Будзе новая АЗС

IMG_1740На ўездзе ў Лепель поўным ходам вядзецца рэканструкцыя аўтазаправачнай станцыі “Белнафтахіму”. Работнікі прадпрыемства “Прамэнергабуд” працуюць нават па суботах, каб паспець здаць аб’ект у тэрмін.
Фактычна АЗС будуецца з нуля, усе ранейшыя пабудовы знесены. Замест старых ёмістасцяў для паліва закладзены новыя, кожная можа змясціць па 50 кубаметраў. Ад вуліцы Чуйкова ў грунт змяшчаюцца дзве ёмістасці па 100 кубаметраў.

Іх прызначэнне — ахова ад пажараў. Яны будуць запоўнены вадой. У выпадку надзвычайнай сітуацыі пажарная машына зможа браць ваду адтуль для тушэння.
Замест старога будынка ўзводзіцца новы па сучасных энергазберагальных тэхналогіях. Аўтакран грузападымальнасцю 25 тон лёгка ўзносіць і апускае дакладна на месца важкія паддоны з цэглай, начоўкі з цэментным растворам, трывалыя рыштаванні. Тэхніка імпартная, кітайскай вытворчасці. Кранаўшчык сцвярджае, што па камфорце, вытворчай магутнасці ні ў якое параўнанне не ідзе з ранейшымі ўзорамі.
Асабліва цікава назіраць за прыгатаваннем і падачай цэментнага раствору і бетону. Для гэтага на будоўлі задзейнічаны аўтабетоназмешвальнік італьянскай вытворчасці. Машына сама загружае ў сябе цэмент, жвір, сама запраўляецца вадой, размешвае. Прычым прапорцыя кампанентаў строга вытрымліваецца ўманціраванымі вагамі. Потым пад’язджае на патрэбнае месца і выгружае ў аўтаматычным рэжыме. Кіруе ўсім працэсам аператар Руслан Мельянцоў.
— За змену выдае дзясяткі тон раствору. Вось сёння абуладкуем бетонам пажарныя ёмістасці, а заўтра мне прадстаіць дарога. Пад Наваполацкам будуем яшчэ адну запраўку. Там падыходзіць этап работ, калі трэба шмат бетону.
— А тут без вас як?
— Тут бліжэйшая праца — узвядзенне сцен, для чаго раствор патрэбен у значна меншых аб’ёмах. Для яго прыгатавання дастаткова звычайнай растворамяшалкі, якая, дарэчы, вунь стаіць.
Далейшую размову вяду з прарабам Валянцінам Голясам.
— Паспееце здаць аб’ект у тэрмін?
— Калі субпадрадчыкі не падвядуць, то здадзім у тэрмін. На Новы год лепяльчане заправяць свае машыны на новых тэрміналах. Дарэчы, у праекце будоўлі прадугледжана ўзвядзенне асобнага тэрміналу для запраўкі бензавозаў. Там яны змогуць заліць паліва і везці яго на прадпрыемствы, не замінаючы астатнім. Думаю, што пасля рэканструкцыі гэта АЗС стане першым нумарам па аснашчанасці і папулярнасці.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: будоўля ідзе поўным ходам.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>