На ўскрайку поля

314“Пяць камбайнаў КУВСГП “Лепельскае” знаходзяцца на полі за вёскай Падымхі”, — паведамілі нам у дыспетчарскай прадпрыемства, туды і скіравалася рэдакцыйная машына. Праехаўшы яе, убачылі невясёлую карціну: на ўскраіне вёскі стаялі камбайны і МАЗ, тры легкавікі, а мужчыны размясціліся побач, пад дубам, на складзеных дошках.
Далей раскінулася жытнёвае поле. З аднаго боку збажына была зжатая, салома ў валках, з другога — стаяла дружнай сцяной, пера-лівалася хвалямі. Камбайны без руху стаяць напагатове другі дзень, прычына адна — непагадзь. Справа ў тым, што ў дажджлівае надвор’е працаваць на полі нельга.

Па-першае, рэжучы апарат жняярак дрэнна зразае сцяблы збажыны, а калі яшчэ і трава трапляецца — увогуле, бяда. Па-другое, каласы чыста не вымалочваюцца, узрастаюць страты. Смеццем, вільготным насеннем траў забіваюцца абмалотныя механізмы камбайна, што таксама спрыяе стратам. Зерне ў выніку атрымліваецца занадта вільготнае, каб давесці яго да патрэбнай кандыцыі, трэба выкарыстаць зашмат паліва.
— Заўчора мы паспелі выхапіць некалькі сонечных гадзін, — расказваюць суразмоўцы, — у шэсць камбайнаў (адзін цяпер пераведзены на абмалот насенных траў) зжалі больш за 30 гектараў. Пачалі ад дарогі, тут пясочак, глеба і пасевы былі сухія. Потым пераехалі на меліяраваныя ўчасткі, там калісьці было балота. Стала трапляцца пустазелле. А пад канец, як на бяду, заімжыў дробны дожджычак. Ледзьве змаглі закончыць пачатую загонку. Нам потым расказвалі аператары сушылкі, што спачатку да іх паступала зерне вільгаццю 24–28 працэнтаў, кожную машыну яны правяраюць вільгацемерам. А на зерні апошніх машын апарат зашкаліў, паказчык значна перавышаў 30%.
Ужо другі дзень камбайнеры працуюць у рэжыме чакання. Хаця працай гэта назваць можна з нацяжкай. Абед прывозяць своечасова, дык мужчыны смяюцца, маўляў, пагадзінным налічэннем за дзень мы і гэты абед не акупім, яшчэ і ў даўжніках застанемся. Недасведчаны чалавек у запале можа сказаць, што час трэба выкарыстаць, каб камбайны адрамантаваць, давесці да ладу. Такім адкажам, што тэхніка адрамантавана і адрэгулявана даўно, яшчэ да выхаду ў поле, Зажынак. Пасля працы пад даж-джом мужчыны вычышчалі тэхніку, больш дзвюх гадзін корпаліся ў абмалотных механізмах — груды смецця ляжаць. Як толькі будзе пададзена каманда, усе адразу ўрэжуцца ў хлебны масіў.
У фальклоры ёсць прымаўка: “Наслаў бог аблачынку селяніну для адпачынку”. Аднак камбайнерам надакучыла адпачываць, ураджай, збажына кліча. Тым больш, што плошчы ў “Лепельскім” пад жніво немалыя — пад дзве тысячы гектараў.
Кожны працоўны дзень у праўленні “Лепельскага”, як, дарэчы, і ў іншых сельгасарганізацыях, пачынаецца са знаёмства з прагнозам надвор’я. Кіраўнікі, спецыялісты, механізатары глядзяць яго з трывогай і надзеяй.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: камбайнеры ў чаканні.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>