Сотки частные — польза общая

 

457a4f58a0897f10b9545de00b8b27e8Абмалот збожжа на вясковых палетках вядзецца не для атрымання прыбытку. Гэта сацыяльны праект, накіраваны на задавальненне надзённых патрэб сельскіх жыхароў .

Нам удалося амаль цалкам абмалаціць агароды вяскоўцаў яшчэ да таго, як інтэнсіўна пайшлі дажджы, – задаволена сказаў старшыня Слабадскога сельвыканкама Валерый Садоўскі. – Засталіся толькі некалькі ўчасткаў, уладальнікі якіх жадаюць абмалочваць збожжа камбайнамі УП «Пражэктар-Агра», у асноўным гэта работнікі названага прадпрыемства.
Абмалот вясковых агародаў заўсёды быў праблемным пытаннем, пра гэта ведаюць многія сельскія жыхары. Вядома, што ў першую чаргу вядзецца жніво на калгасных палетках, і толькі потым даецца дазвол выехаць на соткі. Аднак як быць, калі нагрузка на збожжаўборачную тэхніку ў саміх сельгасарганізацыях вельмі вялікая, калі на камбайн пры нарматыве ў 230-260 гектараў прыпадае па 400, а то і больш? А калі яшчэ пойдуць дажджы, як у мінулым годзе, – тады зусім вялікая праблема. Камбайна вяскоўцы могуць дачакацца хіба што ў сярэ­дзіне верасня. А да гэтага часу збожжа, калі яно пераспелае, можа абсыпацца з каласоў, а можа і прарасці ад вільгаці.
Аднак справа істотным чынам палепшылася з утварэннем камунальных унітарных прадпрыемстваў (КУПаў) пры сельвыканкамах. Так, пры Слабадскім сельсавеце было арганізавана КУП «Свяда», па былой назве аграгарадка Слабада. Для аказання палуг насельніцтву УП «Пражэктар-Агра» было перададзена «Свядзе» некалькі адзінак старой тэхнікі, у тым ліку і камбайн КЗС-7.
Пра апошні ўзор варта распавесці асобна. Пасля развалу Савецкага Саюза перад сельгасвытворцамі рэспублікі паўстала праблема абнаўлення парку сельскагаспадарчай і, у прыватнасці, зернеўборачнай тэхнікі. Задача была пастаўлена перад прадпрыемствамі сельгасмашынабудавання. Першымі выканалі работу працаўнікі ВА «Гомсельмаш», якія выпусцілі камбайн КЗС-7. Упершыню ён быў прадстаўлены ў 2001 го­дзе, выпускаўся да 2005 года. У наступныя гады на замену гэтаму камбайну прыйшлі яшчэ больш магутныя і высокапрадукцыйныя – КЗС-10 і КЗС-1218, якія ў цяперашні час складаюць аснову зернеўборачнага парку сельгасарганізацый.
– Наша «сямёрачка» старэнькая, таму патрабуе асабліва пільнай увагі, рэгулярнага тэхнічнага абслугоўвання і перыядычнага рамонту, – кажа Валерый Іванавіч. – Шкада, што запчасткі для яе ўжо даўно не выпускаюць.
Між тым КЗС-7 многія, асабліва тыя, хто на ім працаваў, характарызуюць як аптымальную машыну для абмалоту невялікіх участкаў са складанай канфігурацыяй. Амаль усюды заедзе, развернецца.
На камбайне «Свяды» працуе Дзмітрый Пшонка. Дзякуючы яго адказнасці, добрасумленнай рабоце тэхніка захоўвае працаздольнасць. Валерый Садоўскі расказвае:
– За гады працы састарэў зерневы шнэк. Новага няма, такія ўжо некалькі гадоў не выпускаюць. Дзмітрый шчыраваў некалькі дзён, але механізм давёў да ладу, наварыў лопасці.
Варта патлумачыць. Лопасці шнэка вырабляюцца з тонкага ліставога металу, для зварвання якога спецыяліст павінен мець высокую кваліфікацыю і багаты вопыт. Падобная праца карпатлівая, забірае шмат часу.
