Упэўненыя крокі

Изображение456456456 058Па выніках агляду-конкурсу на лепшае добраўпарадкаванне, азеляненне і ўтрыманне прылеглых тэрыторый сярод суб’ектаў гаспадарання нашага горада другое месца прысуджана Лепельскаму камунальнаму рамонтна-будаўнічаму ўнітарнаму прадпрыемству “Будаўнік”.
Прыемнае ўражанне пакідае пафарбаваная жалезабетонная агароджа, уздоўж якой разбіты невялікі сквер з разнастайных дрэў. Сярод іх прыгожа выдзяляецца роўны рад высаджанай туі.

На самой жа вытворчай тэрыторыі таксама пануюць чысціня і парадак. Сёлета толькі на яе асфальтаванне было накіравана 160 млн рублёў уласных сродкаў працоўнага калектыву. На асфальтабетонным пакрыцці зроблена разметка месцаў для стаянак асабістых аўтамашын работнікаў і вытворчай тэхнікі. Добраўпарадкаваны адміністрацыйны будынак, гаражы, сталярны цэх, месцы для выканання зварачных работ і сушкі драўляных дошак, склад запасных частак і нават вытворчасць, дзе вырабляюцца фундаментныя блокі.
На прадпрыемстве ўжо ўключылі аўтаномную сістэму ацяплення, аснову якой складае паравы кацёл, дзе спальваецца пілавінне, іншыя драўнінныя рэшткі. У памяшканнях цёпла і ўтульна.
— Добраўпарадкаванню, стварэнню належных умоў для працы і адпачынку на базе прадпрыемства і на будаўнічых аб’ектах удзяляем асаблівую ўвагу, — адзначыў дырэктар ЛКРБУП “Будаўнік” Леанід Хацкевіч. — Гэта павышае прадукцыйнасць працы, дысцыплінуе людзей, узнімае ім настрой, змяншае колькасць захворванняў з часовай стратай працаздольнасці.
Сёлета зрабілі трохметровую металічную агароджу вакол гарадскога стадыёна. Адрамантавалі трыбуны спартыўнага аб’екта, у тым ліку ўстанавілі пластыкавыя сядзенні з усходняга боку. Абуладкоўваем стаянку аўтатранспарту каля стадыёна з заездам на яе з вуліцы Войкава. Будуем тэністы корт каля раённага фізкультурна-аздараўленчага цэнтра.
Ужо ўзвялі з аднаго боку штыкетны плот у вёсцы Юркоўшчына, да канца года мяркуем пабудаваць яго на ўсім працягу населенага пункта.
Напярэдадні пачатку новага навучальнага года абнеслі прыгожай агароджай тэрыторыю Домжарыцкай сярэдняй школы, рамантуем будынак Старалядненскага дзіцячага сада. Выйгралі тэндар на выкананне капітальнага рамонту сярэдняй школы №3 горада Лепеля.
Будуем два жылыя дамы ў СВК “Лядна”. Ужо зрабілі фундаменты, прыступілі да ўзвядзення сцен.
Сёлета ўжо знеслі тры збуцвелыя дамы ў вёсцы Рожна Домжарыцкага сельсавета, адзін — у Пышнянскім, на чарзе — знос яшчэ двух такіх дамоў.
Абуладкоўваем малочнатаварную ферму ў Чарэйшчыне.
— Даводзіце да ладу і помнікі загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны воінаў і партызанаў, мірных жыхароў…
— Гэта пачэсны абавязак усіх нас, асабліва перад знамянальнай датай — 70-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, якое будзе адзначацца ў будучым годзе. Тым больш, што гэта звязана і з асабістымі прычынамі. Я сын аднаго з тых некалькіх мясцовых жыхароў, якія цудам выратаваліся ад гібелі ў час бязлітаснага знішчэння фашыстамі мірнага насельніцтва вёскі Стайчаўка. Гэты населены пункт не аднавіўся ў пасляваенны час і прадстаўлены ў мемарыяльным комплексе Хатынь. Стайчаўка знаходзілася на адлегласці некалькіх кіламетраў ад вёскі Аношкі.
Раніцай таго дня мой бацька Пётр Хацкевіч, яго маці Матрона Хацкевіч пазбеглі трагічнага фіналу…
Сёлета ўжо адрамантавалі помнік загінулых воінаў і партызанаў у вёсцы Суша, займаемся абуладкаваннем падобнага помніка ў аграгарадку Камень. Давялі да ладу помнік у вёсцы Кветча, дзе ў гады Вялікай Айчыннай вайны была партызанская зона. На чарзе — рамонт помніка ў вёсцы Саўскі Бор.
— Які аб’ём будаўніча-мантажных работ ужо выканалі з пачатку бягучага года?
— На агульную суму тры мільярды 480 мільёнаў рублёў.
Мікалай ГАРБАЧОЎ.
На здымку: за занятае ЛКРБУП “Будаўнік” другое месца на аглядзе-конкурсе па добраўпарадкаванні дыплом райвыканкама і каштоўны падарунак атрымоўвае дырэктар прадпрыемства Леанід Хацкевіч.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>