Святочная эстафета

195Правядзенне лёгкаатлетычнай эстафеты на прызы раённай газеты “Лепельскі край” падчас святкавання Дня Перамогі стала ў нашым раёне добрай традыцыяй. Кожны год удзельнікі мерапрыемства паказваюць высокі ўзровень падрыхтоўкі.

Сярод спартсменаў — вучні школ, навучэнцы ўстаноў, работнікі гарадскіх арганізацый, прадпрыемстваў. Другі год пажадалі ўдзельнічаць у эстафеце і прадстаўнікі аграгарадкоў.

 Для падтрымкі ўдзельнікаў эстафеты на плошчу Свабоды прыйшлі іх шматлікія калегі і сябры.

 Першымі на старт выйшлі вучні школ.

 На працягу некалькіх год пераможцамі эстафеты становяцца вучні сярэдняй школы №1. Вельмі нялёгка трымаць планку лідара. За шэрагам перамог кіпяць дні шматлікіх трэніровак.

 — Усе ўдзельнікі нашай каманды наведваюць спартыўныя секцыі ў школе, займаюцца ў секцыях па розных відах спорту ў Лепельскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе, — адзначае настаўнік фізкультуры сярэдняй школы №1 Валерый Булах. — Вучаніцы 10 “А” класа Алёна Борыкава і Юлія Дзівіна не першы год займаюцца ў школьнай секцыі па валейболе. Алёна актыўна займаецца рознымі відамі спорту. Неаднаразова праславіў школу вучань дзясятага “Б” класа Мікіта Павец. Ён з’яўляецца лідарам школьнай каманды па валейболе, актыўна займаецца турызмам. У летнім мнагаборстве на раённых спаборніцтвах сярод дапрызыўнай моладзі “Абаронца Айчыны” сёлета Мікіта заняў першае месца. Кандыдатам у майстры спорту па веславанні стаў Уладзіслаў Тухта, вучань дзясятага “А” класа. Не так даўно ён праславіў Лепельшчыну на рэспубліканскіх спаборніцтвах па веславанні. Актыўна займаюцца ў секцыі па гандболе ў Лепельскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе вучаніца 10 “А” класа Маргарыта Залатуха, а таксама Аляксей Шакун, Сабіна Маркава (9 “Б” клас). Не развітваецца са спортам вучань адзінаццатага “Б” класа Андрэй Ляйко.

 Настаўнікі фізкультуры СШ №1 Валерый Ула­дзіміравіч Булах і Уладзімір Іванавіч Клундук могуць ганарыцца сваімі вучнямі. Каманда СШ №1 сёлета заняла першае месца ў раённай спартакіядзе сярод школ.

 Адзін за адным лёгкаатлеты дабягаюць да фінішу і перадаюць эстафету наступнаму ўдзельніку каманды. Паўсюдна не згасаюць бадзёрыя воклічы балельшчыкаў.

 І вось наступае доўгачаканы і хвалюючы момант падвядзення вынікаў эстафеты. І сёлета лідарам сярод сярэдніх школ стала каманда СШ №1. Другое месца ў эстафеце занялі юныя спартсмены гімназіі імя І. Ерашова, а трэцяе — сярэдняй школы №3. Сярод працоўных калектываў прадпрыемстваў і арганізацый першае месца прысуджана камандзе ўстановы аховы здароўя “Лепельская цэнтральная раённая бальніца”, другое — камандзе ААТ “Лепельскі МКК”, а трэцяе — спартсменам раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Сярод аграгарадкоў пераможцай стала каманда аграгарадка Старое Лядна, другое месца занялі спартсмены аграгарадка Баброва, а трэцяе — аграгарадка Камень.

 Кожнай камандзе, якая заняла прызавое месца, уручаны Кубак, а ўдзельнікі каманд узнагароджаны медалямі.

 Вельмі прыемна, што склад каманд з кожным годам абнаўляецца, а значыць, мацнее наша дружба з чытачамі, “Лепельскі край” не губляе сваёй папулярнасці.

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.

 На здымках: каманды-пераможцы лёгкаатлетычнай эстафеты атрымалі заслужаныя ўзнагароды.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>