Школьны мерыдыян: гімназія

Школа мужнасці
Па добрай традыцыі другі месяц года стаў у гімназіі месяцам патрыятычнай работы. Адзін са складнікаў гэтага мерапрыемства — акцыя “Клопат”. За кожным класам, з сёмага па дзясяты, замацаваны шэсць ветэранаў вайны, адзін інвалід Вялікай Айчыннай і дзве ўдавы ветэранаў.

Дзеці напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны наведваюць сваіх падшэфных, віншуюць іх са святам, дапамагаюць па гаспадарцы.

Прафесія — ратаўнік
Працягваецца супрацоўніцтва з раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях. Нядаўна для вучняў 5 — 6 і 11 класаў была праведзена экскурсія на тэму “Прафесія — ратаўнік”.
Дзевяцікласнікі займаюцца ў школьным клубе “Іскра”, створаным пад кіраўніцтвам педагога-арганізатара Анастасіі Ахрамовіч і супрацоўніка аддзела МНС Аляксандра Іспянкова. Усяго клуб наведвае дваццаць чатыры чалавекі. У малодшых класах наладзілі выставу малюнкаў “Ратаўнік вачыма дзяцей”, у 5 — 6 класах прайшла віктарына “Школа бяспекі” і забаўляльная гульня “Быць ратаўніком хачу”.

“Ану, хлопцы!”
Да Дня абаронцаў Айчыны прымеркавалі “мужчынскі турнір” для 10 — 11 класаў “Ану, хлопцы!” і конкурс старшакласнікаў “Містар гімназіі”, да якога грунтоўную падрыхтоўку вялі восем патэнцыйных прэтэндэнтаў на гэтае званне — вучняў 8 — 10 класаў. Хлопцы рыхтаваліся да самапрэзентацыі ў выглядзе відэафільма, спаборніцтваў на кемлівасць, спартыўна-танцавальных нумароў і г.д.

Ля магілы героя
Штогод у лютым збіраюцца гімназісты на старых гарадскіх могілках, на магіле воіна-інтэрнацыяналіста Ігара Салаўёва. Ігар, былы выпускнік школы, загінуў у Афганістане. Піянерская дружына “Ветразь” шэфствуе над пахаваннем, прымае ўдзел у розных ваенна-патрыятычных мерапрыемствах, прымеркаваных да Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў і Дня абаронцаў Айчыны. Дзеці ўдзельнічаюць у цырымоніі ўскладання вянкоў, чытаюць вершы ля помніка. На сёлетні збор піянерскай дружыны пад назвай “Выходзілі з Афгана хлопцы” былі запрошаны воіны-інтэрнацыяналісты Ігар Трыбо і Алег Аўсянік.

Рэальная фільматэка
і віртуальны музей
У межах месячніка патрыятычнай работы быў арганізаваны прагляд мастацкага фільма “Радзіма альбо смерць” пра дзейнасць герояў-антыфашыстаў. Гэта чарговы кінапрагляд серыі “Тэматычны кінатэатр”.
Тым часам вялікія магчымасці адкрывае камп’ютарная тэхніка. І ў гімназіі ўжо мараць у дадатак да існуючага музея гісторыі школы стварыць віртуальны музей, для якога ўжо назапашана шмат матэрыялаў.
Віктар ЛЯШЧЫНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>