“Другі хлеб”

Пад бульбу ў дзяржаўнай установе “Лепельская сортавыпрабавальная станцыя” сёлета выдзелены 35 гектараў. Пра вырошчванне культуры гутарым з галоўным аграномам гаспадаркі Вольгай Петуховай.
— Вольга Дзмітрыеўна, якія сарты вырошчваеце?
— У мінулыя гады мы аддавалі перавагу сартам сярэднім і сярэдне-познім, такім, як вяснянка. Пастаўлена новая задача — культывацыя, выпрабаванне сартоў ранняга выспявання, сярэдне-ранняга. Да першых адносяцца “лілея”, “уладар”. Таксама вырошчваем сярэдне-ранні “брыз”. Усе гэтыя сарты — беларускай селекцыі. Яшчэ трошкі ёсць “скарбу”.
— Вырошчванне бульбы патрабуе дакладнага выканання агратэхналогіі…

— На пачатковым этапе выбраны патрэбныя ўчасткі, праведзена падрыхтоўка глебы. Унеслі арганіку з разліку 45 тон на гектар, фосфарныя і калійныя ўгнаенні. Пасля пасадкі падсілкоўваем азотнымі. Пасадку завяршылі ў аптымальныя тэрміны, у глебе дастаткова вільгаці, каб парасткі дружна ўзыходзілі.
— Адвечныя ворагі бульбы — каларадскі жук і фітафтора. Як змагаецеся супраць іх?
— Традыцыйнымі спосабамі — апырскваннем спецыяльнымі прэпаратамі. Апрацоўкі пачнём, як толькі самкнуцца кусты бульбы ў градках.
— Наступны этап — праполка…
— Правільна. Без барацьбы супраць пустазелля немагчыма дабіцца добрага ўраджаю. У гэтай справе выкарыстоўваем як механічныя метады — баранаванне, акучванне, так і хімпраполку. Спецпрэпараты таксама закуплены пад патрэбу. Маем апырсквальнік ОП-2000, ААТ “Ладасна” выдзеліла нам свой новы агрэгат ОП-2500.
— Хто з работнікаў асабліва вызначыўся на пасадцы і апрацоўцы “другога хлеба”?
— Віктар Семянько — механізатар з багатым стажам. На ім уся праца па вырошчванні бульбы — ад пасадкі да ўборкі. Гэты працаўнік ведае ўсе палеткі, дзе якія вымачкі, дзе бульба будзе лепш расці, а дзе — горш. Яму не трэба растлумачваць задачу, сам ведае сваю справу “ад” і “да”.
— У мінулым годзе прайшло паведамленне пра выяўленне ў сартастанцыі небяспечнай хваробы — бактэрыяльнай кальцавой гнілі бульбы. Якія меры прымаюцца зараз?
— Гэты інцыдэнт быў вельмі непрыемны, скажам мякка. З аднаго боку, сартастанцыя панесла адчувальныя матэрыяльныя страты. Дзясяткі тон бульбы, якую меркавалася рэалізаваць як элітнае насенне, давялося проста ўтылізаваць. А на яе вырошчванне былі затрачаны матэрыяльныя сродкі… Па-другое, падобныя інцыдэнты выяўлены не толькі ў нас, а і на сартастанцыях па ўсёй вобласці. Аказалася, што прычына — у насенні ад аднаго брэсцкага пастаўшчыка, які выдзяляў насенне.
Зараз пераключыліся на вырошчванне ранніх і сярэдне-ранніх сартоў. Палеткі, дзе летась вырошчвалася заражаная вяснянка, на тры гады ўзяты на каранцін, на іх не будуць вырошчвацца клубневыя. Уся тэхніка, складскія памяшканні, якія кантактавалі з заражаным матэрыялам, апрацаваны спецыяльнымі прэпаратамі — растворам вапны з дабаўленнем хлоркі. І цяпер перад кожным новым сортам саджалкі, транспартныя машыны апрацоўваліся растворам. Так што гэтай заразе мы паставілі надзейную заслону.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>