Першая ахвяра

Р-5Чэрвень 1941-га. Спякотныя дні. У вучняў канікулы, а ў васямнаццацігадовага дырэктара Пераходскай сямігодкі Рыгора Васільца гэтулькі надзённых клопатаў. Адпачываць не выпадала, трэба было як след падрыхтавацца да новага навучальнага года. Вось тады можна будзе на колькі дзён з’ездзіць да родных, якія жылі ў вёсцы Раманаўка Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці. Асабліва сумаваў хлопец па дзядулі з бабуляй, у якіх быў любімым унукам.


У Пераходцы Рыгор Васілец прыехаў у 1940 годзе па накіраванні Бягомльскага раённага аддзела народнай адукацыі. За плячыма — сем класаў адукацыі і некалькі месяцаў вучобы ў мінскім інстытуце. Пасля ўвядзення платы за навучанне вырашыў уладкавацца на сталую працу і вучыцца завочна. Дарэчы, Рыгор сур’ёзна ставіўся да сваёй дырэктарскай пасады. Акрамя гаспадарчых клопатаў у старэйшых класах выкладаў матэматыку. Дзяўчаты, якія па ўзросце амаль былі яму раўня, спрабавалі заляцацца да статнага, прыгожага хлопца. Палюбіўся кватарант Лявону і Марыі Хацкевічам. Яны гадавалі сваіх траіх дзяцей, і да Рыгора ставіліся як да роднага сына.
У нялёгкай настаўніцкай працы праходзілі дні. У Пераходцах Рыгор пасябраваў з маладой настаўніцай Надзеяй Ільініч з вёскі Вольберавічы. Сэрца хлопца па-добраму шчымела, калі здалёк прыкмячаў статную паставу Надзеі. Вольны час маладыя людзі бавілі разам.
Першы навучальны год праляцеў незаўважна. Кожны вечар слухалі з Надзяй радыёпрыёмнік. Трывожныя весткі хвалявалі маладую пару. Здагадваліся, што вось-вось можа пачацца вайна, але вымавіць услых баяліся. У сярэдзіне чэрвеня Рыгора выклікалі ў райваенкамат і загадалі не пакідаць межы раёна.
Неўзабаве грымнулі першыя залпы вайны. З кожным днём у Пераходцах усё мацней чулася кананада. Надзя прапанавала Рыгору ехаць да яе бацькоў у Вольберавічы, магчыма, там больш спакойна. Сабраўшы няхітрыя настаўніцкія пажыткі, рушылі ў дарогу.
У хуткім часе Рыгор зноў з’явіўся ў Пераходцах, толькі адзін. З бацькоўскай пяшчотай сустрэлі свайго пастаяльца Хацкевічы. Лявон не пытаўся, куды на цэлы дзень знікае настаўнік. Разумеў, што не проста так, яшчэ на світанку, незаўважна сыходзіў ён з хаты. Прыцемкамі Рыгор вяртаўся назад, час ад часу распавядаў гаспадару пра апошнія навіны з фронту. Ужо потым стала вядома, што хадзіў ён у Кветчу. Там збіраліся падпольшчыкі. Яшчэ 3 ліпеня Рыгор Васілец слухаў прамову Сталіна. Малады актыўна ўключыўся ў падпольную работу.
З цягам часу сувязі падпольшчыкаў пашыраліся, яны знайшлі радыёпрыёмнік і па начах слухалі яго, занатоўвалі на паперу пачутыя звесткі. Лістоўкі разносілі па навакольных вёсках.
…У тую кастрычніцкую раніцу 1941-га ўсё было як звычайна. Пасля чарговага начнога візіту ў лес Рыгор адпачываў у сваім кутку, які яшчэ перад вайной выдзелілі яму для пастою гаспадары. Раптам у акно нехта ціхенька пастукаў. Гэта быў аднавясковец Васіль. Ён паведаміў, што ў вёску наехалі немцы, ходзяць па хатах і зганяюць у канец вуліцы мужыкоў. Каб настаўнік не вельмі адрозніваўся ад вяскоўцаў гарадскім адзеннем, гаспадыня дала яму армяк. Не абмінулі немцы і хату Хацкевічаў. Яшчэ з ганку пацікавіліся, дзе настаўнік. Марыя адказала, што не ведае. Тады яе пад канвоем двух аўтаматчыкаў вывелі з хаты. Убачыўшы гэта, Рыгор выйшаў са сваёй схованкі на вуліцу і папрасіў не чапаць жанчыну. Пад дуламі аўтаматаў фашысты павялі яго праз усю вёску да натоўпу вяскоўцаў. Гітлераўцы яўна згубілі ўсялякую цікавасць да мужыкоў, відаць, знайшлі менавіта таго, каго шукалі.
Падпольная дзейнасць Васільца і яго сувязь з партызанамі не былі сакрэтам для акупантаў. Настаўніка расстралялі на вачах у вяскоўцаў у полі за вёскай. Там жа яго і закапалі. Здарылася гэта 8 кастрычніка 1941 года. Праз колькі дзён вяскоўцы зрабілі нябожчыку труну і завезлі на могілкі.
Настаўнік Рыгор Васілец стаў адной з першых ахвяр фашысцкага тэрору на акупаванай тэрыторыі. Але яго ахвяра не была дарэмнай, сваімі рашучымі дзеяннямі ён паказаў іншым, што з ворагам можна і трэба змагацца.
Валерый Тухта.
На здымку: Р. Васілец.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>