Юбілей брыгады

На днях воіны 231-ай артылерыйскай брыгады, што дыслакуецца ў Бароўцы, адзначылі юбілей сваёй вайсковай часці — 30-годдзе з дня яе фарміравання. Было запрошана шмат ганаровых гасцей.
231-ы артылерыйскі полк быў сфарміраваны ў снежні 1972 года, знаходзіўся ў складзе 7-ай танкавай арміі. Першым яго камандзірам стаў палкоўнік Аляксей Супрунчук. Спачатку часць мела на ўзбраенні звычайныя гарматы, а ў сярэдзіне 1980-ых гадоў была пераўзброена самаходнымі.


За час існавання полк перажываў розныя працэсы: пераўзбраенне, перамяшчэнне, перафарміраванне, але заўсёды яго візітнай карткай былі высокая баявая вывучка, выдатнае захаванне тэхнікі і дысцыпліна. Усе гэтыя якасці не раз паказваліся на палігонных выхадах, пад час вучэнняў і манёўраў як асобна, так і ва ўзаемадзеянні з часцямі і падраздзяленнямі іншых родаў войск.
У пачатку 2000-ых гадоў 231-ы артполк быў зноў перафарміраваны, на гэты раз у артылерыйскую брыгаду. У гэтым званні часць сустрэла свой трыццацігадовы юбілей. Да знамянальнай даты ў часці зрабілі памятны знак — гармату на пастаменце. Проста і сімвалічна. Урачыстае адкрыццё помніка прымеркавалі якраз да юбілею.
Госцем, якому выпаў высокі гонар адкрыць памятны знак, стаў першы камандзір часці палкоўнік у адстаўцы Аляксей Супрунчук. Пасля кароткага мітынгу і праходжання парадных разлікаў эпіцэнтр свята перамясціўся ў клуб. Там з урачыстай трыбуны было сказана шмат цёплых слоў у адрас воінаў-артылерыстаў. Гасцямі сталі камандуючы паўночна-заходнім аператыўным камандаваннем генерал-маёр Андрэй Раўкоў, начальнік ваеннага санаторыя Міхаіл Лях, былыя камандзіры і афіцэры брыгады.
Цёплыя словы прагучалі і ад старшыні райвыканкама Барыса Яфрэмава:
— Як кіраўнік скажу: выдатна, што на падначаленай мне тэрыторыі знаходзяцца вайсковыя часці. З іх камандаваннем, і ў прыватнасці з камандаваннем 231-ай артылерыйскай, у нас складваюцца самыя прыязныя, дзелавыя адносіны. Са святам вас, воіны-артылерысты!
Для вайскоўцаў было падрыхтавана шмат цікавых і карысных падарункаў, выдатнікам службы былі ўручаны граматы і падзякі ад камандавання, салдатам тэрміновай службы — дадатковыя дні да водпуску.
Пасля завяршэння ўрачыстай часткі свята адбылося выступленне ансамбля песні і танца Узброеных сіл Беларусі.
Пасля святаў заўсёды наступаюць працоўныя будні. У вайскоўцаў пачаўся новы навучальны год, прыбыло маладое папаўненне, якое ў бліжэйшы час павінна авалодаць складанай баявой тэхнікай, адпрацаваць на будучых палігонных выхадах навыкі. Сённяшнія салдаты, прапаршчыкі і афіцэры 231-ай артылерыйскай брыгады з гонарам працягваюць славутыя традыцыі сваіх папярэднікаў: перамагаць ворага не колькасцю, а ўменнем, любіць і быць заўсёды гатовым абараняць Радзіму.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: старшыня райвыканкама Барыс Яфрэмаў уручае памятны падарунак камандзіру 231-ай артбрыгады Сяргею Коктышу.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>