Альтанка запрашае спыніцца

У аграгарадку Баброва сёлета на ўездзе ўстаноўлены два сталы, зладкаваны чатыры лаўкі і пабудавана прыгожая альтанка. Яны размясціліся побач з невялікай прыдарожнай сажалкай. Непадалёк знаходзіцца і магазін спажывецкай кааперацыі, у якім можна набыць як прадукты харчавання, так і тавары першай неабходнасці прамысловай вытворчасці.

Вясковыя святы

Традыцыйным ужо стала правядзенне ў сельсавеце святаў вёсак і вуліц, на якіх вядзецца гаворка аб заслужаных людзях, ветэранах сельскагаспадарчай вытворчасці і сацыяльнай сферы, аб моладзі, якая паказвае прыклад у працы і асабістым жыцці.

Не абыходзяцца такія святы без папулярных песень, вясёлых забаў, іншых цікавых мерапрыемстваў. Так што ніхто на такіх святах не сумуе. Акрамя таго, аднавяскоўцы, якія пражываюць на адной вуліцы, у ходзе такога свята бліжэй знаёмяцца паміж сабой, дасягаюць большага ўзаемаразумення, вучацца цікава і з карысцю праводзіць вольны час. Дапамагаюць ім у гэтым супрацоўнікі мясцовага сельскага Дома культуры. Толькі летам прайшлі святы вёскі Батукалава і вуліцы Прыазёрная ў аграгарадку Баброва.

Даходныя аўкцыёны

Тэрыторыя сельсавета — гэта край блакітных азёр і іншых непаўторных па прыгажосці навакольных прыродных краявідаў. Жыхары Мінска і іншых буйных гарадоў нашай краіны з задавальненнем набываюць тут зямельныя ўчасткі для пабудовы жылых дамоў. Летась адзін з такіх зямельных участкаў плошчай 15 сотак у вёсцы Гаравыя быў прададзены на аўкцыёне за 70 млн рублёў, а за два іншыя прыкладна такой жа плошчы ў вёсцы Заслаўкі іх цяперашнія гаспадары заплацілі адпаведна 40 і 10 млн рублёў. Аднак аўкцыён — справа непрадказальная, цэны на ім фарміруюцца на рыначных умовах і залежаць толькі ад наяўнасці рэальнага попыту ў канкрэтны час. Сёлета прададзены адзін участак у вёсцы Завадзіна за тры мільёны 150 тыс. рублёў.

Добраўпарадкаванне

Сёлета заасфальтавана частка вуліцы Школьная ў вёсцы Матырына і адрамантавана, падсыпана гравіем вуліца ў вёсцы Залессе. У Радуні зроблены ямачны рамонт вуліцы, пад’езд да грамадзянскіх могілак. На чарзе — абуладкаванне пад’езду да могілак у вёсцы Косцінка.
Летась была зроблена агароджа на могілках вёскі Батукалава, а сёлета яна пафарбавана. Зрэзаны аварыйныя дрэвы на могілках вёсак Загорцы і Астравы. Убіралася смецце з могілак вёсак Матырына, Ладзеена, Суша, Загорцы і Дзямешкава.

Адрамантаваны помнік

У вёсцы Суша адрамантаваны помнік загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны воінам і партызанам. Старая металічная агароджа заменена на новую, жалезабетонную. Абуладкаваны сам помнік і яго бліжэйшае наваколле, для чаго выкарыстаны сучасныя аддзелачныя матэрыялы, у тым ліку прыгожая будаўнічая плітка.
М. АЗЁРНЫ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>