Клопат і надзейная падтрымка

Першае пытанне павесткі дня сесіі раённага Савета дэпутатаў было прысвечана тэме “Аб стварэнні ўмоў па паляпшэнні ўзроўню і якасці жыцця ветэранаў, пажылых людзей і інвалідаў, задавальненні іх патрэб у сацыяльнай падтрымцы і сацыяльным абслугоўванні”.

Перад абмеркаваннем тэмы ўдзельнікі сесіі пабывалі ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Начальнік упраўлення Васіль Рававы падрабязна расказаў аб дзейнасці ўстановы, асноўных напрамках яе работы. Дэпутаты пазнаёміліся з арганізацыяй работы тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, аддзяленняў па аказанні адраснай сацыяльнай дапамогі, пярвічнага прыёму, аналізу, інфармацыі і прагназавання наведалі аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў, аддзяленне сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі г.д.

 Усебакова асвяціў тэму сацыяльнага абслугоў­вання ў сваім выступленні начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Васіль Рававы.

 Праграмы сацыяльнай падтрымкі паслядоўна рэалізуюцца з 1993 года з мэтай рашэння сацыяльных і іншых праблем ветэранаў, пажылых людзей і інвалідаў, прыняцця дадатковых мер, накіраваных на павышэнне якасці іх жыцця.

 Патрабуюць далейшага вырашэння пытанні паляпшэння дабрабыту ветэранаў, пажылых лю­дзей і інвалідаў, што ў канчатковым выніку дазваляе ўдасканальваць сістэму сацыяльнай работы з грамадзянамі, павышаць яе эфектыўнасць за лік умацавання адраснай накіраванасці.

 Клопат з боку дзяржавы адчуваюць адзінокія пажылыя людзі і адзінокія інваліды. Такія людзі пражываюць у аддзяленні кругласутачнага знаходжання састарэлых “Святліца” ў аграгарадку Камень. Аддзяленне разлічана на 60 ложка-месцаў. У цяперашні час тут пражываюць 48 чалавек.

 У дамы-інтэрнаты за 2012 год было накіравана дванаццаць чалавек, у бягучым го­дзе адпраўлены дакументы яшчэ на чатырох чалавек.

 Для пажылых людзей і інвалідаў, якія страцілі або часткова страцілі здольнасць да самаабслугоўвання, выдзелены 32 медыка-сацыяль­ных ложкі, размешчаныя ў бальніцы сястрынскага догляду ў аграгарадку Слабада (дзесяць месцаў), у бальніцы сястрынскага догляду ў вёсцы Пышна (15 ложкаў) і цэнтральнай раённай бальні­цы (сем). У бальніцах грамадзянам аказваецца дапамога медыцынскага характару. У цяперашні час не хапае медыка-сацыяль­ных ложкаў, а колькасць жадаючых з году ў год павялічваецца.

 У большасці выпадкаў пажылыя людзі адмоўна адносяцца да накіравання іх у стацыянарную ўстанову сацыяльнага абслугоўвання, аддаючы перавагу прывычнаму, хатняму побыту, зносі­нам з суседзямі, знаёмымі, роднымі. Надомнае сацыяль­нае абслугоўванне ў гэтым выпадку з’яўляецца найбольш прымальнай альтэрнатывай размяшчэння пажылога чалавека ў стацыянарныя сацыяльныя або медыцынскія ўстановы. Яно менш стратнае ў параўнанні са стацыянарнымі ўстановамі для бюджэту.

 У цяперашні час на абслугоўванні ў аддзяленні сацыяльнай дапамогі на даму знаходзіцца 430 чалавек.

 Акрамя гараджан, сацыяльныя работнікі наведваюць жыхароў 68 населеных пунк­таў раёна. Сярод іх 67 сельскіх населеных пунктаў, у тым ліку дзесяць аддаленых маланаселеных і восем аграгарадкоў.

 Сацыяльнымі работнікамі аказваюцца разавыя паслугі, якія не ўвахо­дзяць у пералік паслуг надомнага абслугоў­вання, па сацыяльна нізкіх цэнах. Аформлены дапамогі па доглядзе за 405 інвалідамі першай групы, асобамі, якія дасягнулі 80-гадовага ўзросту.

 У раёне выкарыстоўваюцца новыя сацыяльныя формы. Арганізаваны прыёмныя (гасцявыя) сем’і для грама­дзян пажылога ўзросту, якія прадугледжваюць догляд непрацаздольных людзей. Для сацыяльнага абслугоўвання жыхароў аддаленых маланаселеных пунктаў створана брыгада сацыяльнага абслугоў­вання на мабільнай аснове, функцыянуюць дзесяць сацыяльных пунктаў.

