Палявы канвеер

Самая пара падсілкоў­ваць яравыя збожжавыя культуры пажыўнымі рэчывамі ды абараняць ад шкоднікаў, хвароб, пустазелля. Пра гэта гутарым з галоўным аграномам ДУ “Лепельская сортавыпрабавальная станцыя” Вольгай Петуховай.

— Вольга Дзмітрыеўна, які сёлета яравы клін сартастанцыі?

 — Пасяўныя плошчы адносна невялікія: 180 гектараў збожжавых, 50 — кукурузы, 35 — бульбы. Азімыя культуры пасеяны на 450 гектарах. Сартастанцыя галоўнай мае не вытворчую, а навуковую задачу — выпрабаванне і даследаванне сартоў ва ўмовах Віцебскай вобласці, раянаванне культур, забеспячэнне гаспадарак высакаякасным насеннем.

 — Выходзіць, у вас не так і шмат механізатараў?

 — Так, на тэхніцы працуюць восем чалавек, але кожны з іх — майстар сваёй справы. Анатоль Верасавы ў асноўным шчыруе на сортаўчастках, дзе вядуцца галоўныя навуковыя даследаванні. У яго распараджэнні малагабарытная тэхніка.

 А вось Анатоль Жылінскі, наадварот, працуе на МТЗ-3022. Сёлета, напрыклад, ён засеяў увесь збожжавы клін, работы правёў хутка і з высокай якасцю.

 Яўген Шамшур — малады трактарыст, на трактары МТЗ-1221 падрыхтоўваў глебу.

 На Віктары Семянько амаль цалкам ляжыць усё вырошчванне бульбы. Ён займаецца гэтай культурай на працягу ўсяго цыклу ад пасадкі да ўборкі.

 Міхаіл Гусеў зараз займаецца падкормкай культур — як азімых, так і яравых.

 Аляксандр Міснік — кіроўца “Амкадора”, выконвае ўсе пагрузачныя работы ў гаспадарцы. Кожны дзень мужчына пры справе: не на складах — дык на ферме.

 Віктар Міснік — калега Яўгена, які таксама працуе на МТЗ-1221 з культыватарам, уносіў угнаенні.

 Кожны з гэтых людзей — важнае звяно ў вытворчым цыкле, выпадзенне любога з іх можа справакаваць сур’ёзны збой. Віталь Свістуноў можа падмяніць любога меха­нізатара на розных аперацыях.

 — Якія работы зараз актуальныя на збожжавым палетку?

 — На чарзе — падкормка. Азімыя з зімы выйшлі аслабленымі, у некаторых гаспадарках нават перасявалі дзясяткі гектараў. Мы на гэта пайсці не можам. Зааром, скажам, 20 га азімай пшаніцы, пасеем там яравую — у выніку атрымаем яравое зерне з прымессю азімага, бо няма гарантыі, што азімае знішчыцца цалкам. Для нас жа важна акрамя ўраджайнасці чысціня культуры. Выйсце з такой сітуацыі адно — прыдаць аслабленым парасткам сіл, каб яны напоўніцу раскрылі свой патэнцыял, далі максімальны ўра­джай. Найперш падкормліваем ударнай дозай азотных угнаенняў, каб парасткі хутчэй падняліся, далі даўжэйшы колас, каб зярняты наліліся. Азотнымі падкормліваем і яравыя пасевы.

 — А як жа фосфарныя, калійныя, арганіка?

 — Арганіку ўносілі ўвосень і ўвесну перад сяўбой. У сярэднім выйшла каля 45 тон на гектар. Калій таксама ўнесены яшчэ восенню, а фосфар уносіцца адзін раз на год непасрэдна перад пасевам. Так што зараз і на працягу ўсяго вегетацыйнага перыяду будзем аперыраваць азотнымі тукамі, стымулюючы рост, або рэгулятарамі росту.

 — Пра іх, калі ласка, падрабязней.

 — Ёсць такія спецыяльныя прэпараты. Яны прымяняюцца пры занадта густых пасевах, ад 600 парасткаў на квадратны метр і больш. Такія густыя пасевы схільныя да палягання. Рэгулятары скарачаюць даўжыню сцябла, яно становіцца менш падатлівым парывам ветру, ападкам. Пры гэтым даўжыня коласа і колькасць зярнят у ім захоўваюцца.

 Зерневыя на доследных і вытворчых участках растуць нармальна. Сухое надвор’е неспрыяльна ўплывае на развіццё хвароб, таму такія захворванні, як мучністая раса, септарыёз, не страшныя пакуль што, для іх больш прыдатнае дажджлівае надвор’е. Затое сухой парой актывізаваліся шкоднікі: кветкаеды, рапсавы камарык, схаванахобатнік, — якія паражаюць азімы і яравы рапс. Злакавыя мухі спрабуюць знішчаць зерневыя культуры, даўганосікі — бабовыя. Сартастанцыя ў поў­най меры забяспечана сродкамі барацьбы супраць шкоднікаў, як і супраць хвароб.

 — Не менш важная барацьба супраць пустазелля…

 — Цалкам з вамі згодна. Тут назапашаны багаты вопыт. У дастатковай колькасці маем прэпараты расійскай вытворчасці, якія выдатна сябе зарэкамендавалі. Напрыклад, прэпарат “Балерына” выкарыстоўваецца на збожжавых пасевах, выбівае пустазелле сямействаў аднадольных і двудольных. Прэпарат “Міура” знішчае пырнік на рапсе, бульбе, ільне, бураках. А вось “Аўсюген” асабліва каштоўны для нас як для насеннаводчай і доследнай гаспадаркі. Ён выбівае курынае проса — пустазелле сямейства злакавых, супраць якога ніякі іншы прэпарат не мае эфекту. Дарэчы, “Аўсюген” можна прымяняць у комплексе з “Балерынай”.

 — Дарагая, напэўна, хімія?

 — Давайце падлічым. Літр “Міуры” каштуе 20 долараў, норма расходу — літр на гектар. Літр “Балерыны” — 16,6 долара, норма на га — паўлітра. “Аўсюген” таксама выдаткоўваецца па паўлітра на га, літр жа каштуе 48300 беларускіх рублёў. Так што, як бачыце, затраты не такія ўжо і вялікія. З іншага боку, практыка паказвае, што часцей за ўсё адной апрацоўкай на год аграрыі не абмяжоўваюцца.

Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>