Адрасная накіраванасць дзейнасці

Неад’емнай часткай дзяржаўнай палітыкі з’яўляецца сацыяльная падтрымка ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў, асоб, якія пацярпелі ад наступстваў войнаў,  адзінокіх пажылых людзей і інвалідаў. Вядзецца пастаянны маніторынг сістэмы сацыяльнай, што, у канчатковым выніку, дазваляе ўдасканальваць сістэму паўсядзённай дзейнасці ўсіх зацікаўленых бакоў, павышаць яе эфектыўнасць за кошт узмацнення адраснай накіраванасці. Прадпрыемствы і арганізацыі аказвалі дапамогу ветэранам у рамонце кватэр, і дамоў, гаспадарчых пабудоў, апрацоўцы прысядзібных участкаў. Напрыклад, інваліду вайны Васілю Пракопавічу Рагавенку дапамаглі ў добраўпарадкаванні жылых пакояў, паклеілі шпалеры.

 На перыяд зацвярджэння мерапрыемстваў па рэалізацыі Комплекснай праграмы развіцця сацыяльнага абслугоўвання на 2011 — 2015 гг. у Лепельскім раёне пражывала каля 8,6 тысячы састарэлых грамадзян. Пад пільнай увагай знаходзяцца 90 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, 172 — баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў, 113 чалавек з ліку асоб, якія пацярпелі ад наступстваў войнаў (вязні, сем’і загінулых), 394 адзі­нокія пажылыя грамадзяніны, 39 адзінокіх інвалідаў першай і другой груп. На абслугоўванні ў аддзяленні сацыяльнай дапамогі на даму (ТЦСАН) знаходзіліся 404 чалавекі, з іх 213 гараджан і 191 вясковец. На бясплатнай аснове абслугоўваецца 21 чалавек, 338 — на ўмовах частковай, 45 — за поўную плату. Надомным абслугоў­ваннем ахоплены 61 населены пункт, 60 сельскіх, дзевяць аддаленых маланаселеных, сем аграгарадкоў. Аформлены дапамогі па доглядзе 412 інвалідаў першай групы або асоб, якія дасягнулі 80-гадовага ўзросту.

  Сацыяльнымі работнікамі аддзялення сацыяльнай дапамогі летась аказана 858 разавых сацыяльна-бытавых паслуг па сацыяльна нізкіх коштах, якія не ўваходзяць у пералік паслуг надомнага  абслугоў­вання, 393 пажылым лю­дзям і інвалідам. Гаспадарчай брыгадай аказана 358 паслуг 291 пажылому грамадзяніну.

 —  Летась на надомнае абслугоўванне прыняты 131 чалавек, дзевяць змешчаны ў аддзяленне кругласутачнага знаходжання «Свят­ліца», 12  накіраваны ў дамы-інтэрнаты, —  працягваў мэтанакіравана аперыраваць яскравымі статыстычнымі данымі начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Васіль Рававы. Затым са скрухай у голасе дадаў:

 — З году ў год колькасць ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны скарачаецца. Толькі ў мінулым годзе памерлі 14 чалавек. А зараз ветэранскі корпус налічвае ўсяго 76 чалавек.

 — Дарэчы, катэгорыі адзінокіх пажылых грамадзян, адзінокіх інвалідаў першай і другой груп з цягам часу вагаюцца. Пры гэтым неабходна адзначыць агульную тэндэнцыю старэння насельніцтва. Колькасць лю­дзей пенсійнага ўзросту павялічваецца, а працаздольнага, наадварот, скарачаецца. Па выніках праведзеных абследаванняў былі распрацаваны мерапрыемствы па задавальненні іх патрэб і запытаў. І што зроблена?

 — У ходзе выканання мерапрыемстваў шасці састарэлым, інвалідам аказана дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога на суму 19,3 млн руб., 14 грамадзянам — матэрыяльная дапамога са сродкаў Фонду сацыяльнай абароны на  5,9 млн, — паведаміў Васіль Усцінавіч. — Усяго на аказанне матэрыяльнай дапамогі са сродкаў ФСАН Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь 249 пенсіянерам і інвалідам у 2012 годзе выплачана 63,7 млн рублёў. Ветэраны вайны, адзінокія пажылыя людзі і адзінокія інваліды замацаваны за 37 арганізацыямі і ўстановамі адукацыі, у якіх арганізаваны 163 атрады, якія працуюць па праграмах «Міласэрнасць»,«Клопат», «Ты не ­адзінокі», «Сям’я». Дзейнічаюць восем валанцёрскіх атрадаў з ліку навучэнцаў, яны аказваюць падшэфным бытавыя паслугі.