 Тэрытарыяльны цэнтр супрацоўнічае з Міжнародным дабрачынным грамадскім аб’яднаннем “Экадом” (Германія). У рамках сумеснага праекта 15 нямецкіх падлеткаў-валанцёраў ва ўзросце ад 14 да 16 год на працягу двух тыдняў з удзелам мясцовых школьнікаў рабілі дробны рамонт жылых памяшканняў адзінокіх пажылых людзей і выкарыстоў­валі матэрыялы, прывезеныя з Германіі. У 2012 годзе былі адрамантаваны дамы чацвярым адзінокім пажылым грамадзянам на агульную суму больш за 15 мільёнаў рублёў.

 З чацвёртага ліпеня мінулага года ў ТЦСАН створана аддзяленне тэрміновага сацыяль­нага абслугоўвання. У дадзены момант у аддзяленні працуюць тры сацыяль­ныя работнікі, якія аказваюць пенсіянерам сацыяльна-бытавыя паслугі разавага характару, і чатыры сядзелкі.

 Сёлета аказана 898 разавых платных сацыяльных паслуг на суму 5,1 мільёна рублёў. Для прадастаўлення платных транспартных паслуг у цэнтры ёсць два аўтамабілі. Пры яго дапамозе можна наведаць лячэбныя ўстановы, сацыяльныя пункты вобласці і раёна.

 Заключана 46 дагавораў на аказанне транспартных паслуг на агульную суму тры мільёны рублёў.

 З мэтай дапамогі ахвярам нацызму ў рамках праекта “Дапамога далёкая і блізкая” ў лютым было наладжана супрацоўніцтва з Міжнародным грамадскім аб’яднаннем “Узаемаразуменне” г. Мінска, якое аплачвае паслугі ся­дзелкі. Фондам “Узаемаразуменне” пералічана 12,1 мільёна рублёў.

 У аддзяленне звярнуліся ­адзінокія пенсіянеры для атрымання паслуг сядзелкі. Заработная плата работніцам выплачваецца са сродкаў раён­нага бюджэту. Выдаткавана 5,1 мільёна рублёў.

 З першага ліпеня 2012 года функцыянуе аддзяленне па аказанні адраснай сацыяльнай дапамогі. Са сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва матэрыяльная дапамога аказана 127 непрацаздольным грама­дзянам, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі (36,7 мільёна рублёў). Сёлета была аказана адрасная сацыяльная дапамога 12 пажылым грамадзянам і інвалідам  на агульную суму 29 мільёнаў рублёў.

 У бягучым годзе аказваецца новы від дапамогі — кампенсацыя затрат на набыццё падгузнікаў. Гэты від дапамогі прадастаўлены 49 грамадзянам на агульную суму 130,6 мільёна рублёў.

 На першага студзеня бягучага года ў раёне налічваецца адна тысяча 177 інвалідаў першай і другой груп, у тым ліку дзяцей-інвалідаў ва ўзросце да 18 год — 75, маладых інвалідаў да 31 года — 71 чалавек.

 З першага снежня 2009 года пачало сваю дзейнасць ад­дзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў, якое прызначана для садзеяння інвалідам у аднаўленні парушаных або страчаных у выніку захворвання навыкаў да самаабслугоўвання і падрыхтоўкі да самастойнага жыцця, развіцця і падтрымання ў інвалідаў навыкаў паводзін, самакантролю, зносін, набытых  у цэнтрах карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, а таксама карыстання тэхнічнымі сродкамі рэабілітацыі і г.д.

 Пры аддзяленні ёсць пакоі фізічнай і сацыяльна-бытавой рэабілітацыі, камп’ютарны клас. Арганізавана работа шасці гурткоў: “Крыніца зда­роўя”, “Вясёлка”, “Паскаль”, “Ззянне душы”, “Калабок” і “Гаспадарыкі”. Сем’і, дзе выхоўваюцца дзеці-інваліды і маладыя інваліды, аб’ядноў­вае клуб “Аптыміст”. Для рэабілітацыі інвалідаў шляхам працоўнай тэрапіі арганізавана дзейнасць майстэрняў, дзе падлеткі сваімі рукамі вырабляюць суве­ніры, займаюцца раслінаводствам. Інваліды, якія цалкам страцілі здольнасць да самаабслугоў­вання і самастойнага руху, а таксама з цяжкімі эмацыйнымі парушэннямі, у якіх назіраюцца розныя формы агрэсіі, крык і іншыя праяўленні дэструктыўных паводзін, могуць атрымліваць разавыя сацыяльныя паслугі на даму, а ў перыяды без абвастрэнняў — наведваць разавыя мерапрыемствы, якія праводзяцца ў тэрытарыяльным цэнтры. Маладыя інваліды з задавальненнем удзельнічаюць у шэрагу мерапрыемстваў, якія праводзяцца сумесна з ад­дзелам ідэалогіі, культуры, спорту і турызму і г.д.

