Вяртанне

OLYMPUS DIGITAL CAMERAЦі не большая частка жыцця Марыі Перакольскай прайшла ў старане далёкай і чужой, хаця і нарадзілася яна на Лепельшчыне. Было што  параў­наць жанчыне з жыцця на радзіме і на чужыне. Праўда, шчырая руплівая праца аднолькава паважліва цанілася і там і тут. А дзе яна зведала болей гора, дык так проста і не адкажаш.
Марыя Сяргееўна яшчэ з таго пакалення, якое перажыло вайну.

Здавалася б, якія ўспаміны пра вайну могуць быць у дзяўчынкі, што нарадзілася ў трыццаць сёмым годзе. Аднак жа дзіцячыя вочы ярчэй бачаць, дзіцячы розум мацней запамінае і глыбей адкладвае ўражанні.

 Жылі ў Зацякляссі. Бацька пайшоў на фронт і не вярнуўся. Але ж маленькая Маня добра запомніла, як яны з мамай праводзілі тату на вайну. Пайшлі, а самалёты сталі бомбы скідваць, яны схаваліся пад мост, чакалі. Маня ніколі не бачыла бамбёжак, ёй было страшна і адначасова цікава, як уздрыгвала зямля… Пахавальная на бацьку прыйдзе пазней, Марыя Сяргееўна ўжо не памятае, ці то з Вялікіх Лук, ці то з Красных Лук. Кажа, што бацька быў у пяхоце і яго забіла падчас бамбёжкі.

 Маці засталася з трыма дочкамі. У Марыі дзве сястры — Надзея і Алена. Летам жылі ў балоце, на Кладках (мясціна такая ля Зацяклясся), у зямлянках. Хаця ў вёсцы стаяла іх хата, але баяліся, бо часта ўдзень наведваліся ў вёску немцы. Прыходзілі толькі садзіць агарод. І недарэмна баяліся, бо небяспека падпільноўвала на кожным кроку. Аднойчы, калі маці і цёця сышлі на агарод, а дзяцей пакінулі ў хаце, немцы распачалі бой з партызанамі. Дзеці страху нацярпеліся, думалі, мамы і цёткі ўжо няма, але — вярнуліся. А потым і зусім апынуліся на валаску ад смерці, калі падчас чарговага бою фашысты сагналі вяскоўцаў у шарэнгу ды нацэлілі кулямёт. Сказалі, калі хоць адзін немец загіне, усім “капут”. На шчасце, ніхто ў тым баі не загінуў, толькі аднаго партызана параніла.

 У партызаны з сям’і Кубараў (дзявочае прозвішча Марыі Сяргееўны) ніхто не пайшоў, але ж цётка Еўдакія гатавала ім ежу і часам нават вазіла параненых за лінію фронту, у партызанскую зону, пад Пышна.

 У сорак чацвёртым, нарэшце, выйшлі з балота, ішлі ў вёску, а па дарозе ляжала шмат забітых немцаў. Малая ніколі не бачыла забітых і ўсё пыталася ў маці, чаго гэта дзядзькі спяць на дарозе.

 У вёсцы засталася толькі адна хата, а на месцы астатніх  тырчэлі трубы ды коміны. Тое самае сталася і з іх хатай. Давялося зноў вяртацца ў зямлянку. Новую будавалі ўсім кагалам. Брат стрыечны дапамагаў. Цётка ўзяла пазыку. Рубілі зруб зусім маладыя хлопцы, амаль падлеткі. Будавалі год ці два, а пакуль з зямлянкі хадзіла Марыя ў школу, якая працавала ў іх вёсцы. Па заканчэнні сямігодкі дзядзька Іван забраў яе ў горад Загорск (цяпер Сергіеў Пасад), дзе дзяўчына вучылася ў фабрычна-завадскім вучылішчы, а пасля працавала на трыкатажнай фабрыцы імя Розы Люксембург.

 У пяцьдзясят восьмым  з Казахстана прыехаў другі дзядзька, таксама Іван, інвалід вайны першай групы. Вырашыла ехаць з ім у далёкі чужы край. Марыя Сяргееўна з усмешкай прызнаецца, што хацелася пакаштаваць казахскага вінаграду. Пакаштавала, але не салодкім было жыццё на чужыне. Пры Савецкім Саюзе, зрэшты, жылося няблага. Выйшла замуж за адстаўнога афіцэра Юрыя Перакольскага. Юрый Рыгоравіч выкладаў аўтасправу. Дзеці пайшлі: у пяцьдзясят дзявятым нарадзіўся Юра, праз два гады — Наташа. Больш як трыццаць гадоў працавала Марыя ў Казахстане майстрам у трыкатажным атэлье. Да працавітай жанчыны ставіліся там з павагай. Аднак усё надламілася пасля распаду Саюза. Усё больш варожасці стала вакол. А неяк у чарзе па бясконцыя дэфіцыты пажылая жанчына з мясцовых наўпрост параі­ла: ”З’язджаць вам трэба адсюль. Што вас тут трымае? Мы вас не зачэпім і дзеці нашы — таксама, а пра ўнукаў казаць не бяруся”. Што трымала? Наседжанае гняздо, хаця і ў чужых краях, хата, якую ўрэшце прадалі амаль за бясцэнак — і ўсё ж рызыкнулі ехаць. Хаця на той час муж, які, дарэчы, быў з мясцовых, ужо  цяжка захварэў.

 На Радзіме Марыя з сям’ёй часова спынілася ў Зацякляссі ў сястры. Тым часам купілі паўдома ў Лепелі з невялікім агаро­дзікам. Тут Марыя Сяргееўна і зараз жыве. Вяртанне на Радзіму, аднак, азмрочылася цэлай чарадой смерцяў блізкіх лю­дзей. Восьмага жніўня 1995 года прыехалі, а дваццаць пятага не стала мужа, у наступным годзе памерлі маці і свякроў. Пазней жа Марыя Сяргееўна страціла і дачку. Адолець такую жыццёвую навалу няпроста. Перажыць усё і паверыць у сябе дапамагаюць ёй сын Юрый, што працуе ў Лепелі тэлемайстрам, унучкі Алена і Кацярына, праўнучкі Са­фійка і Аляксандра. А яшчэ дапамагае родная зямля, у якой бабуля Марыя корпаецца да гэтага часу. На ўчастку ў яе растуць дзве яблынькі, кусты парэчак і агрэсту, маліна і клубніцы, морква, цыбуля, бульбачка. Хіба вінаград не вырошчвае, бо тут ён кіслы. Наелася салодкага ў Казахстане. Па падворку ходзяць курачкі. Родная зямля і душу грэе, і надае пажылой жанчыне сіл і прагі жыць.

 Міхась ВАЛОХА.

 На здымку: Марыя Перакольская.

 Фота аўтара.

Один комментарий для “Вяртанне

  • 12.03.2014 в 7:23 пп
    Permalink

    Тяжёлую жизнь прожила Мария Сергеевна, хотя об этом говорит она как -то вскользь.Её горе не сравнить с горем матери на руках которой были три дочери.Время военное, кормёжка от земли.Произвести её нужно матери, а тут немцам нужно отдать налог за землю и кормить партизан, которых в районе несчитано и дети просят есть .Вот где горе.Район освобождён ,жить негде,кто поможет дом построить, а сама строй.Матери и кредита не дают, пришлось взять его тёте,маминой сестре. Все тяготы войны вынесли на своих плечах женщины. Им и Слава! Дед всевед.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>