Смак хлеба сялянскага

Людзі старэйшага пакалення, і асабліва тыя, хто нарадзіўся, пражыў жыццё ў вёсцы, ніколі не выкідваюць на сметнік хлеб. Заўсёды і крошачкі са стала змятуць — курачкам, а калі ўжо ўпадзе долу акрайчык, падымуць беражліва. Хлебаробы! З іх шэрагаў — Еўдакія Мірановіч, якая жыве ў вёсцы Чэрцы.
У матчынай хаце
У надзвычай прыгожым, можа, найпрыгажэйшым месцы — на стромым

узгорку, па-над возерам, у бэзава-чаромхавым зацішшы — стаяла колісь яе родная хата. Цікава будаваліся раней: хата і гаспадарчыя пабудовы былі адным цэлым. Праз сені — і куратнік, і кароўнік, і стойла для свіней. Каб накарміць жывёлу, не трэба было і на вуліцу выходзіць. Бацькі былі моцным вузлом завязаны на гаспадарцы, без якой, вядома ж, ні самім пражыць, ні дзяцей на ногі падняць. І ў калгасе працавалі: Іван Якаўлевіч — ветэрынарам, Дар’я Максімаўна — у полі. Яшчэ і прыбіральшчыцай у школе рабіла, балазе школа стаяла амаль на іх двары. Але гэта пасля. А ў той час, калі малодшай у сям’і Хаткевічаў Дунечцы яшчэ не споўнілася і чатырох гадкоў, размераны іх сялянскі рытм жыцця перапыніла вайна, пазабірала з хаты ўсіх мужчын. На фронце апынуўся Іван, старэйшы сын Васіль, які на той час паехаў вучыцца ва Украіну. Адтуль быў прызваны на фронт ды так і не вярнуўся з вайны — загінуў у Польшчы ў студзені сорак пятага. Нават сярэдняму, Сцяпану, які фактычна быў падлеткам, давялося і ў лагеры фашысцкім пагараваць, і паваяваць у партызанах. Цікава, што закранула няўскосна вайна і чатырохгадовую Дуню, першы дзіцячы ўспамін якой гэта… турма. Трапілі туды з маці і прабылі ў засценку ў Лепелі можа з месяц. Еўдакія Іванаўна памятае дзядзьку чужога, што ёй, дзяўчынцы малой, якая гуляла ў турэмным дворыку, хлеб скідваў з другога паверха. Памятае жанчыну аднаногую, што частавала яе арэхамі.
Моцным арэшкам стала для сям’і тое ліхалецце. Ад бамбёжак поруч з іншымі вяскоўцамі хаваліся з маці ў склепе, выкапаным на самым ускрайку стромага азёрнага берага. Сядзяць і чуюць тупат ботаў салдатаў, што прабягаюць побач. Адзін скінуў рэчмяшок, у якім быў слоічак незвычайнай формы. Доўга пасля служыў ім сальніцаю і — памяццю пра дні вайны… Аднойчы ледзь не заляцела ў хату граната. Немцы хацелі кінуць, ды цётка Сцепаніда запэўніла іх, што ў хаце ўсё роўна нікога няма.
Старая матчына хата яшчэ доўга служыла ім надзейным прытулкам, пакуль пасля вайны брат Сцёпка не пабудаваў на яе месцы новую, дзе стаў жыць са сваёй новай сям’ёю. Еўдакія ж тым часам таксама выйшла замуж і пачала з Юзікам Мірановічам віць уласнае гняздо…
Вясковая маладосць
Школа была, лічы, на двары, вось толькі вучыцца доўга не выпала. Неўзабаве пасля вайны памёр бацька. Брат Сцяпан спачатку ў войску служыў, затым да ўласнай сям’і адышоў. Гаспадарылі з маці ўдвух. Маці была ўжо старая, хворая, а жыць трэба. Самі дровы вазілі. Насякуць у кустах пацепніку — маці, якая малой служыла ў палякаў, так, на польскі манер, называла дробны алешнік, — нагрузяць воз, вязуць, а кола вазьмі дый адваліся. Разгружаюць. А як тое кола паставіць? Гаравалі… Добра, дапамагалі матчыны браты Змітрок і Даніла — агарод запахаць, ды ці мала. Даніла быў блакаднікам, прывык да ўсяго. Памятае Дуня: наловіць дзядзька вожыкаў, скуру здзярэ, выпатрашыць і смажыць. А тлустыя! Тлушч — як жаўток… Такою вось гаротнаю ды паўгалоднаю была яе маладосць.