 Прадпрыемствы, установы і арганізацыі аказваюць састарэлым і інвалідам матэрыяльную дапамогу да памятных святочным дат, запрашаюць іх на культурна-масавыя мерапрыемствы, аказваюць дапамогу ў рамонце і добраўпарадкаванні кватэр, дамоў, апрацоўцы прысядзібных участкаў, нарыхтоўцы паліва.

  — Васіль Усцінавіч, састарэлыя людзі, як правіла, маюць кепскае здароўе. Яны частыя наведвальнікі медыцынскіх устаноў. Узрост і перажытыя жыццёвыя нягоды вымушаюць да гэтага. Якія крокі насустрач робяцца такім пацыентам урачамі?

 — Установай аховы здароўя­ «Лепельская цэнтральная раённая бальніца» штогод праводзяцца комплексныя медыцынскія агляды ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, адзінокіх пажылых людзей і інвалідаў з наступным складаннем планаў дыспансернага назірання з указаннем канкрэтных лячэбна-рэабілітацыйных мерапрыемстваў.

 —  А калі канкрэтней?

 — Праведзены медыцынскія агляды 15 інвалідаў і 54 удзельнікаў вайны, 14 працаўнікоў тылу, трох блакаднікаў г. Ленінграда, 169 ветэранаў баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў, 18 членаў сем’яў загінулых (памерлых) ваеннаслужачых, 82 вязняў фашысцкіх канцэнтрацыйных лагераў, турмаў, гета і іншых месцаў прымусовага ўтрымання, 434 адзінокіх грамадзян. На базе чатырох  амбулаторна-паліклінічных і двух бальнічных медустаноў створана шэсць  школ здароўя, якія летась наведалі 1360 слухачоў, у тым ліку 56 ветэранаў вайны.

 І яшчэ адзін вельмі важны аспект тэмы. На тэрыторыі раёна рэгулярна праводзяцца акцыі па добраўпарадкаванні святых месцаў, дзе знайшлі свой апошні прытулак нашы абаронцы, якія ахвяравалі жыццём дзеля светлай будучыні нашчадкаў. За 65 воінскімі пахаваннямі і 20 індывідуальнымі магіламі замацаваны школьнікі. Да Дня памяці воінаў-інтэрнацыяна­лістаў наведаны сем’і воінаў-інтэрнацыяналістаў, ускладзены вянкі на магілы загінулых воінаў. Да Дня Перамогі традыцыйна, такое адбылося і сёлета, праводзіцца патрыятычны аўта­прабег. З удзелам ветэранаў ва ўрачыстай абстаноўцы школьнікаў прымаюць у піянеры, наведваюцца месцы салдацкіх пахаванняў, шырока вядзецца ваенна-патрыятычная работа.

 А самі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны наведалі  манастыр і Сафійскі сабор у г. Полацку, выставу ў Лепельскім краязнаўчым музеі, прысвечаную 200-годдзю вайны 1812 г. Ветэраны пабывалі на занальным аглядзе-конкурсе «Песні юнацтва нашых бацькоў». Раённай ветэранскай арганізацыі аказана дапамога ў фінансаванні мерапрыемстваў на агульную суму 7,6 млн рублёў.

 — Ёсць сэнс пагаварыць у рэчышчы нашай тэмы пра папярэджанне інваліднасці і рэабілітацыю інвалідаў…

 — Удзельная вага інвалідаў у грамадстве складае 2,9 працэнта. Высокі паказчык поўнай рэабілітацыі дасягнуты своечасовым правя­дзеннем рэабілітацыйных мерапрыемстваў на ўсіх узроўнях аказання меддапамогі. Выкананы план рэабілітацыйных курсаў інвалідаў шляхам планавай шпіталізацыі ў аддзяленнях ЦРБ.