 Аддзяленне прадастаўляе паслугу “сацыяльнага адпачынку” бацькам або законным прадстаўнікам, якія даглядаюць людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Гэта паслуга дапамагае планаваць свабодны час бацькам, законным прадстаўнікам для вырашэння іх асабістых спраў шляхам арганізацыі вольнага часу інвалідаў на гэты час спецыялістамі цэнтра.

 З сакавіка бягучага года зацверджаны сумесны праект з раённай арганізацыяй ГА Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа “Добрыя традыцыі”. Праект накіраваны на паляпшэнне якасці жыцця пажылых людзей, а яго мэта — развіццё партнёрства пакаленняў па арганізацыі ўзаемадапамогі і адпачынку асобамі пенсійнага ўзросту і маладымі інвалідамі. І пажылыя, і моладзь з задавальненнем прымаюць удзел у культурна-масавых і спартыўна-аздараўленчых мерапрыемствах. Аказваецца валанцёрская дапамога пажылым людзям, у тым ліку інвалідам па зроку. Пажылыя людзі, інваліды развіваюць свае творчыя здольнасці, займаюцца ў гуртку дэкаратыўна-прыкладной творчасці.

 У цяперашні час аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў пастаянна наведвае 34 чалавекі.

 На будучае плануецца пашырэнне аддзялення, дзе, акрамя работы гурткоў, будуць створаны пакоі рэлаксацыі, для прыгатавання і прыёму ежы, асобнае памяшканне для працоўнай майстэрні. Будзе таксама абсталявана пляцоўка для заняткаў фізкультурай і спортам. Прымаюцца меры па перадачы аддзяленню асобнага будынка, размешчанага па вул. Данукалава, д. 12.

 Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоў­вання насельніцтва аказвае платныя паслугі па прадастаўленні сродкаў рэабілітацыі (мыліцы, трысціны, хадункі) для асоб пенсійнага ўзросту і інвалідаў. Па сацыяльна нізкіх цэнах аказваюцца паслугі пракату. Тарыф прадастаўлення паслугі складае ад 750 да 1500 рублёў. Такая паслуга запатрабавана насельніцтвам. Для забеспячэння ўсіх жадаючых грамадзян неабходна набыць 16 адзінак сродкаў рэабілітацыі. Гэта патрабуе дадатковыя сродкі ў памеры сем мільёнаў рублёў.

 Кожны квартал медыцынскія работнікі амбулаторна-паліклінічнага аддзялення ажыццяўляюць актыўны патранаж інвалідаў першай групы і дзяцей-інвалідаў трэцяй — чацвёртай ступеняў страты здароўя. За мінулы год праведзена 912 наведванняў на даму. Курсы рэабілітацыі гэтай катэгорыі грамадзян праводзяцца шляхам арганізацыі стацыянара на даму.

 З мэтай павышэння якасці лячэбных і рэабі­літацыйных мерапрыемстваў праведзены капітальны рамонт водалячэбніцы, масажнага кабінета. Водалячэбніца аснашчана дзвюма ваннамі, набыты кедравая бочка, механічнае масажнае крэсла, два інгалятары небулайзернага тыпу, а таксама чатыры механічныя трэнажоры.

 Рашэннем райвыканкама штогод устанаўліваецца браніраванне рабочых месцаў для інвалідаў. У адпаведнасці з улікам рэкамендацый медыка-рэабілітацыйных экспертных камісій у 2012 годзе працаўладкавана на забраніраваныя рабочыя месцы чатыры чалавекі.

 У сваім выступленні Васіль Рававы таксама падрабязна расказаў аб шэрагу іншых мерапрыемстваў па дзяржаўнай падтрымцы інвалідаў, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і цесным супрацоўніцтве ў гэтым накірунку з іншымі арганізацыямі.

 У час работы сесіі былі разгледжаны і іншыя важныя пытанні, па кожным з якіх прынята адпаведнае рашэнне.

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>