Пажоўклыя сведкі часу

У сямейным архіве Аляксея і Амеліі Якубоўскіх з Гадзіўлі беражліва захоўваецца некалькі пажоўклых ад часу дакументаў і фотаздымкаў блізкіх родзічаў, што загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Дадому не вярнуліся бацька Амеліі, Баляслаў Казлоўскі, і старэйшы брат Аляксея — Мікалай.
Сям’я Якубоўскіх жыла на хутары Язэпіха. Акрамя Аляксея, які нарадзіўся ў 1936 годзе, ў сям’і гадавалася яшчэ чатыры сыны.

У канцы 1930-х Якубоўскіх перасялілі ў Гадзіўлю. У лістападзе 1939 года ў Чырвоную Армію прызвалі старэйшага сына Івана. Восенню 1941 года ён павінен быў вярнуцца дадому. Аднак не паспеў, грымнула вайна. У першых баях, летам 1941 года вайсковая часць, у якой служыў Іван, была разбіта немцамі. І ў хуткім часе хлопец з’явіўся дома. Разам з малодшымі братамі дапамагаў бацькам па гаспадарцы.
Аляксей Сямёнавіч памятае, як забіралі ў партызаны яго братоў Івана і Мікалая. Тыя часалі каля хаты жэрдкі. Да хлопцаў падышлі нейкія людзі ў цывільным адзенні і загадалі збірацца, ісці разам з імі. Так браты сталі партызанамі Лепельскай брыгады ў 1943 годзе. Іхні атрад базіраваўся ў вёсцы Окана.
Пасля вызвалення Лепельшчыны ад фашысцкіх акупантаў браты папоўнілі шэрагі Чырвонай Арміі. Трапілі ў адно падраздзяленне. Дадому дасылалі пісьмы з паведамленнямі аб сваім вайсковым шляху. Адзін з тых лістоў, які захоўвае ў сямейным архіве Аляксей Якубоўскі, датуецца 28 жніўня 1944 года. Пісаў яго Мікалай. У гэты самы дзень ён загінуў на вачах у Івана. Таму гэта адзіная рэліквія, што нагадвае Аляксею пра брата, нават Колевага здымка ў сям’і не захавалася. Наўздагон лісту ў Гадзіўлю панеслася трагічная вестка. За мірнай сялянскай працай застала Якубоўскіх страшная навіна. Маці якраз даіла карову, калі паштальён прынёс пахавальны ліст на Мікалая. Пра падрабязнасці яго гібелі сям’я даведалася толькі пасля вайны, калі дадому вярнуўся Іван. Здарылася гэта ў Латвіі. У той трагічны дзень на конскі абоз, у якім былі браты Якубоўскія, наляцеў варожы самалёт і пачаў скідваць бомбы. Адна з іх узарвалася непадалёк ад Мікалая, яму адарвала ногі. Баец сканаў на месцы. Было яму ўсяго дваццаць гадоў. Пахаваны ў брацкай магіле на ўскрайку латвійскай вёскі Прэценіж.
Іван Якубоўскі вярнуўся ў Гадзіўлю з вайны жывы-здаровы з узнагародамі — ордэнамі Чырвонай Зоркі і Славы ІІІ ступені, медалём “За адвагу”.
Маленькая даваенная фотакартка, на якой бацька яшчэ малады і прыгожы, яго ліст, датаваны лютым 1945 года, пахавальная з датай і месцам гібелі — усё, што засталося напамінам пра тату Амеліі Якубоўскай. Баляслаў Пятровіч Казлоўскі, ураджэнец хутара Казлоўскія, памёр ад ран 9 сакавіка 1945 года ва Усходняй Прусіі, у дваццаці кіламетрах на паўднёвы захад ад цяперашняга Калінінграда, а тады — непрыступнага нямецкага горада-крэпасці Кёнігсберга.
Па стану здароўя ў 1941 годзе Баляслаў Казлоўскі пад мабілізацыю не трапіў. У сорак чацвёртым мала каго цікавілі людскія балячкі. У Чырвоную Армію забіралі ўсіх, хто мог трымаць зброю. Асабліва гэта тычылася мужчын, што былі пад нямецкай акупацыяй. Крыкам крычалі гадзіўлянскія бабы, калі забіралі на вайну іхніх мужоў і бацькоў. Так Казлоўскі трапіў у самае пекла вайны – пад Кёнігсберг, дзе ішлі крывавыя баі. У сваім лісце дадому, жонцы Наталлі і пецярым малым дзецям, ён пісаў, што ў адным з баёў быў лёгка паранены ў руку. Аднаго разу выбухнула бомба і прысыпала зямлёй, што потым чатыры гадзіны хадзіў “як дурны”.
Нават на вайне Баляслаў жыў клопатамі пра сваю сям’ю. Гэта вынікае з пісьма, у якім ён паведамляе, што выслаў дадому пасылку, у якую ўпакаваў чатыры споднія кашулі і адну верхнюю, сукенку, настольнік і туфлі.
Не дачакалася з вайны Амелія свайго бацьку. Маці адна падымала на ногі дзяцей. З гадамі пакрысе прытупілася боль ад страты блізкага чалавека. Аднак часінамі падступае да горла горкі камяк — і ў памяці зноў паўстае вобраз Баляслава. Наталля Казлоўская ўвесь час жыла надзеяй наведаць магілу мужа. Дзе знаходзіцца тая вёска Удзерваген, ля якой у брацкай магіле вечным сном спачывае на чужыне яе муж, жанчына дакладна не ведала.
Дзесьці ў сямідзясятых ці васьмідзясятых гадах з Калінінградскай вобласці “чырвоныя следапыты” даслалі ў Гадзіўлю ліст з паведамленнем Амеліі і яе маці аб месцы пахавання роднага чалавека. Без роздуму Амелія з братам рушылі ў дарогу. Было тое восьмага мая, акурат напярэдадні Дня Перамогі. Прыехала шмат людзей, лічы з усяго Савецкага Саюза. Відавочцы тых падзей, сівыя ветэраны, успаміналі цяжкія баі-пажарышчы, гібель таварышаў па зброі. За святочным сталом, пад час той сустрэчы Амеліі на імгненне падалося, што знаходзіцца яна ў гасцях у бацькі. І тады паклялася кожны год наведваць святое месца яго апошняга зямнога прытулку.
Яшчэ некалькі разоў нашчадкі Баляслава Казлоўскага прыязджалі аддаць яму даніну памяці, а потым разваліўся Савецкі Саюз, і больш такой магчымасці не стала.
Пажоўклі ад часу старыя дакументы і фотаздымкі, але захаваліся для таго, каб сёння мы ў чарговы раз успомнілі тых, хто не вярнуўся з далёкай вайны.
Валерый ТУХТА,
няштатны карэспандэнт.
На здымку: Баляслаў Казлоўскі.
Фота з сямейнага архіва.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>