 Праведзены аперацыі па пратэзаванні суставаў 22 чалавекам, 11 інвалідам выканана эндапратэзаванне тазасцегнавых, каленных суставаў. У Віцебскім абласным кардыялагічным дыспансеры прайшлі курсы рэабілітацыі 14 чалавек з інфарктам міякарда. Накіравана 40 пацыентаў з захворваннямі органаў крова­звароту на кардыяхірургічны экспертны савет для вызначэння тактыкі далейшага вядзення і планавання аператыўнага лячэння. Выкананы аперацыі пры парушэннях функцый крова­звароту ў інвалідаў і  дыспансерных пацыентаў (28 чалавекам).  На базе рэспубліканскага шпіталя «Юрцава» праведзена рэабілітацыя 12 інва­лідаў і пацыентаў з інвалідызуючай паталогіяй апорна-рухальнага апарата і перыферычнай нервовай сістэмы. Тэхнічныя сродкі рэабілітацыі  выдадзены 136 інвалідам. Па заключэннях УКК аказана адрасная дапамога інвалідам трэцяй  групы і дзецям-інвалідам да 18 гадоў, якія маюць адпаведныя паказанні, на суму 22 млн 758,9 тыс. руб. З 9 па 15 красавіка 2012 года восем ветэранаў вайны, а з 7 па 12 кастрычніка — сем бясплатна аздаравіліся ў пансіянаце “ЛАДЭ”, адзін — у Лепельскім ваенным санаторыі, чатыры — у шпіталі імя П.М. Машэрава, чатыры — у шпіталі «Юрцава».

 Інвалідам, удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, Герою Сацыялістычнай Працы і інвалідам Савецкай арміі, якія адмовіліся ад санаторнага лячэння, выплачана грашовая кампенсацыя за нявыкарыстаную пуцёўку ў памеры 1 мільён рублёў.

 — Васіль Усцінавіч, састарэлыя грамадзяне не могуць у пэўных выпадках, як кажуць, пастаяць за сябе. Колькі слоў аб грамадскай бяспецы ветэранаў, людзей сталага веку і інвалідаў.

 — Важнае пытанне. На працягу мінулага года супрацоўнікамі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва праводзілася абследаванне месцаў пражывання ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, пажылых людзей, інвалідаў I і II груп на адпаведнасць домаўладанняў пажарнай бяспецы. Пабывалі ў 195 чалавек. У 20 домах устаноўлены аўтаномныя супрацьпажарныя апавяшчальнікі, у васьмі — з перадачай сігналаў на сігнальна-гукавую прыладу.

 Для сацыяльных работнікаў ТЦСАН, патранажных медсясцёр, работнікаў хуткай медыцынскай дапамогі, службаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі арганізавана тры навучальныя семінары па пытаннях пажарнай бяспекі, асновах бяспечнай жыццядзейнасці з мэтай наступнай прафілактычнай работы з ветэранамі, пажылымі грамадзянамі і інвалідамі.

 Участковымі інспектарамі раённага аддзела ўнутраных спраў сумесна з работнікамі ТЦСАН на працягу 2012 года праводзіўся абход адмі­ністрацыйных участкаў, праводзіліся прафілактычныя гутаркі аб папярэ­джанні злачынных замахаў.

 — Інваліды-калясачнікі наракаюць на перашкоды на вуліцах у выглядзе бардзюраў і адсутнасць прыдатных з’ездаў з тратуараў, якія ператвараюцца часам у непераадольныя пасткі, неабсталяванасць грамадскага транспарту спецыяльнымі прыстасавання і г.д.

 — Не буду крывіць душой, ёсць такое, —пацвердзіў Васіль Рававы, — а вось для дастаўкі інвалідаў у аддзяленне дзённага знаходжання, на культурна-масавыя мерапрыемствы ў Цэнтры маецца мікрааўтобус, абсталяваны пад’ёмнай прыладай для перавозкі інвалідаў-калясачнікаў.

 —Варта пагаварыць і аб сацыяльнай адаптацыі інвалідаў, прыцягненні ўсіх зацікаўленых да заняткаў фізічнай культурай…

 — У горадзе і раёне створаны ўмовы для заняткаў фізкультурай на бясплатнай аснове па розных відах спорту: лёгкай атлетыцы, настольным тэнісе, міні-футболе, валейболе, армрэслінгу, гандболе, праводзяцца шашачныя турніры, спартакіяды, спартыўныя святы, дзе актыўнымі ўдзельнікамі з’яўляюцца асобы з асаблівасцю псіхафізічнага развіцця. Штогод для ўдзельні­каў абласнога турыстычнага злёту Беларускага таварыства інвалідаў па зроку арганізоўваюцца вучэбна-трэні­ровачныя зборы. Транспарт для дастаўкі ўдзельнікаў выдзяляе ДУ «ТЦСАН Лепельскага раёна».

