Будаўніцтва новай фермы

Калі ў Старым Лядне збочыць з трасы Мінск — Віцебск і паехаць на вёску Вялікае Жэжліна, то літаральна праз кіламетр леваруч, побач з дарогай убачыш складзеныя будаўнічыя матэрыялы. Бетонныя блокі, пліты перакрыццяў, іншыя канструкцыі чакаюць свайго часу і вопытных рук будаўнікоў.
Відаць, што плануецца маштабная будоўля. За тлумачэннямі звярнуліся да дырэктара ААТ “Лядна” Івана Бабовіча.

— Што збіраецеся будаваць?
— Новую ферму на ўтрыманне 600 галоў буйной рагатай жывёлы. З іх плануем мець 400 дойных кароў у двух памяшканнях і адно для маладняку на 200 галоў.
— Наколькі актуальна для гаспадаркі такая пабудова, бо разумею, што падобная будоўля пацягне значныя капіталаўкладанні.
— Вельмі актуальна, — падтрымала гутарку галоўны заатэхнік ААТ “Лядна” Людміла Верташонак, — давайце падлічым. Летась у нас на дзвюх фермах, у Старым Лядне і Казіншчыне, утрымліваліся 1487 галоў буйной рагатай жывёлы, з іх дойных кароў было 435. Сёлета маем 1628 галоў, дойных кароў — 465. Летась у першым квартале расцяліліся 18 нецеляў, сёлета — 98, надоі ад іх на лядненскай ферме дасягаюць 17 літраў за суткі. Цялушак зараз гадуецца 668. Вядома, не ўсе яны з цягам часу стануць паўнавартаснымі дойнымі каровамі, аднак перспектывы неблагія.
— Ці дастаткова будзе кармавой базы для такога кардынальнага павелічэння пагалоўя?
— Дастаткова, нават з некаторым запасам, — адказаў Іван Бабовіч. — Мы падлічылі, што для гаспадаркі выгадней павялічыць у вытворчасці долю жывёлагадоўчай прадукцыі. Зразумела, што пры ўборцы ўраджаю найперш разлічвацца будзем з дзяржзаказам, астатняе — пускаць на корм жывёле. Клопатаў і працы, вядома, будзе больш, але ад малака і мяса даход таксама большы.
— Колькі будзе каштаваць рэалізацыя гэтага інвестпраекта?
— Паводле сённяшніх падлікаў — каля 52 мільярдаў рублёў. Сюды ўключаецца будаўніцтва трох памяшканняў на 600 галоў буйной рагатай жывёлы, асфальтаванне двара і пад’ездаў, абуладкаванне сянажных траншэй і гноесховішча на некалькі соцень тон, будаўніцтва воданапорнай вежы з мантажом водаправода, каб не залежыць ад камунальных прадпрыемстваў, закупка і мантаж даільнага і абсталявання для ахалоджвання і першаснай перапрацоўкі малака. Дарэчы, плануецца, што гэта будзе робатызаваны комплекс. Падобную сістэму бачыў на комплексе ў СВФ “Заазер’е”, у іншых гаспадарках, а таксама за мяжой у Польшчы, Германіі, Швецыі. Дарэчы, у Швецыі на свае вочы бачыў, як уручную вырабляецца і манціруецца даільнае абсталяванне на фірме “ДэЛаваль”. Ёсць прапанова ўсталяваць на комплексе такое ж. Наколькі ўдасца рэалізаваць, пабачым…
— 52 мільярды — значная сума. Адкуль мяркуеце прыцягнуць такія аб’ёмныя інвестыцыі?
— Плануецца выдзяленне льготнага крэдыту ад ААТ “Белаграпрамбанк”, аднак дагэтуль не вядомыя ні тэрмін, на які крэдыт выдзяляецца, ні працэнтная стаўка. Пакуль што нам толькі выдзелена дзяржаўная субсідыя на праектна-доследныя работы агульнай сумай два мільярды рублёў.
Вось тут узнікае пэўнае неўразуменне. Этап распрацоўкі і ўзгаднення праекта неапраўдана зацягнуты і дарагі. Даручэнне на распрацоўку і ўзгадненне праектна-каштарыснай дакументацыі было дадзена Дзяржаўнаму прадпрыемству “Віцебсксельбудпраект” яшчэ паўгода таму, аднак дагэтуль яна не гатова. Прычым праект не арыгінальны, а тыпавы, па аналагічных толькі ў Віцебскай вобласці ўзводзіцца каля 80 фермаў, а па ўсёй рэспубліцы — сотні.
— Наколькі мог бачыць, ферму плануецца пабудаваць паблізу лесу. Не было праблем узгаднення з экалагічнымі службамі?
— Гэта павінна быць праблемай распрацоўшчыкаў праекта, яны праводзяць экспертызу, узгадняюць у розных службах, атрымліваюць дазволы. Гаспадарка плаціць вялікія грошы, за гэта павінны атрымаць на стол гатовы, узгоднены праект, па якім можна пачынаць будаўніча-мантажныя работы.
— Якую арганізацыю плануеце прыцягнуць у якасці генеральнага падрадчыка?
— Ужо вядуцца перамовы з будаўнічымі арганізацыямі, якія маюць вопыт у будаўніцтве робатызаваных комплексаў. Будзем аб’яўляць тэндар.
— Які плануецца тэрмін акупляльнасці?
— Разлічана, што акупляльнасць наступае пры выкананні пэўных вытворчых паказчыкаў. Найперш надой малака ад каровы павінен быць не менш за шэсць тысяч кілаграмаў за год, валавы надой з фермы — не менш за 2400 тон. Таварнасць прадукцыі павінна быць не ніжэй за 90%, у натуральным вылічэнні — 2160 тон за год. Пры сённяшняй закупачнай цане ў 3720 рублёў за кілаграм плануецца выручка ў 8,035 мільярда рублёў за год. Пры выкананні гэтых умоў праект акупіцца за 12 гадоў. Аднак, паўтару, да цяперашняга часу не гатовы праект, не вызначаны дакладна ўмовы фінансавання.
ААТ “Лядна” — гаспадарка, якая дынамічна развіваецца. Вяскоўцы за першачарговай задачай, падрыхтоўкай і правядзеннем веснавой сяўбы, не забываюць і пра доўгатэрміновыя перспектывы.
Васіль МАТЫРКА. 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>