У раённым выканаўчым камітэце

Чакаемы тэмп росту валавой прадукцыі ў сельскагаспадарчых арганізацыях раёна за 2011 — 2013 гады складзе 119 працэнтаў пры заданні 133. Валавой прадукцыі ў вартасным выражэнні выраблена за справаздачны перыяд рэалізацыі Праграмы на суму 531 млрд рублёў. Пры заданні 3,0 — 3,5 працэнта штогод рэнтабельнасць продажаў сельгаспрадукцыі склала ў 2011 годзе 7,5 працэнта, У 2012 — 6,0, за сем месяцаў 2013 — тры працэнты.

У жывёлагадоўлі выраблена валавой прадукцыі на 358 млрд рублёў, у раслінаводстве — на 173 млрд. Найбольшы тэмп росту валавой прадукцыі за 2 гады і 8 месяцаў 2013 г. дасягнуты ў цэху па вырошчванні куранят-бройлераў СТАА «Вітканпрадукт» — 161,9 працэнта, філіяле “Дражна» ЗАТ «Віцебскаграпрадукт» — 127,2, СВФ «Заазер’е» — 119,6, ААТ «Лядна» —107,4.
Заданне праграмы па вытворчасці збожжа за 2011 — 2013 гады рэалізавана на 61 працэнт, насення рапсу — 35, бульбы — 31,5, па вытворчасці малака — 83,3, вырошчванні жывёлы — на 129,7 працэнта.
У рамках Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна на 2011 — 2015 гады ўведзена ў эксплуатацыю першая чарга новай малочнатаварнай фермы «Цаліна» ў ААТ «Лепельаграсэрвіс», у 2012 годзе рэканструяваны восем малочнатаварных фермаў, у верасні 2013 года плануецца ўвод у эксплуатацыю другой чаргі МТФ «Цаліна», а таксама будзе прадоўжана рэканструкцыя і будаўніцтва з устаноўкай робатаў у чатырох сельскагаспадарчых арганізацыях (ААТ «Лядна», СВФ «Заазер’е» ААТ «Лепельскі МКК», КУВСГП «Лепельскае» і КУВСГП «Баброва»), а ў чатырох гаспадарках — даільных залаў (ААТ «Ладасна», ААТ «Чарэйшчына», ААТ «Лепельаграсэрвіс», СВП «Пражэктар» РУВП «Віцебскхлебпрам»).
Адзначана недастатковая работа кіраўнікоў сельскагаспадарчых арганiзацый у частцы выканання заданняў праграмы па вытворчасці збожжа, рапсу, бульбы, малака і прадукцыі вырошчвання буйной рагатай жывёлы.
Кіраўнікі сельгасарганізацый абавязаны прыняць дадатковыя меры па павелічэнні аб’ёмаў вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі ў зімовы стойлавы перыяд 2013 — 2014 гг., забяспечыўшы прырост вытворчасці малака на 16,7%, прадукцыі вырошчвання буйной рагатай жывёлы на 9,7.

Турызм — дадатковая крыніца даходаў бюджэту. Жыхары далёкага замежжа аддаюць перавагу так званым “зялёным маршрутам”. Іх цікавяць не кранутыя цывілізацыяй куточкі жывой прыроды. Лепельскі край багаты і на такія ўгоддзі. Аб рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы развіцця турызму ў Рэспубліцы Беларусь на 2011 — 2015 гады на Лепельшчыне вялася дэталёвая размова на пасяджэнні райвыканкама. На тэрыторыі раёна функцыянуюць аб’екты прыдарожнага сэрвісу на трасе М3 Мінск — Віцебск. Запатрабаваны паслугі ўстановы аховы здароўя «Лепельскі ваенны санаторый Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь», камунальнага ўнітарнага прадпрыемства «Дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр «Жамчужына», ТАА пансіяната «ЛАДЭ», паляўнічых домікаў дзяржаўнай лесагаспадарчай установы «Лепельскі лясгас», ТАА паляўнічай гаспадаркі «Заранка», дзяржаўнай прыродаахоўнай установы «Бярэзінскі біясферны запаведнік», гасцінічных комплексаў «Плаўна», «Сергуч» ГПУ «Бярэзінскі біясферны запаведнік». Працуе больш за 20 аграсядзіб: рэалізуецца міжнародны праект «Вада, прырода і людзі ў знікаючым ландшафце».

Прадугледжаны захады па нарошчванні турыстычнага патэнцыялу рэгіёна.

На 1 верасня 2013 года ў прадпрыемстваў камунальнай уласнасці раёна не выкарыстоўваецца 65 аб’ектаў нерухомасці, з іх 42 аб’яднаны ў 20 лотаў і ўключаны ў Пералiк невыкарыстоўваемай і неэфектыўна выкарыстоўваемай маёмасці, якая знаходзіцца ва ўласнасці Віцебскай вобласці і яе адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, і 23 аб’екты — у каляндарны графік уключэння ў гаспадарчы абарот дзяржаўнай маёмасці (уласнасць Лепельскага раёна).
Абвешчаны аўкцыёны па трох лотах Пераліку, па дзевяці пакеты дакументаў знаходзяцца ў Фондзе «Віцебскаблмаёмасць», з іх пяць гатовыя да продажу.
Выкананне гадавога задання па графіку складае 30,4 працэнта, заданні дзевяцімесяцаў — 58,3.
Раённы выканаўчы камітэт абавязаў кіраўнікоў адпаведных суб’ектаў гаспадарання забяспечыць выкананне Пераліку невыкарыстоўваемай і неэфектыўна выкарыстоўваемай маёмасці, якая знаходзіцца ва ўласнасці Віцебскай вобласці і яе адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, і каляндарнага графіка ўключэння ў гаспадарчы абарот дзяржаўнай маёмасці, якая знаходзіцца ва ўласнасці Лепельскага раёна да 1 лістапада 2013 года.

На падставе пункта 7 Палажэння аб парадку арганізацыі і ўмовах правядзення грамадскіх работ, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 23 снежня 2006 года №1716 вырашана зацвердзіць мінімальную колькасць рабочых дзён для ўдзелу беспрацоўных у аплачваемых грамадскіх работах: кастрычнік — пяць дзён, лістапад — тры, снежань — тры працоўныя дні.

Усталяваць для беспрацоўных у чацвертым квартале 2013 года нормы здачы другаснай сыравіны ў наступных памерах: прыраўняць да аднаго дня ўдзелу беспрацоўнага ў аплачваемых грамадскіх работах збор і здачу чатырох кілаграмаў макулатуры або двух кілаграмаў рыззя.
Уладзімір ШАЎЧЭНКА.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>