Стаўка на новую тэхніку

УП “Лепельскае ПМС” — адно з прадпрыемстваў у нашым раёне, у якое ахвотна ўладкоўваюцца на працу. Чаму? Заробкі някепскія. Праца тут, вядома, не з лёгкіх. Пра тое, якім шляхам меліяратары дбаюць пра павышэнне заработнай платы, гутарым з кіраўніком прадпрыемства Уладзімірам Домасем.
— Уладзімір Сцяпанавіч, як вядома, на вашым прадпрыемстве людзі падоўгу, ёсць прыклады, што дзесяцігоддзямі працуюць на адным месцы. Якім чынам удаецца пазбегнуць так званай “міграцыі”?
— Чалавек не затрымаецца там, дзе яму не створаць належных умоў працы, а галоўнае — не заплацяць за яе як след.

Сярэднямесячны заробак на прадпрыемстве складае прыкладна 3 мільёны 391 тысячу рублёў, а прагнозныя паказчыкі на 2015 год — 5 мільёнаў 835 тысяч рублёў.
— І ці рэальна гэта?
— Рэальна, калі ўдасца ажыццявіць разлічаны на тры гады план мадэрнізацыі на прадпрыемстве. Гэта дазволіць на 72 працэнты павялічыць прыбытак ад рэалізацыі, павысіць прадукцыйнасць працы і ў канчатковым выніку — заработную плату на прадпрыемстве.
— Раскажыце падрабязней, што сабой уяўляе мадэрнізацыя.
— Праграма мадэрнізацыі прадпрыемства дазваляе атрымаць выручку ад рэалізацыі тавараў і аказання паслуг да 2015 года на суму 5685 тысяч долараў ЗША. Так, ужо да канца гэтага года выручка складзе 3615 тыс. долараў, у наступным годзе — 4526 тысяч долараў. Даход ад рэалізацыі прадукцыі на аднаго сярэднестатыстычнага работніка павінен скласці ў 2015 годзе 41,2 тысячы долараў.
Мы намераны забяспечыць рост аб’ёму падрадных работ у дзеючых цэнах у два разы. Спытаеце, якім чынам? Шляхам закупкі новай тэхнікі і пошуку новых аб’ектаў.
— Якую тэхніку маеце намер закупіць?
— Высокапрадукцыйную — экскаватар аднакаўшовы гусенічны ёмістасцю каўша болей як кубічны метр, зараз маем толькі адзін “кубавік”, астатнія — маленькія. Набудзем трал нізкарамны грузападымальнасцю трыццаць тон. Гэта сёлета. А далей плануем закупіць бульдозеры, каток прычапны і сродкі малой механізацыі (кустарэзы, бензарэзы і г.д.).
— Да якіх новых аб’ектаў прыступіце?
— Гэта стакватэрны жылы дом у Лепелі, інжынерныя сеткі. Прыступім да рэканструкцыі і тэхнічнага догляду новых меліярацыйных сістэм у Заазер’і, Юркоўшчыне, будаўніцтва малочнатаварных фермаў у Лядне і Жэжліне. Папрацуем на аб’ектах у Віцебску, дзе трэба падвесці камунікацыйныя сеткі. А там, магчыма, падыдзе час будаваць другую чаргу водазабеспячэння нашага горада, займацца добраўпарадкаваннем інжынерных сетак да індывідуальных забудоў на Пясчанцы і ў мікрараёне Поўдзень-1.
Гутарыў Уладзімір МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>