Дыялог з чытачамі

Штодзень чытачы звяртаюцца на адрас рэдакцыі са сваімі набалелымі праблемамі. Мы ж у сваю чаргу імкнёмся зрабіць усё магчымае дзеля іх вырашэння.
Жыхарка вёскі Пышна Наталля Залатуха папрасіла аказаць садзеянне па наступнай праблеме:
— На вясковых могілках, дзе пахаваны мае родныя, ёсць некалькі аварыйных дрэваў, якія нізка нахілены і ў любы момант могуць упасці.


Пракаменціраваць сітуацыю мы папрасілі старшыню Пышнянскага сельвыканкама Валянціну Навагран:
— Абслугоўваннем вясковых могілак займаецца камунальнае ўнітарнае вытворчае прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі “Лепель”. Работнікі гэтага прадпрыемства павінны абследаваць тэрыторыю могілак і ліквідаваць старыя дрэвы. 22 кастрычніка ад імя сельвыканкама быў накіраваны зварот на адрас КУВП ЖКГ “Лепель” аб спілаванні аварыйных дрэваў. Пытанне ўзята на кантроль.
А вось якую праблему ў сваім звароце закранула жыхарка вёскі Пышна Аляксандра Мацкевіч:
— Мы не маем магчымасці карыстацца паслугамі пральні. Сярод вяскоўцаў нямала пажылых людзей, якім цяжка памыць бялізну, адзенне, асабліва ў зімні час. Чаму нельга арганізаваць прыём заказаў на мыццё бялізны?
З такім жа пытаннем на адрас рэдакцыі звярнуліся жыхары гэтай жа вёскі Таццяна Скавародка і Ганна Красанава.
Дырэктар КУВП ЖКГ “Бароўка” Уладзімір Аксяновіч адказаў:
— Паколькі ёсць патрэба ў паслугах пральні, мэтазгодна арганізаваць выязны прыём заказаў. Пытанне абавязкова будзе разгледжана.
Вольга Кульба з Лепеля паведамляе:
— Кожны раз, як толькі пачынаюцца школьныя канікулы, адмяняецца ранішні рэйс аўтобуса па маршруце № 3. Аднак ён патрэбны не толькі вучням школ, а і многім жыхарам мікрараёна гімназіі. Сярод пастаянных пасажыраў гэтага маршруту — маладыя маці, пажылыя, інваліды. У перыяд школьных канікулаў яны вымушаны дабірацца да цэнтра горада пехатой.
Пракаменціраваць зварот мы папрасілі дырэктара ААТ “Аўтатранспартнае прадпрыемства № 14” Міхаіла Казімірчыка:
— Праблему вырашым у бліжэйшы час. Прадпрыемствам набыты новы аўтобус на 100 месцаў. Ён будзе задзейнічаны на маршруце № 3. Раніцай пасажыры змогуць без цяжкасцей дабірацца да цэнтра горада.
У гэты ж дзень патэлефанавала Вера Пугач, настаўніца Грыгаравіцкай пачатковай школы:
— Ад імя жыхароў вёскі прашу дапамагчы ў выратаванні лебедзя. Няшчасная птушка не можа плыць. Вакол лебедзя ўтварылася ледзяное покрыва.
З гэтым жа пытаннем на адрас рэдакцыі звярнулася жыхарка вёкі Грыгаравічы Надзея Разумава.
Тлумачыць сітуацыю выконваючы абавязкі начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Юрый Локцеў:
— Работнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях тэрмінова выехалі ў вёску Грыгаравічы, аднак лебедзя на возеры не аказалася.
Жыхарка вёскі Казлы Ганна Ляйко:
— Працяглы час у мяне не працуе тэлефон. Неаднаразова звярталася ў раённы вузел электрычнай сувязі, але дапамогі не атрымала. Мяне непакоіць яшчэ адно пытанне. Мой дом знаходзіцца непадалёк ад кар’ера, у канцы вёскі. Як толькі пачынаецца снегапад, па дарозе цяжка прайсці, а тым больш праехаць транспарту. З-за вялікіх снежных сумётаў да мяне праблематычна прыехаць “хуткай дапамозе”, работнікам “Лепельрайгаза”, якія дастаўляюць балоны.
Першае пытанне Ганны Ляйко каменціруе начальнік Лепельскага раённага вузла электрычнай сувязі Анатоль Купрэвіч:
— Аб тым, што ў жыхаркі вёскі Казлы даўно не працуе тэлефон, чую ўпершыню. Пытанне будзе вырашана ў бліжэйшы час.
Пытанне своечасовай расчысткі дарогі ад снегу ў вёсцы Казлы рэдакцыяй узята на кантроль.
Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>