Па шляху мадэрнізацыі

Праз наш раён праходзіць важнейшая міжнародная аўтамагістраль Мінск — Віцебск, на якой назіраецца ажыўлены рух транспартных сродкаў практычна кругласутачна. На высокай хуткасці ў абодва бакі перамяшчаюцца не толькі легкавыя аўтамашыны, але і грузавыя, у тым ліку фуры міжнародных перавозак, якія дастаўляюць разнастайныя тавары з краін Еўрасаюза ў Расію і ў зваротным напрамку. Гэта прыводзіць да вялікай нагрузкі на асфальтавае палатно дарогі, яго пашкоджанняў. Абслугоўваннем транспартнай артэрыі, падтрыманнем яе ў належным стане займаецца ДЭУ-37.

 — У бягучым годзе толькі на шашы Мінск — Віцебск, на ўсім яе працягу ад мяжы Лагойскага раёна Мінскай вобласці ў ваколіцах Бягомля і да мяжы Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобласці ля Баброва, прыйшлося замяніць на 23 невялікіх участках асфальт па ўсёй шырыні праезнай часткі дарогі агульнай даўжынёй каля 2,5 кіламетра, — адзначыў начальнік ДЭУ-37 Ігар Архіпенка. — Кошт выканання гэтых рамонтных работ дасягнуў 1,9 млрд рублёў.

 Рабілі таксама паверхневую апрацоўку асфальтавага пакрыцця на 18,2 кіламетра аўтамагістраляў, якія ідуць з Лепеля на Полацк, Оршу, Докшыцы, іншых дарогах рэспубліканскага значэння. Для гэтага разлівалі на асфальтавае палатно шашы бітумную эмульсію і зверху засыпалі яе шчэбнем. Гэтым стваралі дадатковы слой на асфальтавым пакрыцці, які станавіўся больш  шурпаты, садзейнічалі лепшаму счапленню за асфальт колаў аўтамабіляў, павышалі бяспеку дарожнага руху.

 Усяго ДЭУ-37 толькі ў студзені — ліпені 2013 года зрабіла бягучы рамонт дарог на 9,5 млрд рублёў.

 — Які аб’ём работ выканалі сёлета па ўтрыманні ў належным стане транспартных магістраляў, у тым ліку ў зімовы перыяд?

 — Падсыпка дарожнага палатна пясчана-солевай сумессю, іншымі супрацьгалалёднымі матэрыяламі, ачыстка ад снегу, ямачны рамонт, афарбоўванне элементаў абуладкавання — прыдарожных павільёнаў, аўтобусных прыпынкаў, лавак на іх, скрынак для смецця, бардзюрнай агаро­джы, скошванне травы і выкананне іншых падобных работ склалі ў суме 16,7 млрд рублёў.

 — Ці плануецца ўзвядзенне новых аўтобусных прыпынкаў?

 — Да канца бягучага года мяркуем пабудаваць два новыя аўтобусныя прыпынкі каля дачнага пасёлка ў Жарсцвяніках і два падобныя прыпынкі павінны з’явіцца ў Пышне на дарозе, якая вядзе ў бок Докшыцаў.

 — Як ідзе падрыхтоўка да новага зімовага перыяду?

 — Перш за ўсё нарыхтоўваем належную колькасць пяску і солі, робім спецыяльныя супрацьгалалёдныя сумесі. На сёння іх ужо маецца трэць ад неабходнага. Усяго трэба назапасіць не менш за 14 тысяч.

 Вядзём мадэрнізацыю вытворчых магутнасцяў. Сёлета купілі новую 20-тонную аўтамашыну МАЗ. Пачалі працаваць на новай устаноўцы для ямачнага рамонту, якая дае высокія вытворчыя вынікі з меншымі фінансавымі затратамі. Набылі новыя сродкі малой механізацыі — кустарэзы, вібрапліту, нарэзчыкі швоў на асфальце і г. д.

 Да канца года купім яшчэ адну грузавую аўтамашыну МАЗ і пагрузчык.

 У студзені — ліпені эканомія гаруча-змазачных матэрыялаў, цеплавой і электрычнай энергіі склала каля сямі працэнтаў.

 — Якая агульная працягласць дарог рэспубліканскага значэння, якія абслугоўвае ДЭУ-37? Колькі для гэтага задзейнічана работнікаў?

 — Агульная даўжыня такіх дарог дасягае 452 кіламетры. Яны праходзяць па тэрыторыі не толькі Лепельскага, але і Докшыцкага, Ушацкага і Чашніцкага раёнаў. Каб забяспечыць за імі належны догляд і абуладкаванне, у нашай арганізацыі зараз працуюць 118 чалавек, у тым ліку 65 — у Лепелі. Для гэтага за­дзейнічаны тры лінейныя дарожныя дыстанцыі  ў Лепелі, па адной — у Чашніках, Ушачах і Бягомлі.

Мікалай ГАРБАЧОЎ.  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>