Па зніжаных цэнах

Скончылася вясна. Падводзіць вынікі вясенняга сезона і дзеліцца планамі на летні перыяд дырэктар філіяла “Кааппрамгандаль” раённага спажывецкага таварыства Марына Дзядзюра.

Марына Пятроўна, як ідзе гандаль сёлета?

 — За чатыры месяцы тэмпы рознічнага таваразвароту склалі 106,7 працэнта, у грашовым выражэнні — пяць мільярдаў сто восемдзесят восем з паловай мільёнаў рублёў.

 — Спрацавалі быццам бы няблага…

 — Яно так, але і не зусім, калі ўлічыць, што нам сёлета былі перададзены яшчэ два магазіны “Усё для дома”.

Рэшткі тавараў на прылаўках — на суму 7 мільярдаў 265 мільёнаў рублёў. Гэта лічба на першага мая, яна роўная 167 дням таваразвароту пры норме 60 дзён.

 — Якія меры прымаеце для рэалізацыі рэшткаў тавараў?

 — Праводзім усемагчымыя акцыі, у чым нам дапамагаюць і вытворцы. Напрыклад, Мінская швейная фабрыка “Элема” прадае свой тавар са зніжкамі на трыццаць працэнтаў да канца мая. Гэта ў асноўным вясенні асартымент  (курткі, плашчы і г.д.). Крыху раней па зніжаных цэнах адпускала тавар Салігорская фабрыка “Калінка”. Часта ўцэньвае тавары і Мінскі Цэнтр моды.

 — Ці практыкуеце яшчэ якія формы рэа­лізацыі тавараў па зніжаных цэнах?

 — Адна з такіх формаў — рэа­лізацыя тавараў поўнапайшчыкам па льготных цэнах. Гэтая катэгорыя пакупнікоў набывае тавары са зніжкай 16,67 працэнта, на дзіцячы асартымент зніжка складае 9,09 працэнта.

 — Як выкарыстоўваюцца гэтыя грошы?

 — Яны ідуць на развіццё спажывецкай кааперацыі, дакладней — на папаўненне яе ўласных зваротных сродкаў.

 — У якіх магазінах пайшчыкі могуць набываць тавары?

 — У Лепелі — у магазінах “Усё для дома”, “Універмаг”, “Будматэрыялы”, “Мэбля”, “Майстар”, “Родны кут”, а таксама ў прамтаварных магазінах Каменя, Заслонава.

 — Але ж “Родны кут” — магазін прадуктовы.

 — На прадуктовыя тавары зніжка крыху іншая — ад дзевяці да шаснаццаці працэнтаў, з улікам падатку на дадатковы кошт.

 — Ці практыкуеце абмен заляжалага асартыменту на навейшы?

 — Так. Сёлета заменена асартыменту на іншы, сезонны, на суму 560 мільёнаў рублёў. У асноўным гэта швейныя вырабы, нерэалізаваныя цягам дзевяноста дзён.

 — Як гандаль падрыхтаваўся да летняга сезона?

 — Закупілі вырабаў з ільну на суму 110 мільёнаў рублёў, карыстаюцца попытам тэкстыль, пасцельная бя­лізна. Летам бываюць запатрабаваныя таксама тавары для заняткаў спортам і турызмам, розныя прэпараты ад камароў, мошак, мух і г.д. Такога тавару маем у дастатковай колькасці. У маі прадалі ўжо тры лодкі — дзве трохмесныя і адну двухмесную, каля дзясятка спальных мяхоў, пяць палатак.

 — Як забяспечаны прамысловымі таварамі вясковыя магазіны?

 — Асноўны асартымент штодзённага попыту — у дастатковай колькасці. Тавары ж, якія карыстаюцца меншым попытам, дзеля таго, каб яны там не заляжаліся, завозім па заказе.

 Гутарыў

Уладзімір МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>