Камфортны адпачынак

 Дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы комплекс “Жамчужына” ў паняцці многіх асацыіруецца з магчымасцю паправіць здароўе, культурна адпачыць, зрабіць добрую дыягностыку. Усё гэта так, але сёння гутарка пойдзе пра іншае, менш вядомае прызначэнне гэтай установы — выхаваўчае. Педагог-арганізатар Аліна Андрыеўская распавядае пра выхаваўчы фактар пад час працэса рэабілітацыі дзяцей.
— Аліна Іосіфаўна, у чым заключаецца спецыфіка выхавання ў “Жамчужыне”?
— Дзеці тут знаходзяцца кароткі тэрмін — усяго 24 дні. Таму перад педагагічнымі работнікамі стаяць крыху іншыя задачы.


— Вось пра іх хацелася б пагаварыць больш падрабязна. Але найперш скажыце, як выстраена тут схема выхаваўчага працэса?
— Паставіць задачы — адна справа, іншая справа — іх вырашыць. Хачу падкрэсліць, што ў “Жамчужыне” маюцца ўсе фактары — матэрыяльны, кадравы, інтэлектуальны, духоўны — для правядзення паўнацэннага выхаваўчага працэсу. Напрыклад, кадры. Згадзіцеся, вельмі важна, каб былі людзі, якія б змаглі рашыць пастаўленыя задачы. У нас на кожным паверсе кожнага корпуса працуе выхавальнік з вышэйшай педагагічнай адукацыяй. Усяго іх восем. Атрымліваецца, што на выхавальніка прыпадае па шэсцьдзясят дзяцей. Дадайце сюды суправаджальнікаў, якія прыязджаюць разам з групамі. Два культарганізатары забяспечваюць штодзень дванаццацігадзінную работу клуба. Да паслугаў тых, хто адпачывае, двухузроўневая бібліятэка з чытальнай залай і абанементам, кабінет псіхолага. На кожным паверсе — гульнёвыя пакоі. Спартыўная зала з сучасным аснашчэннем, якая працуе, зноў жа, з раніцы да вечара, стадыён, трэнажорная зала. Праходзяць спаборніцтвы па тэнісе, баскетболе, валейболе і г.д. Зімой заліваем коўзанку. Летам ходзім па пляж, дзе пад наглядам медсястры, кіраўніка па плаванні, ратаўнічай службы дзеці купаюцца, плаваюць. Цесна супрацоўнічаем з мясцовымі вайскоўцамі. Ходзім да іх з экскурсіямі, дзеці з задавальненнем знаёмяцца з салдацкім бытам, вайсковай тэхнікай. Ваеннаслужачыя ўдзельнічаюць у нашых спартыўных мерапрыемствах. Спартыўныя заняткі праводзяць начальнік фізкультурна-аздараўленчага комплексу і інструктар па спорце і турызме. Ёсць два кіраўнікі гурткоў. Яны вядуць “Кераміку” і “Очумелые ручки”.

