Подарки жителям Лепельщины

 

img_6851Галоўнымі накірункамі дзейнасці мясцовай улады з’яўляюцца стварэнне камфортных умоў для жыцця грамадзян, вырашэнне іх набалелых праблем. Прыемна заўважаць, як набываюць новае аблічча, добраўпарадкоўваюцца тэрыторыі ля гарадскіх устаноў і арганізацый, ствараюцца належныя ўмовы для гульняў дзяцей і вучняў школ. Чарговыя падарункі для жыхароў раёна былі падрыхтаваны на мінулым тыдні.
img_6396Новая станцыя абезжалезвання
Першым новым аб’ектам, адкрыццё якога адбылося ў гэты дзень, стала станцыя абезжалезвання ў аграгарадку Горкі. У сельскім населеным пункце, дзе пражывае больш за 200 чалавек, у тым ліку шмат маладых сем’яў, узнікла праблема якасці пітной вады. Пытанне было ўзята на кантроль райвыканкама, і пачаліся неабходныя работы па будаўніцтве станцыі. Як жа было прыемна мясцовым жыхарам убачыць новы будынак станцыі, які з’явіўся тут менш чым за 2 месяцы! Вядома, гэта стала для іх найлепшым падарункам.
На ўрачыстым адкрыцці станцыі абезжалезвання ў аграгарадку сабралася шмат гасцей. Мясцовым жыхарам было падорана сапраўднае свята. Мілагучным лейтматывам ліліся спевы ў выкананні ўдзельнікаў вакальнай групы Горскага сельскага Дома культуры. Цёпла прывітаў усіх гасцей і старшыня райвыканкама Міхаіл Кісялевіч:
– Вядома, што адной з неад’емных частак жыццядзейнасці чалавека з’яўляецца спажыванне вады. Захоўванне гігіены, штодзённае прыгатаванне ежы, вільготная ўборка, мыццё – чалавеку пастаянна патрэбна вада. Асабліва важна, калі яна мае належную якасць. Мы робім усё магчымае дзеля таго, каб жыхары Лепельшчыны маглі карыстацца чыстай пітной вадой. Усяго ў раёне дзейнічае 6 станцый, яшчэ 2 будуць адкрыты ў бліжэйшы час. У мінулым годзе такі аб’ект быў адкрыты ў вёсцы Заслонава. І вось сёлета нам удалося ажыццявіць чарговую задуму – пабудаваць станцыю абезжалезвання ў аграгарадку Горкі. Вядома, што зараз якасць пітной вады стала значна лепшым. На будаўніцтва станцыі было затрачана 208 тысяч рублёў, – адзначыў Міхаіл Леанідавіч.
img_6402 img_6377Шчырыя пажаданні ў адрас жыхароў аграгарадка Горкі прагучалі таксама з вуснаў дырэктара філіяла «Лепельводаканал» УП «Віцебскаблводаканал» Юрыя Шыпкіна. Ад душы падзякавала прадстаўнікам мясцовай улады за клопат пра людзей кіраўнік справамі Горскага сельвыканкама Ларыса Віткоўская.
Для таго, каб ацаніць якасць пітной вады, у будынак станцыі былі запрошаны ганаровыя госці. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Іван Гар­дзейчык, старшыня райвыканкама Міхаіл Кісялевіч, намеснік старшыні райвыканкама Віктар Азаронак, старшыня раённага Савета дэпутатаў Ігар Урбан і іншыя прысутныя пакаштавалі чыстай вады, выпрацаванай станцыяй.

