Школьная линейка в Стайской СШ Лепельского района

img_7639Надыход Дня ведаў – гэта заўсёды доўгачаканая падзея не толькі для вучняў і настаўнікаў. За некалькі летніх месяцаў хлопцы і дзяўчаты становяцца больш дарослымі, сур’ёзнымі, многія ўжо задумваюцца пра сваю далейшую прафесію.

 

І калі для першакласнікаў школьная лінейка – гэта першыя крокі ў краіну ведаў, то для выпускнікоў гэта шчымлівыя акорды, бо ў хуткім часе адбудзецца развітанне са школай. Аднак менавіта яны, выпускнікі, з’яўляюцца гонарам школы. Сваімі шматлікімі поспехамі яны паказваюць высокі вынік працы педагогаў.
Сёлета двое навучэнцаў Стайскай сярэдняй школы – Яўген Залатуха і Дана Шыць – закончылі ўстанову з залатым медалём. Выпускніца Дар’я Марчанка стала пераможцай заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і залічана на філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта па-за конкурсам, без праходжання ўступных выпрабаванняў. Усе выпускнікі дасягнулі высокіх вынікаў на цэнтралізаваным тэсціраванні. Так, па беларускай мове вучні Стайскай сярэдняй школы паказалі самы высокі вынік у раёне і вобласці. Сярэдні бал, які атрымалі сямёра вучняў школы пры праходжанні тэсціравання па гэтым прадмеце, склаў 84,7 працэнта (сярэднеабласны паказчык – 57,2 працэнта). Лепшага выніку вучні Стайскай школы дасягнулі і пры здачы тэсціравання па фізіцы – 67 працэнтаў пры сярэднеабласным паказчыку 53,64 працэнта. Па матэматыцы выпускнікі Стайскай школы атрымалі 62 балы, па хіміі – 64, па біялогіі – 70,5 працэнта, а па гісторыі Беларусі – 55. 9 чалавек сталі студэнтамі вышэйшых навучальных устаноў. Сярод іх чацвёра выпускнікоў паступілі ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, адзін – у Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Адзін выпускнік стаў студэнтам Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка, двое – Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. Машэрава і адзін – Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Паступова паляпшаецца і матэрыяльна-тэхнічная база ўстановы адукацыі. Сёлета для Стайскай сярэдняй школы былі набыты шматфункцыянальнае ўстройства, маразільны лар, мульціборд і спартыўны інвентар. Прадстаўнікамі Віцебскага аблвыканкама выдзелена 5 тысяч рублёў для набыцця 7 камп’ютараў за высокія вынікі ў заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды. Вядома, гэта дастойны пачатак навучальнага года і новы этап сур’ёзнай работы.
Для таго, каб ад душы павіншаваць вучняў са значнымі поспехамі, на ўрачыстую лінейку ў Стайскую сярэднюю школу завіталі першы намеснік Старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь Васіль Герасімаў, старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці Уладзімір Гадзяцкі, а таксама старшыня Лепельскага райвыканкама Міхаіл Кісялевіч і начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Анатоль Карпіцкі.
img_7593…Пад пранікнёныя акорды музыкі на лінейку выходзяць вучні школы. Па традыцыі пад цёплыя апладысменты гасцей на лінейку разам з выпускнікамі і першымі настаўнікамі Дзінай Ермаковай і Наталляй Крыўко выходзяць першакласнікі. Права падняць дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь атрымаў шматразовы ўдзельнік, пераможца раённых і абласных алімпіяд па інфарматыцы і замежнай мове, навучэнец 11 класа Уладзімір Шчэрбік.
Вельмі прыемна было назіраць за тым, як усе вучні школы і педагогі разам выканалі гімн Рэспублікі Беларусь.
Шчырыя словы віншаванняў у адрас вучняў, іх бацькоў і педагогаў выказала дырэктар Стайскай сярэдняй школы Галіна Гарбёнак. Яна расказала пра шматлікія поспехі вучняў школы і выказала шчырую падзяку прадстаўнікам мясцовай улады за ўсебаковую падтрымку, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы школы.
img_7575Цёпла прывіталі вучняў і настаўнікаў таксама шаноўныя госці. Першы намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь Васіль Герасімаў адзначыў, што Стайская сярэдняя школа па ўзроўні падрыхтоўкі вучняў займае дастойнае месца не толькі ў Віцебскай вобласці, а і рэспубліцы. Васіль Мікалаевіч выказаў упэўненасць, што ўчарашнія выпускнікі школы стануць выдатнымі спецыялістамі і яшчэ не раз праславяць школу сваімі працоўнымі дасягненнямі. Пад шчырыя апладысменты гасцей Васіль Герасімаў уручыў школе 4 ноутбукі, якія абавязкова спатрэбяцца вучням. Не пашкадаваў цёплых слоў у адрас вучняў таксама і старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь Уладзімір Га­дзяцкі.
img_7552– Школа з’яўляецца пачаткам усіх пачаткаў, крыніцай першых поспехаў і перамог, гаючым агеньчыкам, які сагравае нас на жыццёвым шляху і натхняе на шляху да новых вышынь. Няхай жа ваша падарожжа па краіне ведаў будзе светлым, напоўненым яркімі, радаснымі падзеямі і высокімі вынікамі, – цёпла пажадаў вучням старшыня райвыканкама Міхаіл Кісялевіч.
– Лепельшчына можа па праве ганарыцца поспехамі юных эрудытаў, якія штогод паказваюць высокія вынікі на абласных, рэспубліканскіх алімпіядах і тым самым праслаўляюць Лепельшчыну па ўсёй краіне. Няхай жа ніколі не згасаюць вашы энергія, ініцыятыва, прагнасць да ведаў, а новы навучальны год прынясе школе новыя важкія поспехі! – пажадаў вучням начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Анатоль Карпіцкі. Ад раённай улады Стайскай сярэдняй школе быў падораны спартыўны інвентар.
Цудоўны настрой удзельнікам урачыстасці падарыла выступленне Заслужанага аматарскага фальклорнага калектыву Рэспублікі Беларусь «Сунічкі», якія на некалькі хвілін вярнулі ўсіх гасцей у часы маладосці нашых бабуль і дзядуляў, што з запалам спявалі і танцавалі на вячорках.
Песняй, прысвечанай роднай Беларусі, прывіталі гасцей юныя спявачкі Дар’я Міхно і Паліна Крыцкая. Шмат станоўчых эмоцый гасцям пакінула выступленне маленькіх першакласнікаў, якія прачыталі вершыкі.
Немагчыма было стрымаць слёз, калі вершаваныя радкі, прысвечаныя любімай школе, прачыталі адзінаццацікласнікі – будучыя выпускнікі. Пад шчырыя апладысменты гасцей яны ўручылі першакласнікам ключ ад краіны ведаў. Права даць першы школьны званок было прадастаўлена вучню адзінаццатага класа Уладзіміру Шчэрбіку і першакласніцы Анастасіі Шкіранда.
Паважаныя госці пабывалі на адкрытых уроках для вучняў першага класа і старшакласнікаў, прайшлі па ўтульных школьных кабінетах і пазнаёміліся з арганізацыяй харчавання.
– Можна з упэўненасцю сказаць, што як навучальны, так і гаспадарчы працэс у школе арганізаваны на высокім узроўні, – адзначыў першы намеснік Старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь Васіль Герасімаў. – Няхай жа наперадзе вас чакае яшчэ шмат здзяйсненняў і заслужаных узнагарод, – ад душы пажадаў школе шаноўны госць.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>