В Лепельском центре ремесел реконструировали рушник в технике «в матузы»

 

 

zolotuxo-szolotuxo2Зазірнуўшы ў Лепельскі цэнтр рамёстваў, застала майстра народных рамёстваў Святлану Залатуха за цікавай працай. Жанчына ткала рушнік. Чамусьці на яго адразу і звярнула ўвагу. Штосьці падказвала, што рэч не зусім звычайная, ды і Святлана Мікалаеўна занадта клапатліва выконвала гэтую справу.

— Калісьці падчас адной з экспедыцый па пошуку аўтэнтычных ткацкіх вырабаў у лепяльчанкі Валянціны Бондал, 1935 года нараджэння, заўважылі адмысловы рушнік. З часам выраб страціў свой прывабны выгляд, але не згубіў арыгінальнасці. Ён і зараз знаходзіцца ў фондах Лепельскага Цэнтра рамёстваў як вельмі каштоўная рэч, — кажа Святлана Мікалаеўна.

Рушнік выкананы ў тэхніцы «ў матузы». Гэты від вельмі падобны на бранае 2-уточнае ткацтва. На станку ніці асновы запраўляюцца ў два ніты (палатнянае перапляценне). На дошчачку-бральніцу набіраецца ўзор не па ліку нітак, а па ліку пучкоў, куды ўваходзіць некалькі нітак асновы. Узорны зеў фіксуецца «матузамі» ці паўнітамі.  «Матузамі» можна карыстацца некалькі разоў у адрозненне ад бранага ткацтва, а чарговасць можна выбіраць зыходзячы са свайго пункту гледжання. Аднойчы набраны ўзор можна паўтарыць некалькі разоў. Ён ствараецца ніткамі утка, якія пракладваюцца праз усю шырыню рушніка.

— Гэты від ткацтва вядомы ў Беларусі з канца XIX стагоддзя, — кажа Святлана Мікалаеўна.

Паназірала за ўпэўненымі рухамі рук майстрыхі некалькі хвілін і для сябе адзначыла, што гэта праца вельмі карпатлівая і патрабуе дапамогі. У даўнія часы ў адным доме часцей пражывала некалькі пакаленняў. І, як звычайна, у такой справе бабуля ткала, а ўнукі ёй дапамагалі.

Пры ткацтве «у проста» жанчыны націскаюць на педалі і ўточак туды-сюды апракідваюць і прабіваюць. Пры тэхніцы «ў матузы» на кожным узоры трэба падняць дошчачку, пракінуць нітку, прыбіць, потым націснуць на педалі, зноў пракінуць нітку, прыбіць і гэтак далей. Увесь час трэба быць вельмі сканцэнтраваным, каб не нарабіць памылак.

Як адзначае майстрыха, калі працавала над саянам (сарафанам), які зроблены ў той жа тэхніцы, спачатку палічыла, што гэта чатырохнітовае ткацтва. Заправіла станок, пачала працу і… расчаравалася. Потым разам з Наталляй Петуховай разбіраліся, распрацоўвалі тэхніку «ў матузы», каб дабіцца патрэбнага выніку.

Паспрабавала на дотык стары рушнік. Здавалася б, сатканы з ільну, але ж які ён стаў мяккі… Колькі мыцця перанёс за доўгі час эксплуатацыі? Цяперашні ж рушнік робіцца з баваўняных нітак — адразу бялюткі і прыемны пры дакрананні.

У аднаўленні арыгінальнай тэхнікі Святлане Залатуха дапамагае дачка Валянціны Бондал — Наталля Петухова, таксама вядомая майстрыха на Лепельшчыне.

***

У чарговы раз упэўнілася, што ў нашым горадзе ёсць утульны куток пад назвай Цэнтр рамёстваў. Зайшоўшы сюды, акунаешся ў незвычайны свет даўніны. Лепельскія майстрыхі ствараюць сапраўдныя цуды! Яны маюць асаблівую здольнасць — бачыць у простых рэчах, на якія мы часам не звяртаем увагі, прыгажосць. Яны даказваюць, што наша зямля багатая традыцыямі і таленавітымі людзьмі. Дзякуючы ім захоўваецца народная спадчына, а каштоўныя рэчы не адыходзяць у небыццё.

Супрацоўнікі цэнтра — жаданыя госці на ўсіх гарадскіх святах. Іх выставы і майстар-класы карыстаюцца папулярнасцю ў людзей любога ўзросту і розных захапленняў. Творчыя людзі заўсёды гатовыя падзяліцца сваімі ведамі і ўменнямі.

Жадаем майстрыхам невычэрпнага натхнення і дасягнення новых творчых вяршыняў, бо захаванне і адраджэнне народнага майстэрства — справа вельмі важная і патрэбная.

Наталля ХРАПАВІЦКАЯ.

Арыгінал рушніка, які захоўваецца ў фондах цэнтра.

Святлана Залатуха рэканструіруе рушнік.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>