img_6817Сучасная спартыўная зала
У гэты ж дзень адбылося адкрыццё і другога важнага аб’екта – абноўленай спартыўнай залы дзяржаўнай установы адукацыі “Сярэдняя школа №1 г.Лепеля”.
Урачыста сустрэлі гасцей вядучыя – вучні 11 класа Арцём Пшанко і Анастасія Мілая, якія ўславілі ў сваіх вершах прыгажосць роднай Лепельшчыны і ўсёй Беларусі.
Прывітала ўдзельнікаў мерапрыемства і дырэктар дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа №1 г.Лепеля» Аксана Харлёнак, якая адзначыла, што для таго, каб спартыўная зала набыла сучасны доб­раўпарадкаваны выгляд, была праведзена значная работа. Заменены аконныя блокі, зроблены рамонт столі, даху, пафарбаваны сцены, заменена падлога і г.д. Акрамя таго, праведзена добраўпарадкаванне тэрыторыі будынка спартыўнай залы, зроблены рамонт ганку, пандус і нала­джана сучаснае асвятленне. Усяго на правядзенне неабходных рамонтных работ было затрачана 105 тысяч рублёў. Аксана Леанідаўна выказала шчырую падзяку прадстаўнікам мясцовай улады і аддзела па адукацыі райвыканкама за ініцыятыву па рамонце залы і ўсебаковую падтрымку пры правядзенні шэрага работ.
Госці з задавальненнем наведалі абноўленую спартыўную залу і пераканаліся ў тым, што для вучняў сярэдняй школы №1 створаны належныя ўмовы для заняткаў фізкультурай.

img_6858 img_6847Утульны куток ля бібліятэкі
Многія жыхары раёна, несумненна, памятаюць, як раней выглядала тэрыторыя, што прылягае да дзяржаўнай установы культуры “Лепельская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма”. Зараз жа яна нагадвае цудоўны зялёны куток. Кожны з прахожых мае магчымасць не толькі ўзяць у бібліятэцы любімае выданне, а і пачытаць яго, седзячы на лавачцы сярод зеляніны маладых дрэўцаў і падыхаць свежым паветрам. Незвычайную прыгажосць сваімі рукамі стварылі самі работнікі бібліятэкі пад кіраўніцтвам Алены Мазго.
Цёплыя словы падзякі за штодзённую добрасумленную працу на карысць раёна, адданасць даручанай справе выказаў работнікам бібліятэкі старшыня райвыканкама Міхаіл Кісялевіч. Дырэктару бібліятэкі Алене Мазго і яе намесніку Іне Юшко Міхаіл Леанідавіч уручыў Ганаровыя граматы райвыканкама за значную работу па доб­раўпарадкаванні тэрыторыі ДУК “Лепельская ЦБС” і актыўны ўдзел у грамадска-палітычных мерапрыемствах. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Ігар Урбан узнагародзіў Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў начальніка ўпраўлення цэнтралізаванага гаспадарчага абслугоўвання Вольгу Шарстук за добрасумленную плённую работу, высокі прафесіяналізм і эфектыўную работу па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў Лепельскага раённага Савета дэпутатаў.
Шчырыя словы падзякі за садзеянне ў добраўпарадкаванні прадстаўнікам мясцовай улады выказала і дырэктар цэнтральнай раённай бібліятэкі Алена Мазго.

Абноўлены помнік партызанам і падпольшчыкам
Значнай падзеяй стала таксама адкрыццё абноўленага помніка партызанам і падпольшчыкам ля аб’яднанага райваенкамата. Юныя артысты дзяржаўнай установы адукацыі “Гімназія імя І.Ерашова” выступілі перад гасцямі з пранікнёнай кампазіцыяй, прысвечанай тэме вайны.
Назіраючы за інсцэніроўкай, многія прысутныя не маглі стрымаць слёз. Пад чуллівыя гукі музыкі прадстаўнікі мясцовай улады, пачэсныя госці ўсклалі вянкі і кветкі да помніка.
Адкрыццё новых аб’ектаў на Лепельшчыне стала яскравым доказам таго, што ў нашым раёне клопату і ўвазе да патрэб людзей, вырашэнню іх надзённых пытанняў надаецца асаб­лівае значэнне.

img_6907

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>