Пасяўная пачалася

 У чацвер 18 красавіка на полі Журохніца за вёскай Ворань працаўнікі СВФ “Заазер’е” пачыналі пасяўную кампанію. Не гучалі прамовы, не было гучных слоў — толькі спакойная, засяроджаная праца.

 Прыехаўшы на поле, убачылі толькі грузавік МАЗ, а насупраць — “Расу” на азімым палетку. Звярнуліся да вадзіцеля грузавіка:

 Аляксей Шпак, кіроўца МАЗа, прывёз сюды пасяўны матэрыял, 20 мяхоў аўса. Астатнія прыедуць у хуткім часе.

 Глеба на полі пясчаная, лёгкая, рэльеф мае невялікі схіл у бок блізкага Вораньскага возера. У выніку вада даволі хутка сцякла, зямля падсохла, стала магчыма весці палявыя работы.

 Зранку на палетку з’явілася цяжкая тэхніка, каб падрыхтаваць яго да сяўбы. Трактарысты крыху хваляваліся, каб іх сталёвыя коні не забуксавалі. Аднак трывога аказалася марнай, праехалі раскідвальнікі мінеральных угнаенняў і культыватары. За некалькі гадзін узрыхленая глеба яшчэ лепш падсохла. У прынцыпе, авёс не баіцца занадта вільготнай глебы, як і замаразкаў, таму ім пачынаюць зазвычай веснавую сяўбу. “Сей авёс у гразь — будзеш князь”, — кажа народная мудрасць.

 Неўзабаве на дарозе паказалася “Ніва” — на палетак спяшаўся галоўны аграном гаспадаркі Уладзімір Судак. У чаканні трактарыста пагаварылі нядоўга.

 — Што збіраецеся сеяць тут?

 — Авёс сорту “Запавет” першай рэпрадукцыі.

 — А чаму спынілі выбар менавіта на гэтым сорце? Ці ёсць у наяўнасці сарты замежнай селекцыі?

 — Гаспадарка мае авёс толькі такога сорту. Ён выдатна зарэкамендаваў сябе летась, на круг даў 40,9 цэнтнера з гектара ў бункернай вазе. Для вылічэння свірнавай вагі аднімем 18 працэнтаў, атрымаем 33,5 цэнтнера з гектара — даволі высокі паказчык. Аднак мы не спыняемся, працуем над паступовым абнаўленнем пасяўнога матэрыялу. Калі ўсё добра будзе, то ў бліжэйшы час прывязём з Гро­дзенскай вобласці яшчэ насення.

 — Колькі аўса плануеце пасеяць і колькі ўсяго яравых?

 — Агульны збожжавы клін “Заазер’я” складае больш за чатыры тысячы гектараў, з іх палова — яравыя. Аўсом плануем засеяць 181 гектар. Насення ўсіх культур маем у дастатковай колькасці, нават з запасам. Магчыма, спатрэбіцца адсяваць некаторыя палеткі азімых, але дакладна іх стан можна бу­дзе вызначыць пазней, дзён праз дзесяць. Няхай жывыя набяруцца сіл, падрастуць. Зараз толькі праводзім актыўныя падкормкі мінеральнымі ўгнаеннямі.

Пачынаем сеяць яравую пшаніцу на полі Кар’ер, тут жа, ля Ворані. Глебы тут лёгкія, пясчаныя, зазвычай штогод менавіта адсюль пачынаем веснавыя палявыя работы. А потым пераходзім на іншыя палеткі.

 Між тым да поля пад’ехаў трактар МТЗ-1523 з пасяўным агрэгатам LEMKEN. Стаў побач з МАЗам, і загрузчыкі сталі засыпаць зерне ў бункеры. Лілося яно роўнай плынню, з мяккім шоргатам, на сонцы пералівалася.

 Вёў трактар стары знаёмы, праўда, не адразу пазнаў яго — Пётр Духовіч, штогадовы перадавік-камбайнер.

