Новый асфальт на сельских улицах

img-aa061e6b40ca25de2a490e6a740292bb-vБягучым летам для жыхароў Чэрцаў і Адамаўкі ад раённай улады быў падрыхтаваны выдатны падарунак – па вясковых вуліцах пакладзена новае асфальтавае пакрыццё. Дарогі ўжо даўно патрабавалі рамонту, вуліцы былі ў ямінах
і выбоінах.

У канцы красавіка ў вёсках пачалі працаваць рабочыя, а ўжо ў ліпені мясцовыя жыхары, рухаючыся на ўласных аўтамабілях, ацанілі вартасць і якасць абноўленых вуліц. Асабліва ўзрадаваліся абнаўленню дзеці і падлеткі, якія ездзяць па асфальце на веласіпедах.
– Усяго на балансе прадпрыемства знаходзіцца каля 650 кіламетраў дарог. У асноўным гэта мясцовыя дарогі, якія злучаюць паміж сабой вёскі раёна і па якіх штодзень ездзяць нашы жыхары, аўтатрактарная тэхніка сельгаспрадпрыемстваў і іншых арганізацый, – кажа дырэктар філіяла «Лепельскае ДРБУ №202» РУВП «Віцебскаўтадар» Яўген Шыдлоўскі. – Нашы дарожныя артэрыі вельмі запатрабаваныя, таму па прычыне інтэнсіўнага руху асфальтавае пакрыццё псуецца, паездкі могуць быць нязручнымі. За апошнія гады актывізавалася фінансаванне работ па рамонце і абслугоўванні мясцовых дарог.
– Чым для вас адметная дарога ў Чэрцах і Адамаўцы?
– Сёлета гэта быў самы працяглы адрамантаваны ўчастак – 3 кіламетры дарогі Н-15961, які вядзе ад аршанскай трасы ў бок вёскі Двор Людчыцы. Так, усю дарогу мы не адрамантавалі, звярнулі асаблівую ўвагу на ўчасткі, якія праходзяць непасрэдна па вёсках.
– Чаму не ўдалося адрамантаваць усю дарогу – не хапае тэхнікі або работнікаў?
– Тэхнікі хапае. Нядаўна была праведзена мадэрнізацыя асфальтабетоннага завода, набыты новы асфальтаўкладчык, якім, дарэчы, кіраваў Яўген Стэльмах. З работнікамі таксама праблем няма – прадпрыемства цалкам укамплектавана працаўнікамі. На летні сезон наймалі дадатковых работнікаў па працоўных дагаворах. Галоўны недахоп – грошы. Для параўнання: кіламетр капітальнага рамонту дарогі каштуе каля 120 тысяч рублёў. І гэта пры ўліку, што мы стараемся зэканоміць па максімуме без урону якасці.
– Якім чынам?
Да размовы далучаецца галоўны інжынер філіяла «Лепельскае ДРБУ №202» Віктар Бязручанка:
– Напрыклад, калі цалкам выкарыстоўваць тэхналогію, то дарожнікі пры капітальным рамонце або будаўніцтве павінны зняць усё пакрыццё, якое састарэла. Аднак жа на вясковых вуліцах рэшткі ранейшага асфальту, няхай сабе і старога, з’яўляюцца неблагой асновай. Яміны мы засыпалі шчэбнем, падраўнялі аснову і на яе паклалі асфальт. У сярэднім атрымаўся слой у 6 сантыметраў. А зверху яшчэ падсыпалі шчэбнем з эмульсіяй.
– Наколькі такі варыянт рамонту надзейны?
– Гарантыя на верхняе пакрыццё – 2 гады, на ўвесь рамонт – 5 год. Адзначу, што за апошнія 2 гады нараканняў на няякасны рамонт не паступала. Дарога ж, адрамантаваная такім чынам, разлічана не менш, як на 10 гадоў эксплуатацыі.
– Колькі часу спатрэбілася на правядзенне рамонтных работ?
– Рамонт праводзіўся ў 2 этапы па 1,5 кіламетра кожны. Больш часу і намаганняў заняла падрыхтоўка да рамонту. Трэба было зрабіць неабходную праектна-каштарысную дакументацыю, правесці абследаванні і ўзгадненні. Асобным пунктам стаў запуск асфальтабетоннага завода. Гэта не аўтамабіль, які можна завесці за хвіліну, адпрацаваць некалькі гадзін, а потым паставіць на парковачную пляцоўку і выключыць. Адзін толькі запуск завода займае палову працоўнага дня, калі не больш. Таму падбіраем час, каб было як мага больш аб’ектаў, якія адразу трэба забяспечыць асфальтам. Непасрэдна ўкладкай асфальту займаліся няшмат. Таму можна сказаць, што наша прадпрыемства магло б выканаць і значна большы аб’ём работы. Стрымлівае адно – фінансаванне.
– Як мясцовыя жыхары ўспрынялі вестку пра абнаўленне дарогі? – пытаюся ў Віктара Бязручанкі.
– З захапленнем і радасцю. Выходзілі, пыталіся, дзякавалі. А пра дзяцей і падлеткаў і казаць няма чаго! Якраз летам, калі мы працавалі, іх на канікулы да бабуль і дзядуляў прыехала даволі шмат. Перад пасыпкай шчэбнем асфальт быў увогуле гладкі, прыдатны для катання на роліках і скейтах. Гэтым хлопчыкі і дзяўчынкі адразу і скарысталіся. Зараз жа па абноўленай дарозе весела пракаціцца на ровары. Яшчэ адно важнае дапаўненне. У час работы мы звярталі ўвагу на з’езды і павароты. Усіх акалічнасцяў на этапе складання праекта немагчыма ўлічыць, часта на месцы звяртаем увагу на выезды з двароў і павароты. Мясцовыя жыхары прасілі звярнуць увагу і на іх. Па меры сіл і пры наяўнасці матэрыялаў ішлі ім насустрач.
Сезон актыўных дарожна-будаўнічых і рамонтных работ набліжаецца да завяршэння. Працаўнікі філіяла «Лепельскае ДРБУ №202» сёлета пашчыравалі на славу. Аднак ужо цяпер кіраўніцтва прадпрыемства задумваецца пра перспектыву, распрацоўвае праекты на наступны год.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>