Ферма “Цаліна”

 Згодна з праграмай мадэрнізацыі малочнай галіны, на землях ААТ “Лепельскі райаграсэрвіс” непадалёк ад Горак узведзена новая малочнатаварная ферма “Цаліна”. Аб’ект вялікі, значны. Ён надасць новы імпульс жывёлагадоўлі сельгаспрадпрыемства. Комплекс узвялі хутка, крыху больш як за год. Неўзабаве яго запоўняць жывёлай, і адбудзецца афіцыйны пуск.
Хлявы ззяюць чысцінёй і новай фарбай, усё абсталяванне для даення, ахалоджвання, захоўвання прадукцыі — новае.

Ажыццёўлены закрыты цыкл вытворчасці, гэта значыць, што малако ні на хвіліну не застаецца адкрытым, яно заўсёды знаходзіцца ў герметычна зачыненых ёмістасцях або малакаправодах.
Два вялізныя халадзільнікі могуць хутка давесці больш за дзесяць тон малака да патрэбнай тэмпературы і доўга яго захоўваць, зберагаючы тым самым важныя спажывецкія якасці.
Усе падсобныя памяшканні: кацельня, пакой адпачынку, склады — зіхацяць новымі матэрыяламі. Тут прыемна і працаваць, і адпачываць пасля працоўнай змены.
На ферме зманціравана даільная зала на 40 месцаў. Гэта новаўвядзенне, як паказвае практыка, дапамагае аптымізаваць працэс даення, зніжаючы пры гэтым дадатковыя выдаткі.
Усяго на будоўлю і закупку абсталявання затрачана 36,8 мільярда рублёў. Адкуль жа такія грошы ў сельгасарганізацыі, якая ледзьве зводзіць баланс? Адказ просты — крэдыт, згодна з мэтавай дзяржаўнай праграмай. Грошы прадаставілі “Беларусбанк” і банк “Развіццё”. Сродкі выдзелены на дзесяць гадоў, працэнтная стаўка льготная, ад 1,5 да 7,5%. Пры гэтым варта заўважыць, што райаграсэрвіс ужо тры месяцы выплочвае крэдыты і працэнты. Акупальнасць комплексу чакаецца на працягу пяці — сямі гадоў.
Наколькі гэта рэальна, можна падлічыць. Комплекс спраектаваны на адначасовае ўтрыманне 826 малочных кароў. Пры надоях у 20 кілаграмаў малака ад каровы за суткі валавы надой павінен скласці 11,5 тоны. Гэты аб’ём сёння МКК прымае ў сярэднім за 40 мільёнаў рублёў, за месяц выручка павінна скласці каля 1,2 — 1,3 мільярда. 150 — 200 мільёнаў рублёў у месяц трэба будзе затрачваць на ўтрыманне фермы і персаналу, астатніх сродкаў павінна хапіць на абслугоўванне крэдытаў.
З аднаго боку, мэта дасягальная, надоі па 20 кг за суткі — рэальная велічыня, а магчымыя па 30 кг і больш. Аднак на сёння сярэдні сутачны надой ад каровы ў аграсэрвісе самы нізкі па раёне, складае крыху больш за шэсць кілаграмаў, так што працы ў жывёлаводаў — непачаты край.
Хлявы зроблены, абсталяванне зманціравана, парадак на тэрыторыі наведзены. Аднак гэтага мала, малако само па сабе, толькі на абсталяванні, не з’явіцца, патрэбна высокапрадукцыйная пародная жывёла.
Кіраўніцтва райаграсэрвісу прыняло рашэнне адразу па адкрыцці ставіць у новыя хлявы нецеляў і па меры ацёлу брацца за раздой. У далейшым для павышэння прадукцыйнасці дойнага статку будуць выкарыстоўваць семя быкоў пароды Галшціны-Фрызы. Гэта новая парода, якая характарызуецца высокімі надоямі малака. Пры гэтым значна ўзрастае роля заатэхнічнай і ветэрынарнай службаў, якім трэба наладжваць на самым высокім узроўні селекцыйную работу, догляд за каровамі. Дырэктар райаграсэрвісу Юрый Мілы кажа:
— За апошнія гады ў заатэхнічнай і ветэрынарнай службах прадпрыемства ўтварыўся значны прагал. Старыя спецыялісты выходзяць на заслужаны адпачынак, а моладзь не замацоўваецца ў сельскай гаспадарцы. Са спецыялістаў маем у наяўнасці толькі галоўнага заатэхніка, але ён ужо пенсіянер, ды пару асемянатараў. Ва ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання даўно накіравалі заяўку на шэсць спецыялістаў, чакаем. Добра, што раённыя ветэрынарная і племянная станцыі не пакідаюць нас, дапамагаюць па меры сіл.
Да працы на новым комплексе плануецца прыцягваць самыя лепшыя працоўныя кадры. Вядома, у бліжэйшай вёсцы Горкі ўсіх работнікаў у наяўнасці не знойдзецца, давядзецца вазіць з іншых. Для гэтага аграсэрвіс закупіў ГАЗэль і УАЗ.
У Горках па праграме будаўніцтва аграгарадкоў было пабудавана некалькі дамоў для працаўнікоў сельскай гаспадаркі, некаторыя з іх насельнікаў, безумоўна, будуць накіраваны на працу на новую ферму. Аднак гэтага недастаткова, прадпрыемства зацікаўлена ў тым, каб як мага больш працаўнікоў жылі блізка да сваіх месцаў працы. Ва ўласнасці райаграсэрвісу ў Горках ёсць некалькі старых дамоў. Каб засяліць, там трэба зрабіць капітальны рамонт. Юрый Мілы ў гутарцы разглядаў гэты варыянт як адзін з асноўных пры вырашэнні жыллёвага пытання будучых працаўнікоў.
Новая малочнатаваная ферма не толькі новы набытак, але і новы ўзровень працы, да якога трэба імкнуцца ўжо зараз.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>