандысцкіх груп, якія перыядычна наведваюць працоўныя калектывы гарадскіх арганізацый і прадпрыемстваў, мае вялікае значэнне. Прадстаўнікі мясцовай улады расказваюць аб асноўных накірунках сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна, знаёмяцца з набалелымі праблемамі жыхароў раёна і прымаюць канкрэтныя меры па іх вырашэнні.
Не так даўно адбыўся чарговы выезд інфармацыйна-прапагандысцкіх груп у працоўныя калектывы горада.

Так, удзельнікі групы пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама Мікалая Нікіціна пабывалі ў Лепельскім раённым вузле электрычнай сувязі. З калектывам КУП “Лепельскае прадпрыемства меліярацыйных сістэм” сустрэліся ўдзельнікі групы пад кіраўніцтвам Аляксандра Шыдлоўскага, а перад работнікамі і навучэнцамі ўстановы адукацыі “Лепельскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж” выступілі ўдзельнікі інфармацыйна-прапагандысцкай групы, якой кіруе начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Святлана Анышка.
Работа інфарматараў была прысвечана тэме “Мацярынства — аснова сям’і і грамадства”. У час сваіх выступленняў прадстаўнікі мясцовай улады адзначылі, што пацвярджэннем прэстыжу мацярынства з’яўляецца прадстаўленне шматдзетных сем’яў да дзяржаўнай узнагароды Рэспублікі Беларусь — ордэна Маці. У Лепельскім раёне гэту ўзнагароду атрымалі 35 шматдзетных матуль. Сёлета ордэна Маці ўдастоена Рыма Мікалаеўна Кантрыбуц, якая нарадзіла, выхавала пяцёра дзяцей.
Дзяржаўная падтрымка сям’і ўключае шмат аспектаў: сацыяльную абарону, ахову мацярынства і дзяцінства, вырашэнне праблем сіроцтва, гендарныя пытанні, а таксама выкараненне негатыўных з’яў у сямейным асяроддзі.
Мэтанакіраваная сацыяльная падтрымка маці ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб дзяржаўных дапамогах сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей”, што прадугледжвае аднаразовыя і штомесячныя дзяржаўныя дапамогі на дзяцей.
З 2013 года павысіўся памер дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да трох год. Яго разлік вядзецца не ад бюджэту пражытачнага мінімуму, а ад сярэдняй зарплаты па рэспубліцы. Памер дапамогі на першага дзіцяці складае 35 працэнтаў сярэдняй зарплаты па рэспубліцы; на другога і наступных дзяцей — 40 працэнтаў сярэдняй зарплаты.
У сістэме матэрыяльнай дапамогі сем’ям з дзецьмі дзяржава таксама выкарыстоўвае льготы па падаткаабкладанні, плаце за ўтрыманне дзяцей у дзіцячых дашкольных установах, за падручнікі, а таксама памяншэнне кошту харчавання школьнікаў.
Маці, якія выхоўваюць траіх і больш дзяцей ва ўзросце да 16 год або дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 год, маюць права на дадатковы свабодны ад работы дзень у тыдзень з аплатай у памеры сярэдняга дзённага заробку.
Водпуск па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да трох год па жаданні сям’і замест маці прадастаўляецца бацьку або іншаму роднаму, які ажыццяўляе догляд.
Важнымі формамі сацыяльнай падтрымкі малазабяспечаных сем’яў з’яўляецца аказанне дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі. Асноўныя атрымальнікі адраснай сацыяльнай дапамогі — шматдзетныя і няпоўныя сем’і, дзе выхоўваюцца непаўналетнія дзеці. За дзевяць месяцаў бягучага года дапамога аказана 135 сем’ям (415 чалавек) на суму 728,4 мільёна рублёў.
На паляпшэнне жыллёвых умоў сем’яў з дзецьмі накіраваны Указы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія прадугледжваюць прадастаўленне фінансавай падтрымкі дзяржавы ў пагашэнні запазычанасці шматдзетным сем’ям па льготных крэдытах, а таксама маладым сем’ям пры нараджэнні дзяцей.
За дзевяць месяцаў бягучага года ў раёне 26 маладых сем’яў палепшылі жыллёвыя ўмовы, адна сям’я палепшыла свае жыллёвыя ўмовы за лік ільготных крэдытаў.
Вялікая роля маці, пазітыўныя жыццёвыя арыенціры дзяцей — гэта той фундамент, без якога немагчыма ўмацаванне прэстыжу сям’і, духоўнае развіццё грамадства. Менавіта таму ў нашай краіне для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, прыярытэтным з’яўляецца ўстройства на выхаванне ў сям’ю.
У цяперашні час у Лепельскім раёне налічваецца 124 дзіцяці-сіраты і дзіцяці, якія засталіся без апекі бацькоў. Функцыянуе 27 прыёмных сем’яў, у якіх выхоўваюцца 37 дзяцей, ёсць два дзіцячыя дамы сямейнага тыпу для чатырнаццаці дзяцей. Навучанне прыёмных маці, аказанне ім дапамогі ў выхаванні дзяцей ажыццяўляюць аддзел адукацыі і сацыяльна-педагагічны цэнтр. Ужо не першы год у раёне дзейнічаюць клубы прыёмных сем’яў “Цёплы дом”, “Добрае сэрца” і г.д.
Пасля выступлення ўдзельнікаў інфармацыйна-прапагандысцкіх груп прысутныя атрымалі магчымасць звярнуцца да іх з хвалюючымі пытаннямі. У прыватнасці, работнікі КУП “Лепельскае прадпрыемства меліярацыйных сістэм” пацікавіліся, ці плануецца будаўніцтва водаправода ў вёсцы Стары Лепель.
Адказ на гэта пытанне мы атрымалі ў намесніка старшыні райвыканкама Аляксандра Шыдлоўскага, які адзначыў, што будаўніцтва водаправода ажыццяўляецца ў тым выпадку, калі ў гэтым ёсць патрэба асноўнай колькасці жыхароў населенага пункта. Па жаданні аднаго — двух чалавек такія работы праводзіць немэтазгодна. Калі ж правесці водаправод жадае большая колькасць жыхароў Старога Лепеля, ім патрэбна звярнуцца з калектыўнай заявай у Стайскі сельвыканкам.
Работнікі прадпрыемства меліярацыйных сістэм таксама пацікавіліся, якія дакументы патрэбны для атрымання камерцыйнага жылля.
Як адзначыў начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Мікалай Пшонка, жадаючым атрымаць камерцыйнае жыллё неабходна звярнуцца ў аддзел па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб райвыканкама, прадаставіць заяву і мець пры сабе пашпарт.
Ад прадстаўнікоў працоўных калектываў паступілі і іншыя пытанні, па кожным з якіх прыняты адпаведныя меры.
Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>