Справы вясновыя

Нарэшце наступіла запозненая доўгачаканая вясна. Само надвор’е прывучае нас да ашчаднасці, бо спраў вясновых шмат, а часу застаецца мала, і яго трэба эканоміць. Пра тое, што задумалі зрабіць увесну і што ўжо зрабілі, гутарым са старшынёй Баброўскага сельвыканкама Тамарай Ярыга.

  — Тамара Іванаўна, вясна прыйшла, а ўсё яшчэ па звычцы думаеш пра зіму. Як перазімавалі?

 — Ды, здаецца, няблага. Нягледзячы на глыбокія снягі, дарогі расчышчаліся. Прасілі дапамогі ў мясцовых гаспадарак ААТ “Ладасна” і КУВСГП “Баброва”. Пастаянна даведваліся ў састарэлых лю­дзей, ці хапае ў іх дроў, ці ёсць каму даставіць лякарствы з аптэкі.

 — Нават пра лякарствы пыталіся?

 — А як жа! Былі выпадкі, што з раёна і лякарствы вазілі, і кніжкі з бібліятэкі. Райцэнтр далекавата, за трыццаць кіламетраў. Не кожнаму пажылому чалавеку пад сілу такая паездка.

 — Транспарт добра ходзіць?

 — Ведаеце, прамых аўтобусаў да Баброва няма. Аднак па дамове з аўтабазай заходзіць да нас аўтобус, які ідзе да Караевіч. Нават у Віцебск звярталіся, каб спыняліся ў Баброве віцебскія аўтобусы. Дамовіліся. Так што сувязь з райцэнтрам маем.

 — Якія бліжэйшыя планы на вясну?

 — Планаў шмат, паспець бы ўсё. Вось і адміністрацыйны будынак, дзе размяшчаюцца сельскі савет, ФАП, КБА, аддзяленне паштовай сувязі, электрычнай сувязі, трэба падладзіць звонку. Усярэдзіне парадак наведзены. Плануем памяняць дах і тынкоўку. Праект на суму шэсцьсот мільёнаў рублёў ужо гатовы і адда­дзены на экспертызу.

 — Што збіраецеся рабіць па добраўпарадкаванні?

 — Пачну з Баброва. Тут мы плануем пафарбаваць плот уздоўж трасы, за магазінам пасадзіць дрэвы — хутчэй за ўсё, бярозкі, акультурыць тэрыторыю ля копанкі. Ды і саму копанку шэфы-меліяратары абяцаюць нам паглыбіць.

 — На якіх могілках будуць весціся работы і што менавіта збіраецеся там рабіць?

 — Усе могілкі перададзены на абслугоўванне КУВП “Бароўка”, ім жа выдзелена на гэтыя мэты дваццаць мільёнаў рублёў. Плануем абгарадзіць могілкі ў вёсцы Пагарэлае і пафарбаваць агароджу на кладах у Гаравых, а таксама вывезці смецце з могілак Чараносава. Трэба прызнаць, ёсць пэўныя праблемы з пад’ездамі да могілкаў у Косцінцы, Радуні, Чараносаве.

 — Якія помнікі чакаюць першачарговага рамонту?

 — Перш за ўсё гэта помнікі загінуўшым у вайну ў Заслаўках і Сушы. У Заслаўках вельмі вялікі манумент, ён увесь патрэскаўся. Патрэбен капі­тальны рамонт. Замацаваны шэфы з ЦРБ, але думаю, што яны адны не справяцца. Мы падалі ўжо заяўку ў Віцебск на фінансаванне рамонту з абласнога бюджэту. Увогуле ж усе помнікі і воінскія пахаванні да майскіх святаў будуць добраўпарадкаваны.

 — Што яшчэ збіраецеся зрабіць увесну?

 — Дзесьці давядзецца падладзіць дарогі, падсыпку зрабіць, ямкі на асфальце зліквідаваць. На абслугоўванне дарог выдзелена семдзесят мільёнаў рублёў. Дзесяць мільёнаў — пад знос старых дамоў. Вядома, на гэтыя грошы шмат дамоў не знясеш. Калі спатрэбіцца, прафінансуем са свайго бюджэту.

 Гутарыў Уладзімір МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>