Пашпарт у чатырнаццаць год

— Неаднаразова чула, што пры дасягненні 14-гадовага ўзросту дзіцяці патрэбна мець пашпарт. Раскажыце, калі ласка, падрабязней аб гэтым, — з такой просьбай звярнулася на адрас рэдакцыі наша чытачка Таццяна Міснік.
Кампетэнтны адказ мы атрымалі ў начальніка аддзялення па грамадзянстве і міграцыі Лепельскага РАУС Васіля Місніка:
— Так, пашпарт абавязаны мець кожны грамадзянін, які дасягнуў 14-гадовага ўзросту, а ў выпадку выезду за межы Рэспублікі Беларусь пашпарт неабходна аформіць дзіцяці ў абавязковым парадку, незалежна ад яго ўзросту.


— Скажыце, калі ласка, што рабіць бацькам тых дзяцей, якія раней ужо аформілі пашпарты для выезду за мяжу?
— Калі тэрмін дзеяння пашпарта яшчэ не скончыўся, па такім дакуменце можна выязджаць за мяжу да заканчэння тэрміну яго дзеяння. Аднак трэба звярнуць увагу на тое, каб фотаздымак у пашпарце дзіцяці адпавядаў яго ўзросту.
— Васіль Васільевіч, якія дакументы патрэбны для афармлення пашпарта ў 14-гадовым узросце?
— Для гэтага неабходна прадаставіць у разлікова-касавы цэнтр, размешчаны па адрасе: г. Лепель, вул. Ленінская, д. 3а (для жыхароў Лепеля), для сельскіх жыхароў — у сельскі (пасялковы) выканаўчы камітэт па месцы жыхарства пасведчанне аб нараджэнні, чатыры фотаздымкі памерам 40х50 і напісаць заяву. Калі пашпарт патрэбна аформіць дзіцяці, якое не дасягнула 14 год, усе вышэй пералічаныя дакументы неабходна прадаставіць аднаму з законных прадстаўнікоў (бацька, апякун) непаўналетняга.
Дзецям, якія не дасягнулі 13-гадовага ўзросту, пашпарт будзе выдадзены на пяць год, але не звыш дасягнення імі 14-гадовага ўзросту, а дзецям 13-гадовага ўзросту — на дзесяць год.
— Колькі каштуе афармленне пашпарта для дзіцяці і які тэрмін яго выдачы?
— Дзецям, якія не дасягнулі 14-гадовага ўзросту, пашпарт выдаецца бясплатна, а тым, хто ўжо дасягнуў 14 год, неабходна заплаціць дзяржаўную пошліну ў памеры паловы базавай велічыні.
Тэрмін афармлення пашпарта — адзін месяц. Аднак пашпарт можа быць аформлены і ў паскораным парадку — на працягу 15 дзён. Пры гэтым неабходна зрабіць дадатковую аплату ў памеры 0,5 базавай велічыні.
Кожны, у каго ўзніклі дадатковыя пытанні, мае магчымасць звярнуцца ў аддзяленне па грамадзянстве і міграцыі Лепельскага РАУС. Мы працуем у панядзелак і чацвер з васьмі да 13 гадзін, у аўторак і пятніцу — з 8.00 да 13.00 і з 14.00 да 17.00, у сераду — з 11-ці да 15-ці і з 16 да 20 гадзін, а ў суботу — з дзевяці да 13 гадзін. Атрымаць дадатковую кансультацыю або запісацца на прыём можна па тэлефоне 4-17-43.
Адзначу, што абмяняць пашпарт можна толькі па заканчэнні тэрміну дзеяння дакумента.
— Вялікі дзякуй, Васіль Васільевіч, за карысную інфармацыю.
Інтэрв’ю правяла
Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>