Велеўшчынскія лідары

IMG_1731Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Сяргей Марціновіч паведаміў добрую навіну — малочнатаварная ферма СВП “Пражэктар” у Велеўшчыне прызнана пераможцай абласнога вытворчага спаборніцтва за ліпень. Адразу ўспомнілася, што калектыў ужо некалькі разоў уганароўваўся. Па словах Сяргея Арсеньевіча, загадчыца фермы Ларыса Садоўская паставіла перад калектывам мэту выбіцца ў лідары, і калектыў яе не падвёў.

І вось дэлегацыяй на чале з начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Васілём Чарэднікам едзем у Велеўшчыну ўручаць дыплом і падарунак.
Чытачу, напэўна, цікава ведаць, якія паказчыкі ўлічваліся пры вызначэнні пераможцаў. Штомесяц райкам прафсаюза работнікаў АПК збірае звесткі па ўсіх сельгасарганізацыях і скіроўвае ў абласны камітэт, дзе яны і апрацоўваюцца.
У ліпені на ферме ўтрымлівалася больш за 600 галоў буйной рагатай жывёлы, з іх 252 — дойныя каровы. Ад гэтага пагалоўя атрымана 168 тон малака, прырост да адпаведнага перыяду мінулага года склаў +63 працэнты. Удзельны надой на карову склаў 667 кілаграмаў, таварнасць прадукцыі — 87 працэнтаў, усё малако было прынята на перапрацоўку класам экстра. Усяго працоўны калектыў фермы налічвае 21 чалавека, з іх дзевяць — аператары машыннага даення.
Калісьці Велеўшчына была цэнтральнай сядзібай калгаса “Радзіма”. У выніку рэарганізацый калгас расфарміравалі, асноўныя фонды перадалі СВП “Пражэктар”. Даяркі атрымліваюць заробак да пяці мільёнаў рублёў, жывёлаводы — да трох.
У мінулым годзе на ферме была праведзена грунтоўная рэканструкцыя. Фактычна ад аб’екта засталіся толькі сцены. Дзе-нідзе нават і сцены былі знесены і ўзведзены нанава. Цалкам заменена тэхналагічнае абсталяванне: малакаправоды, халадзільнікі, электрыка, транспарцёры для выдалення гною. Мільярдныя ўкладанні паступова прыносяць свае станоўчыя вынікі — ферма з месяца ў месяц “плюсуе” па ўсіх паказчыках.
Не да канца ўкамплектаваным застаўся хіба што пакой адпачынку.
— У мінулыя разы мы дарылі насценныя гадзіннікі, наборы посуду, электрачайнік, — кажа Сяргей Марціновіч старшыні прафкама СВП “Пражэктар” Анжэле Стажык, — прадпрыемства таксама зрабіла шмат чаго для зручнасці працы, а вось для адпачынку… Памятаецца, апошнім разам дырэктар Станіслаў Раманенка абяцаў у пакой адпачынку набыць набор мэблі.
— На днях пералічваем грошы і прывозім.
Уручаючы ўзнагароду, Васіль Чарэднік зазначыў:
— Дзяржава ставіць задачу як мага больш даць валавой прадукцыі, максімальна павысіць таварнасць, рэнтабельнасць продажаў. У сённяшніх умовах да 80 працэнтаў выручкі гаспадаркі маюць за рэалізацыю малака. У раёне — 36 малочнатаварных фермаў. Калі б усе калектывы наблізіліся да вас па асноўных вытворчых паказчыках, наш раён, несумненна, стаў бы лепшым у вобласці, а магчыма, і ў рэспубліцы. Гэтыя дыплом і падарунак — падзяка за вашу самаадданую працу. Жадаю, каб і надалей вы не збаўлялі тэмпы, каб мы з вамі з такой добрай нагоды сустракаліся яшчэ шмат разоў.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: урачысты момант узнагароджання перадавікоў.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>