 — У красавіку самі сееце, а ў ліпені самі і жаць будзеце!

 — А як жа інакш!

 — Тэхніка надзейная, не падвядзе?

 — Трактар выдатны, некалькі гадоў на ім працую. На час жніва, праўда, перадаю іншаму. А LEMKEN гэты ў мяне з леташняй восені, азімыя ім сеяў. На жаль, мой агрэгат выйшаў са строю, паломка даволі сур’ёзная: пашкоджаны фрэзы. Гэта дужа дарагая запчастка, пакуль што грошай на новую не выдзяляюць, працую гэтым.

 — Ведаеш, за што працуеш?

 — Ведаю, расцэнкі і нарматывы выдадзены ўсім.

 Вось мужчыны засыпалі збожжа ў бункеры, надышоў адказны момант. Не, не сеяць. Спачатку пасяўны агрэгат трэба наладзіць, выставіць норму высеву, каб у глебу трапіла роўна столькі зярнятак, колькі патрэбна. За гэту справу бярэцца Уладзімір Судак. Яго галоўныя прылады — электронныя вагі і калькулятар. Сем разоў адмерай — адзін раз адрэж. Аднак у той дзень досыць было трох замераў.

 Трактар з паднятым агрэгатам рушыў у край поля. Хвалюючы момант — першая засеяная баразна. На першых жа метрах адбыўся непрыемны казус — пад культыватары падбіўся грунт. Ды Пётр не разгубіўся, крыху прыўзняў LEMKEN, пераадолеў перашкоду, а потым зноў рушыў звычайным працоўным рэжымам. Болей тэхніка збояў не давала.

 На трэцім — чацвёртым заходзе з-пад колаў пайшоў пыл — настолькі падсохла глеба. Трактар больш не буксаваў.

 Калі была засеяна ўжо амаль чвэрць поля, прыехаў дырэктар СВФ “Заазер’е” Аляксандр Быкаў. Разам з галоўным аграномам ён прайшоў па палетку, пагутарыў з Пятром Духовічам.

 Крыху пагутарыў і з аўтарам.

 — Як думаеце, ці ўкладзецеся ў аптымальныя пасяўныя тэрміны?

 — Упэўнены, што паспеем, толькі б надвор’е не падвяло. На сёння гаспадарка мае ўсе складнікі: падрыхтаваныя кадры, наяўную тэхніку. Толькі надвор’е — слабое звяно. Канечне, хацелася б яшчэ некалькі адзінак тэхнікі для поў­най упэўненасці.

 — Гаспадарка можа прыцягнуць тэхніку шэфаў з гарадскіх арганізацый.

 — У арсенале гарадскіх прадпрыемстваў хіба што МТЗ-82, а яны ўчарашні дзень. Асноўная стаўка на палявых работах на энерганасычаную тэхніку. Асноўная сіла на пасяўной   агрэгаты АПП-6Д і AMAZON, а імі зможа ўпраўляцца толькі магутны МТЗ-3022. Толькі ён зможа цягаць і цяжкія чызельныя культыватары. З пасяўным агрэгатам LEMKEN выдатна спраўляецца толькі МТЗ-1523. Першыя энерганасычаныя МТЗ-1221 на сёння ўжо слабыя, гідраў­ліка не вытрымлівае трохтоннай вагі агрэгата.

 — Асноўны капітал — людзі. Як працаўнікі будуць заахвочвацца да стараннай працы?

 — Распрацаваны расцэнкі па кожным відзе работ, даведзены кожнаму работніку. Ва ўсіх ёсць аркушы, дзе распісана кожная лічба. Усе маюць магчымасць зарабіць.

 — Ці ўдосталь маеце паліва?

 — Маем запас на чатыры дні інтэнсіўнай працы. А далей будзем закупляць. Упэўнены, сёлетнюю веснавую пасяўную кампанію правя­дзём у аптымальныя тэрміны.

Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>