У калгасе працавала гадоў з чатырнаццаці. Лён палолі, ірвалі, сена падграбалі. Крыху большымі — сеялі ўгнаенні, успрытніліся ўручную сеяць авёс, падбіралі за жаткай, а то і самі жалі сярпом. Ёсць ля суседняга з Чэрцамі лесу Камоўшчыны невялікая ніўка, адзінаццаць сотак. Еўдакія, памятае, зжала яе сярпом адна. Вазілі торф, мужчыны адбіваюць ламамі кускі, а жанчыны накладваюць… Маладая была, прыгожая, моцная.
Хлопцы даўно ўжо прыглядаліся да Дуні, звалі яе Дусенькай. З Юзікам, будучым мужам і аднавяскоўцам, дагэтуль не перасякаліся. Хлопец у войску служыў, а ў дзяўчыны былі свае сімпатыі, было і першае каханне — Коля Змітракоў. І ён з войска вярнуўся з жонкаю. Юзік упадабае Дуню пасля і нікому яе не аддасць.
Пажаніліся ў пяцьдзясят восьмым, а неўзабаве Юзікава маці цётка Аксіння пайшла цялятніцай на ферму, ды раптам захварэла, працаваць не магла. Еўдакія ўсё часцей падмяняла свякроў, пакуль урэшце сама не стала цялятніцай.
Васямнаццаць гадоў працавала Еўдакія Іванаўна цялятніцай у роднай гаспадарцы “Новы шлях”. Поруч з ёй былі Анфіза Жарнасек, Валянціна Семянько, Надзея Падасінавік, Валянціна Майзус, Тамара Бараноўская. Адзін год даіла кароў.
Апынулася Еўдакія на цялятніку неўзабаве пасля таго, як нарадзіла Раю. Пачынала з цёткай Анфізай у сярэдзіне шасцідзясятых. На той час на іх дзвюх прыходзілася семдзесят цялят. Але гаспадарка расла, развівалася, пагалоўя станавілася ўсё болей — сто, сто дваццаць, урэшце статак дайшоў да ста сямідзесяці галоў маладняку. Асабліва цяжка прыйшлося ў тыя гады, калі яшчэ не прыйшла на ферму механізацыя, працавалі ўручную. Самі секлі дровы, распальвалі ў печках, варылі калатуху, ваду цягалі вёдрамі з крыніцы, якая на той час струменіла непадалёк ад фермы, а пасля — з кацельні, таксама няблізка, пакуль не правялі ўрэшце водаправод. Налівалі ў цэбры. З паплечніцай Валянцінай Семянько касілі траву цялятам, запрагалі каня. Пасля сталі вазіць корм на трактарах, але трэба было залезці на прычэп і адтуль уручную скідваць траву ў кармушкі і ля іх — у запас. Муку нарыхтоўвалі на дзесяць дзён. Семдзесят мяшкоў на плячах трэба перанесці на вагі, адтуль — на трактар.
Цяжка працавалі, праўда, і зараблялі па тым часе добра — па 250 — 300 рублёў. Еўдакія была майстрам першага класа і ёй на кожныя заробленыя сто рублёў дабаўлялі яшчэ семдзесят. Прывагі часам дасягалі 850 грамаў. Але ж не так проста было гэтага дабіцца. Даярка глядзіць цяля першыя дваццаць дзён. Але ж не ўвесь маладняк самастойна за гэты час навучыцца піць. Усе пальцы абсмокчуць, пакуль возішся з імі. А яшчэ падкінуць прынятых ад насельніцтва двухмесячных пераросткаў, якіх піць не навучылі… У Чэрцах на той час было семдзесят тры галавы толькі асабістага дойнага статка.
