Выгоды відавочныя

162Летась па праграме абнаўлення асноўных вытворчых фондаў была праведзена рэканструкцыя малочнатаварнай фермы ў вёсцы Матырына, якая належыць КУВСГП “Баброва”.
На момант візіту карэспандэнта ранішняя дойка завяршылася, надой быў адвезены. Слесар Андрэй Парахонька пасля таго, як даільнае абсталяванне было спынена і прамыта, на кормараздатчыку развёз сянаж і сілас.

На ферме засталася Тамара Курбацкая, дзённы вартаўнік. Жанчына скрабком счышчала гной з-пад капытоў кароў у гноетранспарцёр. Яна і стала суразмоўцай.
— Рэканструкцыя летась была маштабнай?
— Яшчэ якой! Гэтую сцяну захавалі, яна была яшчэ добрая, а супрацьлеглую перарабілі нанава. Фактычна ад старой фермы засталіся толькі падмурак ды падлога. Акрамя сцен былі зроблены новыя вокны і дзверы. Дзверы шырокія, высокія — у іх свабодна праязджае трактар з кормараздатчыкам.
Усе чатыры шырокія брамы былі адчыненыя, свежае веснавое паветра свабодна паступала ў памяшканне, ад чаго сырасць, характэрная для кароўнікаў, не збіралася. Хаця месцамі на драўляных канструкцыях выступае цёмная цвіль.
— У прынцыпе, у збудаванні даволі суха, — кажа Тамара Аляксееўна, — рэгулярна праветрываем. У маразы і завеі брамы зачынялі.
Разам са сценамі і вокнамі цалкам замянілі драўляныя канструкцыі ўнутры памяшкання: апорныя слупы, кроквенную сістэму, бэлькі.
Раней даілі малако ў бачкі, насілі яго ў халадзільнік. Цяпер малакаправод забяспечвае закрыты вытворчы цыкл. У бачкі здойваюць хіба малако ад кароў, якія толькі нядаўна ацяліліся, яно ідзе на выпойванне цялятаў.
Зараз на ферме акрамя дзённага вартаўніка і слесара працуюць чатыры даяркі. Кожны дзень наведваецца ветурач.
На ферме 188 кароў. За суткі ў сярэднім надойваецца каля 2,2 тоны малака. Жывёлаводы спадзяюцца, што з вывадам жывёлы на пашу малака істотна прыбавіцца. Прыбавяцца і заробкі, якія на сёння ў даярак складаюць каля двух з паловай мільёнаў рублёў.
Змянілася і сістэма гноевыдалення. Раней гной збіраўся ў гноесховішчы, з якога, па меры запаўнення, вывозіўся. Зараз жа гной ля фермы не захоўваецца ні на дзень, яго адразу ж вывозяць на палі.
Між тым, праца вакол фермы далёка не завершана. У бліжэйшых планах — будаўніцтва памяшкання для ўтрымання маладняку ў выглядзе арачных канструкцый, пакрытых тэнтам.
Немалаважная задача — добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі. Добра, што прыезд карэспандэнта прыпаў на сонечны дзень, калі зямля крыху падсохла. У час дажджу па расквашанай зямлі можна было б прайсці толькі ў гумавых ботах. Будаўнікі летась не паспелі заасфальтаваць двор і пад’езды, пра гэта варта паклапаціцца сёлета, бо зручнасць і камфорт на працоўным месцы з’яўляюцца аднымі з важных аспектаў прадукцыйнасці працы.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: Тамара Курбацкая.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>