Вітаміны палёў

Як вядома, своечасовае ўнясенне ўгнаенняў у глебу з’яўляецца магутным фактарам ураджайнасці. Цяпер, калі палявыя работы завершаны, зямля адпачывае да вясны, аднак праца аграрыяў працягваецца. Найперш вядзецца нарыхтоўка арганічных угнаенняў. Кожны дзень з фермаў у бурты, гноясховішчы вывозяцца дзясяткі тон арганікі.
Падлічана, што пад ураджай 2013 года на палі раёна трэба ўнесці 205 тысяч тон арганічных угнаенняў.

Больш за 50 тысяч тон ужо вывезена і ўнесена пад азімыя ворыўныя культуры: рапс, жыта, пшаніцу, трыцікале.
Зараз вываз угнаенняў на палі не надта эфектыўны, тым больш, што глеба дужа перанасычана вільгаццю. Таму больш эфектыўным з’яўляецца складванне арганікі ў гноясховішчы, бурты. За зіму гной перапрэе, стане яшчэ больш прыдатным для выкарыстання на палях. Увесну яго можна ўжо будзе ўносіць, як толькі на палях падсохне. Штодня з фермаў нарыхтоўваецца і вывозіцца да паўтысячы тон арганічных угнаенняў.
На фермах і комплексах СВФ “Заазер’е” ўсяго ўтрымліваецца 4291 галава буйной рагатай жывёлы. Ад іх за суткі вывозіцца і буртуецца каля 120 тон гною. На робатызаванай ферме ў Юркоўшчыне іншая тэхналогія: гной змываецца ў спецыяльны шматтонны рэзервуар. З яго масу запампоўваюць у бочкі і вывозяць адразу на палі. Штодня такой жыжы вывозіцца ад 350 да 400 тон.
Працаўнікам сельгасарганізацый на нарыхтоўцы і вывазцы арганікі дапамагаюць шэфы. Каля фермаў шчыруюць работнікі прадпрыемства меліярацыйных сістэм, ільнозавода, лясгаса, ДРБУ-202, ДБУ-34, ДЭУ-37, камунальных прадпрыемстваў “Лепель”, “Бароўка” і іншых. Нарыхтавана больш за 75 тысяч тон арганікі, вывезена больш за 73 тысячы тон.
Для надзейнай гарантыі будучага ўраджаю адных арганічных угнаенняў недастаткова. Для аптымальнага развіцця раслінам неабходны ўгнаенні мінеральныя. Патрэба гаспадарак раёна ў туках пад яравую сяўбу складае 6900 тон, з іх калійных — 2800, фосфарных — 1400 тон, азотных — 2700 тон.
Найбольш назапашана азотных тукаў — 27 працэнтаў ад патрэбаў, на працэнт меней завезена калію. А вось фосфарных закуплена толькі адзін працэнт ад запланаванага — 20,9 тоны. Але гэтая акалічнасць не з’яўляецца прадметам занепакоенасці, фосфарныя ўгнаенні ўносяцца непасрэдна перад сяўбой і ў працэсе росту, таму яшчэ ёсць час для іх набыцця, пад гэта рэзервуюцца складскія плошчы, транспартныя магутнасці, грашовыя сродкі.
Калій і азот пад некаторыя культуры можна ўносіць з восені, што і робіцца. Усімі відамі мінеральных угнаенняў найбольш забяспечана сортавыпрабавальная станцыя.
Сярод буйных сельгасвытворцаў найбольш азотных угнаенняў закупіла ААТ “Чарэйшчына” — 35% ад неабходнага, або 85,1 тоны, СГП “Пражэктар” — 92,5 тоны, або 34 працэнты ад патрэбаў, СВФ “Заазер’е” — 17% патрэбнага аб’ёму азотных угнаенняў, або 72,6 тоны.
Калійных угнаенняў найбольш мае ААТ “Ладасна” — 37% ад запланаванага. Другое месца з паказчыкам у 30% займае ААТ “Лядна”. Найменш, 16%, завезена на склады СГП “Пражэктар”.
С. БАЗЫЛЬ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>