“Вяселіца” на Волзе

Гэтым летам самадзейны калектыў “Вяселіца” Поўсвіжскага СДК у складзе лепельскай дэлегацыі пабываў на Волзе. Уражаннямі дзеліцца культработнік Лідзія Ганчар.
— Спачатку, Лідзія Іванаўна, распавядзіце крыху пра сам калектыў, яго склад, скіраванасць і г.д.
— Нашай “Вяселіцы” ўжо больш як дваццаць гадоў. Зараз ёю кіруе Аляксандр Міхно.

Гэты спеўны калектыў выконвае не толькі народныя, але і сучасныя песні, а ў якасці “падводкі” да канцэртнага нумара шырока выкарыстоўвае гумарэскі, трапныя народныя выслоўі і г.д. Адным словам, мы людзі вясёлыя. Можна назваць некалькі найбольш сталых удзельнікаў “Вяселіцы”: пенсіянерка Надзея Мацкевіч, наш былы ветурач, Наталля Тухта, медсястра Поўсвіжскага ФАПа, Людміла Пузанава, вартаўнік дзіцячага сада, бібліятэкар Людміла Сільвановіч.
— А зараз — пра паездку…
— Наш калектыў увайшоў у склад дэлегацыі. Як вядома, Лепельшчына пасябравала з Мелякескім раёнам Ульянаўскай вобласці Расіі. Штогод дэлегацыі абменьваюцца візітамі. Вось сёлета запрасілі ў паездку і “Вяселіцу”.
— З творчых калектываў ездзілі вы адны?
— Не, яшчэ шэсць чалавек нам акампаніравалі — на цымбалах, дудзе, скрыпцы, бубне. З раённага Дома рамёстваў ткачыха ездзіла.
— Раскажыце, як даехалі, як прынялі, дзе былі, што пабачылі?
— Ехалі двое сутак. Вядома ж, амаль не спалі. Які ў дарозе, у аўтобусе, сон! Прынята лічыць, што адна з расійскіх бедаў — дарогі. Ну, калі параўнаць з нашымі, то, вядома, мы ў выйгрышы. Аднак зараз ужо сітуацыя з дарогамі там памянялася да лепшага — вядзецца суцэльны рамонт. Размясцілі нас у гасцініцы. Усе зручнасці, харчаванне выдатнае — і агародніны шмат было, і садавіны. Людзі ветлівыя, гасцінныя. Адным словам, заставалася толькі песні спяваць.
— Кажаце, гасцінныя, ветлівыя, а ў чым гэта праяўлялася?
— Ведаеце, асабліва гэта было бачна, калі мы паехалі даваць канцэрты па вёсках. Выступалі па-беларуску, але моўнага бар’ера ў нас з расіянамі ніякага не было. Наадварот, бабулькі падыходзілі бліжэй, любаваліся нашымі нацыянальнымі строямі і з настальгіяй уздыхалі: ”Вось і мы калісьці такія сукенкі, хусткі насілі”. Сардэчная цеплыня адчувалася ва ўсім і паўсюль: ці выступалі мы ў мэрыі, ці давалі канцэрты на вясковай сцэне. Сустракаліся з дзецьмі, на базе дзіцячых садкоў, дарэчы, сталаваліся ў паездках.
— Дзе яшчэ пабывалі?
— Былі ў Дзімітраўградзе, ва Ульянаўску. Наведалі Храм Раства Хрыстова мелякескай і чардаклінскай епархіі ў сяле Лябяжжа. У міжнародным цэнтры духоўнай культуры “Вясёлка” ў Дзімітраўградзе любаваліся фрэскамі і пейзажамі эпохі Адраджэння.
— Ці былі на Волзе?
— Абавязкова. Ульянаўск жа і Дзімітраўград знаходзяцца па розныя яе берагі. Ехалі па мосце, з якога адкрывалася цудоўная панарама. Пасля каталіся на цеплаходзе.
— Як жывуць расіяне?
— Ды па-рознаму жывуць. Часам едзеш, бачыш, здавалася б, і дом дыхтоўны, а ля брамы — непарадак, часам — наадварот. Усё ад чалавека залежыць.
— Ці прывезлі якія сувеніры з Расіі?
— Усім нам уручылі па майцы і кепцы з лагатыпамі краю, у якім мы гасцявалі. Аднак мне пашанцавала болей. Справа ў тым, што акурат на час паездкі выпаў мой дзень нараджэння. І я была прыемна здзіўлена, калі незнаёмыя людзі павіншавалі мяне, падарылі вазоны з жывымі кветкамі герберамі, гадзіннік-свяцільню, вазы для садавіны.
Гутарыў Уладзімір МІХНО.
На здымку: выступленне “Вяселіцы” на сцэне ў Расіі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>