Новы заправачны комплекс

Мадэрнізацыя аўтазаправачнай станцыі на вуліцы Чуйкова была задумана даволі даўно, некалькі гадоў таму, аднак па розных прычынах адкладвалася. З месяц таму яна была зачынена і адгароджана.

Генеральным падрадчыкам выступае таварыства з абмежаванай адказнасцю “Прамэнергабуд” з Віцебска. Як расказаў галоўны інжынер прадпрыемства Аляксандр Пучкоўскі, плануецца цалкам перарабіць аб’ект, стварыць сучасны заправачны комплекс. Але пра ўсе па парадку.

 Старая запраўка, хоць і была вялікая, мела некалькі мінусаў, якія выклікалі нязручнасці для пакупнікоў. Калонкі стаялі ў рад. Як пад’едзе запраўляцца фура ці трактар з прычэпам, абавязкова дзве калонкі закрые, трэба іншым чакаць. А такая тэхніка не адну сотню літраў за раз залівае.

 Па-другое, сучасныя заправачныя комплексы маюць цэлы шлейф спадарожных тавараў і паслуг. На старой жа запраўцы ў асартыменце, акрамя палі­ва, былі некалькі дзясяткаў тавараў для аўтамабілістаў, прадукцыя прадпрыемстваў канцэрна “Белнафтахім” і безалкагольныя напоі ў халадзільніку.

 Адсталасць і праблемы запраўкі на Чуйкова сталі яшчэ больш кідацца ў вочы з пачаткам работы запраўкі “Лукойл” на Мінскай трасе ў раёне старога аэрадрома. Выгоды яе ацанілі вадзіцелі-дальнабойнікі: зручны пад’езд, адначасова працуюць шэсць калонак, ніхто нікому не замінае, разлічвацца не на вуліцы, а ў памяшканні крамы, дзе даволі вялікі пералік спадарожных тавараў як спецыфічна аўтамабільных, так і шырокага ўжытку.

 Праектам мадэрнізацыі прадугледжана пабудова некалькіх паралельных калонак, дзе можна будзе запраўляць машыны, не замінаючы адзін аднаму. Будзе пабудавана крама, невялікае кафэ, каля дваццаці пасадачных месцаў. Там можна будзе перакусіць.

 У ходзе мадэрнізацыі ад ранейшых пабудоў і канструкцый мала што застанецца. Работы плануецца завяршыць да Новага года. Аб’ём, вядома, вялікі, але ў спецыялістаў “Прамэнергабуда” ёсць вопыт. У прыватнасці, яны рэканструявалі запраўку за Бягомлем.

 Кажа Аляксандр Пучкоўскі:

 — Дрэнна, што завяршаць рэканструкцыю давядзецца зімой. Асноўны аб’ём будаўніча-мантажных работ завершым задоўга да гэтага, у цёплую пару, а вось з добраўпарадкаваннем прылеглай тэрыторыі, баюся, можам не паспець да снегу і маразоў. Тады яго давядзецца адкласці да вясны. Пры гэтым комплекс усё роўна будзе працаваць.

 Новаму комплексу патрэбна будзе большая тэрыторыя. У прыватнасці, ад гарадскога аўтадрома будзе адрэзаны ўчастак прыблізна 20 — 25 сотак, усе пытанні выдзялення прайшлі экспертызу.

Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>