 — Асаблівую ролю ў рэалізацыі мерапрыемстваў, накіраваных на раскрыццё творчага патэнцыялу інвалідаў, адыгрываюць установы культуры…

 — Згодзен. Толькі летась работнікамі аддзела культуры з удзелам інвалідаў былі праведзены мерапрыемствы, прысвечаныя Дням жанчын, сям’і, маці, інвалідаў. Аказана дапамога ў правядзенні парафестывалю самадзейнай творчасці «Зорка надзеі». Для інвалідаў арганізаваны дзве экскурсіі ў дом рамёстваў, у г. Вільнюс, адна  экскурсія ў Бярэзінскі біясферны запаведнік.

 У рамках праграмы «Са­ўдзел у лёсе» ў мультымедыйным цэнтры раённай бібліятэкі адбыўся кіналекторый «Сінема — адкрытае акно». Праведзена дзевяць  сустрэч, дзе інваліды мелі магчымасць пазнаёміцца з навінкамі беларускага і замежнага кіно. Людзі з абмежаванымі магчымасцямі з Лепельскага раённага таварыства інвалідаў і Ра­сійскага таварыства інва­лідаў г. Балахна Ніжагародскай вобласці на працягу года абмяркоўвалі розныя тэмы падчас чатырох скайп-канферэнцый: «Мы разам», «Сям’я — маленькая дзяржава», «Традыцыі і абрады Беларусі», «Талерантнасць». У сельскіх бібліятэках арганізоўваліся акцыі міласэрнасці «Добры дзень у вашу хату», «Мы разам з вамі»; візіт дабрыні «Перадай дабро па крузе»; гадзіна міласэрнасці «Для вас адкрыты нашы дзверы і сэрцы».

 —  Давайце хаця б штрыхамі абмалюем эфектыўнасць і даступнасць сацыяльнага абслугоўвання для названых вышэй катэгорый лепяльчан.

 — Для падтрымання жыццядзейнасці грама­дзян, якія маюць вострую патрэбу ў сацыяльнай падтрымцы і дапамозе разавага характару, з 1 чэрвеня 2012 года ў Цэнтры створана аддзяленне тэрміновага сацыяльнага абслугоў­вання. На дадзены момант  ў аддзяленні працуюць два  сацыяльныя работнікі па аказанні пенсіянерам розных паслуг разавага характару і шэсць сядзелак. Летась аказана 243 разавыя платныя сацыяльныя паслугі на 8,5 млн рублёў; транспартных  — 35 на  1,5 млн. Для аказання разавых сацыяльных паслуг маецца два аўтамабілі, бензапіла, набыта мотакаса, дрыль, іншы гаспадарчы інвентар.

 Вядзецца планамерная работа па ўкараненні новых відаў сацыяльных паслуг, распрацаваны і зацверджаны тарыфы на 134 віды іх. Матэрыяльная дапамога са сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь аказана 87 непрацаздольным грамадзянам, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, на суму 32,9 млн рублёў.

 Па выніках выканання мерапрыемстваў па задавальненні патрэб і запытаў ветэранаў ВАВ і асоб, пацярпелых ад наступстваў войнаў, устаноўлена 20 пажарных апавяшчальнікаў, выкананы рамонт васьмі электраправодак, 13 печаў, аказана дапамога 49 грамадзянам у дастаўцы паліва, а 14  — у рамонце кватэр, дамоў, надворных пабудоў. Для выканання запланаваных мерапрыемстваў выкарыстоўваліся сродкі прадпрыемстваў і арганізацый, дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога, а таксама ўласныя грашовыя сродкі грамадзян.

  Далейшы працяг сацыяльнай работы дазволіць аптымізаваць сістэму сацыяльнай абароны пажылых людзей і інвалідаў, павысіць яе эфектыўнасць за кошт узмацнення адраснай накіраванасці, забяспечыць эфектыўнае ўзаемадзеянне і каардынацыю дзейнасці ўсіх зацікаўленых устаноў, арганізацый.

Уладзімір ШАЎЧЭНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>