— Усяго два гурткі?
— Не, вядома. Астатнія дванаццаць — па інтарэсах: “Квілінг”, “Выцінанка”, “Тэстапластыка”, “Арыгамі”, “Выяўленчая нітка” і інш.
— Што сабой уяўляе школа ў цэнтры, прызначэнне якога не столькі вучоба, колькі рэабілітацыя дзяцей? Ці так яна ўжо тут патрэбна?
— Як бы там ні было, дзеці не павінны закідваць вучобу, нават на месяц. Вядома, вучоба ў нас аблегчаная. У малодшых класах праходзіць штодня тры — чатыры ўрокі, у старэйшых — чатыры — пяць. Заняткі праходзяць у дзве змены. Выкладаюцца асноўныя прадметы. Затое абсталяванне ў школе самае сучаснае.
— Але вернемся да спецыфікі тутэйшага выхаваўчага працэсу?
— Дык вось, усяго за тры тыдні (першыя дні тры, звычайна, занятыя засяленнем, адаптацыяй) мы павінны вывучыць інтарэсы, праблемы дзяцей, улічыць іх у сваёй рабоце. Гэта першая пазіцыя. Другая — дзеці прыязджаюць сюды адпачываць, і выхаваўчы працэс з’яўляецца часткай рэабілітацыйна-аздараўленчага.
— І якім чынам гэта ўдаецца?
— Да таго, аб чым мы ўжо сказалі, дадам: працуем па адмысловай праграме саюзнай дзяржавы — аздараўленне дзяцей з раёнаў, якія пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС. На кожную змену складаем асобны план. Усе змены — тэматычныя. Напрыклад, дэвіз апошняй: “Асенняй змене — наш адказ: надвор’я кепскага няма ў нас”. На кожны дзень план прадугледжвае шэраг мерапрыемстваў. Усё пералічыць проста немагчыма.
— Што, напрыклад, плануецца на сёння?
— У малодшых сёння — дзень дэтэктываў. Пачаўся пазнавальнай праграмай “Усё пра ўсё”, далей — прагляд мультфільма, конкурсная праграма “Школа дэтэктываў”, відэафільм. У старэйшых — турнір па футболе, заняткі па валейболе і г.д. Віктарыны, літаратурна-музычныя кампазіцыі, рухомыя гульні. Экскурсіі ў Полацк, Віцебск, у Хатынь, Бярэзінскі запаведнік. Ездзім на сваім аўтобусе.
— Як вы пераадольваеце ўплыў так званага “часовага фактару”? Шэсць тысяч дзяцей за год, усяго месяц знаходжання. Вялікі людскі паток, амаль як на вакзале. Розныя дзеці з рознымі характарамі. Могуць жа ўзнікнуць і спецыфічна “вакзальныя” праблемы: і крадзеж, і хуліганства, і азартныя гульні…
— У нас дастаткова педагагічнага патэнцыялу, каб выявіць любыя гэтыя негатыўныя праявы на самай ранняй стадыі, а то і ўвогуле іх папярэдзіць, не дапусціць. Згадзіцеся, пятнаццаць дзяцей на аднаго суправаджальніка, дадайце восем выхавальнікаў — гэта структура амаль сям’і, дзе можна пралічыць характар кожнага дзіцяці. Таму да такіх праблем мы проста не дапускаем. Тым не менш, створаны міні-савет прафілактыкі. На кожнай змене з гутаркай выступае мясцовы ўчастковы. Шмат працы і ў псіхолага, які выяўляе дзяцей дэвіянтных паводзінаў, высвятляе прычыны іх. Па раскладзе праводзяцца псіхалагічныя трэнінгі.
— Але ж дзеці прыехалі адпачыць, разняволіцца. Іх тут ніхто не ведае, далёка бацькі, родная школа. Псіхалагічна падлетак гатовы расслабіцца, павесці сябе па-іншаму, больш безадказна.
— Згодна. Гэта так. І да гэтага мы гатовы. Прымяняем даволі цікавую практыку, якая добра сябе зарэкамендавала ў стацыянарных вучэбна-выхаваўчых установах, скажам, у ліцэі, дзе я дагэтуль працавала. Прыдумалі гульню-спаборніцтва на лепшую групу па культурна-масавай рабоце, фізкультурна-аздараўленчай, па дысцыпліне і парадку. Улічваецца ўсё — удзел у гуртках, спартыўных секцыях, праводзім праграму “Хвіліна славы”. У спаборніцтве дзіця ажывае. Пераможцы атрымліваюць бонус — салодкія прызы, граматы і падзякі, якія дзеці вязуць у свае школы. Прэміруем лепшыя групы пазнавальнай экскурсіяй па Лепелі. Многія лянуюцца праходзіць медыцынскія працэдуры. Узялі на ўлік і гэты аспект — выбарачна аналізуем медыцынскія картачкі. Нават харчаванне ў сталовай паставілі на кантроль. Гатуюць тут цудоўна, ежа каларыйная, заўсёды свежая, шасціразовае харчаванне.
— Як адбываецца самарэалізацыя? Як выяўляеце таленавітых, адораных дзяцей?
Дзеці самі падказваюць цікавыя мерапрыемствы. Нядаўна прайшло адно з такіх — “Знайдзі скарб”. Разам рыхтуем прэзентацыі, шырока выкарыстоўваючы камп’ютарныя сродкі, мультымедыя, інтэрнэт. У будучым плануем устанавіць камп’ютар у кожнага выхавальніка, закальцаваць камп’ютарную сетку такім чынам, каб кожны атрад увесь час быў навідавоку, звесткі пра дзяцей сыходзіліся ў адзіную базу даных, і выхавальнікі ведалі, чым у дадзены момант займаецца кожны з іх падапечных.
Гутарыў Уладзімір МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>