У гушчыні жыцця
Нельга сказаць, што перадавая цялятніца Еўдакія Мірановіч была абыдзеная ўвагаю ці апынулася на ўзбочыне жыцця калгаса, ды і раёна. Так, цялятнік стаў амаль яе родным домам, які пакідала толькі аднойчы, калі нарадзіла сына Валеру, дый то ненадоўга. Але ж праца не замінала Еўдакіі Іванаўне быць цягам дзесяці гадоў дэпутатам раённага Савета трох скліканняў, чатырох гадоў — засядальнікам у судзе. Для перадавікоў арганізавалі паездку ў Маскву, і яна трапіла ў склад дэлегацыі. Наведалі Аружэйную Палату, былі ў Маўзалеі. На ВДНГ дэманстравалі ім бычкоў-адкормнікаў. Зрэшты, не нашмат горшыя былі і ў “Новым шляху”. На адкорме цялят жывёлаводы Аляксандр Бельскі і Міхаіл Агафонаў дабіваліся сутачнай прывагі да кілаграма, за што першы быў узнагароджаны ордэнам.
Не абмінулі ўзнагароды і Еўдакію. Да стагоддзя з дня нараджэння У. І. Леніна яна атрымлівае юбілейны медаль “За доблесную працу”. Па выніках зімоўкі 1972 — 73 гг. указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР узнагароджана Ганаровай Граматай Вярхоўнага Савета БССР. Зноў жа, у 1973 г. становіцца пераможцай сацыялістычнага спаборніцтва, праз два гады — “Ударнікам дзявятай пяцігодкі”. Яе, члена КПСС, выбіраюць дэлегатам рэспубліканскага сходу партыйна-гаспадарчага актыву ў 1975 годзе. Не кажу ўжо пра ўдзел у раённых партыйных канферэнцыях. Еўдакія пабачыла свет: паездкі ў Маскву і Ленінград, экскурсія ў Балгарыю, адпачынак на Чорным моры і г.д. На схіле працоўнага жыцця яна пакідае працу цялятніцы і пераходзіць на больш лёгкі занятак, якога вымагае пахіснутае здароўе. Працавала поварам у школе і ў дзіцячым садку, малаказборшчыцай — яшчэ ў часіны вялікіх статкаў, калі збірала ад насельніцтва па васямнаццаць тон малака. У 1992-ім пайшла на заслужаны адпачынак. Але ж не сыдзеш у адпачынак ад уласнай гаспадаркі. Пакуль жывы быў Юзік, трымалі і па дзве каровы, і каня, і свіней. Хацелася дапамагчы дзецям, падняць на ногі ўнукаў.
Гадоў шэсць таму мужа не стала. Хата апусцела, вусцішна ў ёй зрабілася адной. Еўдакія Іванаўна распавяла мне шчымлівую гісторыю. Не так даўно яна сустрэлася была са сваім першым юначым каханнем і — ледзь не сышліся з Мікалаем, які на той час таксама страціў жонку, жыў далёка адсюль. Хто б асудзіў гэты іх рашучы запознены крок! Хіба той, хто не ведае адзіноцтва. Але не даехаў, так і памёр Мікалай дзесьці на чужыне.
Бабуля Еўдакія цяжка хварэе, яна і цяпер не пазбаўлена ўвагі — родных, дзяцей, унукаў, што часцяком наведваюць маці і бабулю. Ну, а самай высокай узнагароды таксама дачакалася — праўнука Захара, да якога вось ладзіцца на хрэсьбіны. Што зробіш, не ўмее Еўдакія Іванаўна на месцы сядзець. Такое ў яе жыццё і такі лёс.
Уладзімір МІХНО.
На здымках: паездка ў Маскву.
Фота з архіва Еўдакіі Мірановіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>