Падобных паломак на камбайне здараецца даволі шмат.
– На шчасце, камбайн сёлета адпрацаваў добра, – успамінае Валерый Іванавіч. – На ім былі абмалочаны амаль усе агароды, толькі ў час апошняга абмалоту здарылася прыкрая паломка – выйшла са строю каробка пераключэння хуткасцяў. Ледзьве даехалі на ім да мехдвара.
– І што далей? Вы ж казалі, што запчасткі да КЗС-7 ужо не выпускаюць…
– Так. Аднак у некаторых гаспадарках захаваліся старыя, напалову разабраныя камбайны, там і можна пашукаць запчасткі. Скажу так: у нас ужо, лічыце, ёсць каробка. Няхай сабе і былая ў карыстанні. Думаю, у наступным сезоне мы зноў зможам аказ­ваць паслугі насельніцтву.
– З якімі цяжкасцямі ў працы яшчэ даводзілася сустракацца?
– Пад’езд да некаторых агародаў быў вялікай праблемай. Вось, напрыклад, вяс­ковец, які сам шмат гадоў адпрацаваў на сельскагаспадарчай тэхніцы, ведае, што такое габарыты машыны, яе праходнасць. Калі ён выбірае поле для сяўбы збожжа, абавязкова ўлічвае, як потым камбайн зможа да яго праехаць. Аднак ёсць вяскоўцы, якія вядуць сяўбу на маленькіх участках. Да такіх, бывае, немагчыма пад’ехаць на габарытным камбайне. Замінаюць то яблыні, то ліпы, а то і гаспадарчыя пабудовы, канавы ці агароджы.
– Наколькі ж аказанне паслуг насельніцтву ў абмалоце агародаў рэнтабельнае для КУП «Свяда»?
– Адразу скажу – складанае пытанне! На бягучы год мы ўстанавілі цану абмалоту ў 2 рублі 50 капеек за сотку. Многія вяскоўцы скардзіліся, што гэта вельмі дорага. Некаторыя чакалі, пакуль правядуць абмалот камбайны УП «Пражэктар-Аг­ра» – там танней. Вядома, гэта іх выбар. Аднак пераважная большасць вясковых гаспадароў ставілася з паразуменнем, аплачвалі паслугі ў поўнай меры. Цяпер пра рэнтабель­насць. Яна ў нас нулявая – даходы ад аплаты за абмалот агародаў толькі крыху перавысілі расходы. Усяго было абмалочана каля 25 гектараў участкаў. Да таго ж варта разумець, што гэта не адно поле, а дзясяткі асобных палеткаў. Калі ў звычайным рэжыме камбайн за гадзіну зжынае гектар, то на вясковых палетках гадзіна затрачваецца на ўчастак у 10-15 сотак: трэба пад’ехаць, прыстасаваць тэхніку і зжаць (часта заездамі, бо развярнуцца праблемна). Затым патрэбна высыпаць намалот і выехаць. Важны артыкул расходаў – паліва на пераезды. Сёлета, напрыклад, камбайн працаваў у вёсцы Бяседы – за 15 кіламетраў адсюль, каб абмалаціць адзін агарод. Больш там збожжа ніхто не сее. 30 кіламетраў прабегу для камбайна – гэта таксама расходы, якія пэўным чынам трэба кампенсаваць. Вось так, адзін за адным, утвараюцца расходы, якія трэба пакрываць з выручкі, атрыманай ад нашых вяс­коўцаў.
– Калі з абмалотам агародаў столькі клопатаў, то можа варта было б адмовіцца ад гэтай справы?
– Ні ў якім выпадку! Як можна пакінуць вяскоўцаў без важнай для іх паслугі?
Так, КУП «Свяда», як і іншыя КУПы пры сельвыканкамах, працуе са значнымі цяжкасцямі. Аднак гэта паслуга аказваецца не для атрымання прыбытку. Гэта сацыяльны праект, накіраваны на задавальненне надзённых патрэб вясковых жыхароў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>