Абнаўленне парод

148Народная мудрасць кажа: “Якое семя — такое і племя”. Гэта выказванне цалкам датычыцца жывёлагадоўлі, дзе ад пароды жывёлы наўпрост залежыць яе прадукцыйнасць і ў канчатковым выніку — эфектыўнасць вытворчасці.
Калі жадаем атрымаць значныя прывагі мяса, то выбіраем для гадавання мясныя пароды буйной рагатай жывёлы. Яны характарызуюцца высокімі сярэднясутачнымі прывагамі. Цяляты растуць хутка, набіраюць масу, праз

некалькі месяцаў іх можна здаваць на мясаперапрацоўчыя прадпрыемствы. Так, у Лепельскім раёне развядзеннем кароў мясной пароды герафорд займаецца толькі СВФ “Заазер’е” ААТ “Лепельскі МКК”. На ферме ў Будзяўцах утрымліваюцца 150 галоў жывёлы.
Калі асноўны ўпор робім на вытворчасць малака, то гадаваць трэба пароды малочныя. Часта прывагі ў маладняку такіх парод невялікія. Патэнцыял жывёлы раскрываецца тады, калі іх пачынаюць даіць. Розніца ў надоях паміж каровамі малочных і мясных парод — у некалькі разоў. Пасля таго, як малочная карова выпрацуе свой патэнцыял, вытворчасць малака рэзка знізіцца, яе здаюць на мясакамбінат. Вядома, выхад мяса ад такой жывёлы значна меней, чым ад мясной пароды, але гэта не асноўнае яе прызначэнне.
Вырошчванне буйной рагатай жывёлы на Лепельшчыне здаўна носіць малочную накіраванасць. Так склалася гістарычна, што ад каровы больш чакаюць малака. Мяса ж традыцыйна лічыцца асноўным прадуктам свінагадоўлі. На традыцыі накладаюцца і патрабаванні міжнароднага і ўнутранага рынкаў, дзе ўстойлівым попытам карыстаюцца разнастайныя малакапрадукты: малако рознай тлустасці, масла, кефір, смятана, тварог і іншыя. ААТ “Лепельскі малочнакансервавы камбінат” атрымлівае стабільныя прыбыткі ад экспарту сваёй прадукцыі.
На Лепельшчыне яшчэ з савецкіх часоў выводзіліся каровы парод бурая латвійская і чорна-пярэстая. Яны характарызаваліся стабільна высокімі надоямі. Ад асобных экзэмпляраў надойвалі да пяці тысяч кілаграмаў малака ў год, а то і больш. У сярэднім жа надоі дасягалі трох — трох з паловай тысяч кілаграмаў. Кожны калгас, кожная ферма арыентаваліся на лідараў.
Абнаўляць статак стараліся прыплодам ад найбольш прадукцыйных кароў. Такім чынам рэалізоўваўся падыход да селекцыйнага адбору.
Жыццё не стаіць на месцы. З адкрыццём межаў беларускім жывёлаводам сталі вядомыя і даступныя дасягненні селекцыянераў замежных краін. Сярод еўрапейскіх краін лідзіруючыя пазіцыі займаюць селекцыянеры Нідэрландаў, Германіі. Ад іх кароў штогод надойваюць па шэсць — сем тысяч кілаграмаў малака высокай якасці.
Паступова беларускія жывёлаводы і селекцыянеры пераймаюць перадавы міжнародны вопыт. Віцебскае дзяржаўнае племянное прадпрыемства гадуе быкоў найбольш перспектыўных парод для асемянення кароў у гаспадарках Віцебскай вобласці.
Асноўную масу буйной рагатай жывёлы на Лепельшчыне складаюць каровы пароды галшцін. Карова захоўвае высокую прадукцыйнасць на працягу васьмі — дзесяці гадоў, пасля чаго надоі рэзка зніжаюцца. Вядома, карова можа жыць і даіцца яшчэ большы тэрмін, але гэта ўжо ўтрыманне на пракорм. Карова будзе з’ядаць корму і патрабаваць догляду на суму, значна большую за выручку ад яе надояў. Чатыры гаспадаркі Лепельшчыны (СВФ “Заазер’е”, СВП “Пражэктар”, ААТ “Лядна” і КУВСГП “Лепельскае”) на сто працэнтаў працуюць з каровамі галшцінскай пароды.
У 2012 годзе па надоях малака лідзіраваў СВФ “Заазер’е”, там у сярэднім ад кожнай каровы атрымалі па 6081 кілаграму малака. Прыступку ніжэй з паказчыкам у 5447 кілаграмаў адолела СВП “Пражэктар”.
Летась за ўвесь год было атрымана 6187 цялятаў, працэнт эфектыўнасці склаў 90%. Гэты паказчык даволі высокі, сцвярджае начальнік станцыі па племянной справе і штучным асемяненні сельскагаспадарчых жывёл Святлана Ганчар. Хаця паказчык 2011 года быў яшчэ лепшы — 95%. Аднак кожны год рэкорды ўстанаўліваць немагчыма.
Працэс масавых расцёлаў прайшоў нармальна, без няштатных сітуацый. Былі некалькі складаных выпадкаў, але там на месцах разабраліся вопытныя жывёлаводы, ветэрынарныя ўрачы. Патомства атрымана здаровае, чакаем, што праз вызначаны час цяляты дасягнуць прадукцыйнага ўзросту і будуць даваць выдатныя надоі.
Сярод асемянатараў добра сваю справу паставілі Ірына Шумаева з ААТ “Лядна”, Віктар Шаршнёў на робатызаваным комплексе СВФ “Заазер’е”, Галіна Тарарака ў КУВСГП “Лепельскае”.
Планы на бягучы год — не знізіць дасягнутую станоўчую дынаміку, бо ў жывёлагадоўлі дзейнічае жалезнае правіла: загубіць пагалоўе можна і за год, а аднаўляць яго давядзецца дзесяць гадоў. Для гэтага важна старанна выконваць патрабаванні тэхналогіі, пастаянна павышаць прафесійны ўзровень усіх ветэрынарных і заатэхнічных работнікаў.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: Святлана Ганчар, начальнік станцыі па племянной справе і штучным асемяненні сельскагаспадарчых жывёл.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>