Зручнасці на будоўлі

За дзевяць месяцаў бягучага года ДКУБП “Лепельская ПМК-75” выканала будаўніча-мантажныя работы сваімі ўласнымі сіламі на 31,9 млрд рублёў, што ў супастаўных цэнах на 4,7 млрд рублёў больш, чым было ў гэты перыяд летась. Рыхтуецца да здачы ў эксплуатацыю 100-кватэрны жылы дом па вуліцы Чуйкова, непадалёк ужо забіты палі на адной трэцяй частцы зямельных плошчаў пад яшчэ адзін такі ж жылы дом. Акрамя таго, зроблены добры будаўнічы задзел на будучыню ў выглядзе зладкаваных фундаментаў, падведзеных водаправода і каналізацыі адразу да двух аднакватэрных жылых дамоў у Поўсвіжы.


— Сёлета набылі новы высокапрадукцыйны кацёл з даволі высокім каэфіцыентам карыснага дзеяння для ацяплення адміністрацыйнага будынка нашай будаўнічай арганізацыі, які спажывае толькі пілавінне і торфабрыкет, — паведаміў вядучы інжынер ПМК-75 Віктар Аношка. — На бетонна-растворным вузле, дзе рыхтуюцца па строга вызначанай тэхналогіі будаўнічыя сумесі, зманціраваны асобны кацёл на мясцовых відах паліва.
У двухпавярховым будынку майстэрні, акрамя памяшканняў рамонтнай зоны, размешчаны акумулятарная, такарна-слясарны, інструментальны і іншыя вытворчыя ўчасткі, абсталяваны бытавыя памяшканні з раздзявальняй, пакоем для прыёму ежы, да якіх падключаны водаправод і каналізацыя. На другім паверсе зроблена спартыўная зала, памеры якой дазваляюць праводзіць гульні па баскетболе, гандболе, міні-футболе і іншых відах спорту. Тут жа маецца трэнажорная зала з належным абсталяваннем для выканання разнастайных фізічных практыкаванняў. Для ацяплення ўсяго гэтага вытворчага і фізкультурна-аздараўленчага комплексу выкарыстоўваецца асобны магутны кацёл, у якім спальваюцца пілавінне, адходы вытворчасці сталярнага цэха і піларамы.
— Дзе рамантуецца тэхніка?
— У цёплых прыстасаваных памяшканнях. Асноўная частка тэхнікі захоўваецца ў закрытых гаражах.
— Ці створаны належныя бытавыя ўмовы для працы і адпачынку непасрэдна на будаўнічых аб’ектах?
— Для гэтага перш за ўсё выкарыстоўваем перасоўныя вагоны-бытоўкі, якія падключаюцца па часовай схеме да бліжэйшай лініі электраперадач. У іх зладкаваны не толькі належнае асвятленне, але і ацяпленне. Унутры зманціраваны мініяцюрныя печкі-буржуйкі. Створаны неабходны мінімум бытавых зручнасцей. Дарэчы, капітальны рамонт вагонаў-бытовак робім сваімі ўласнымі сіламі, што дазваляе эканоміць на кожным з іх да 30 — 40 мільёнаў фінансавых сродкаў.
Мікалай ГАРБАЧОЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>