Зарплата в конверте — социальный капкан

 

img_5616Далёка не кожны жыхар нашай краіны, пагаджаючыся на ценявыя грошы, бачыць адваротны бок медаля, а пры выхадзе на пенсію прыходзіць у жах ад таго, наколькі яна маленькая.

На кантролі

Выплата так званай «зарплаты ў канвертах» — гэта сур’ёзная праблема не толькі для эканомікі краіны, а і для кожнага грамадзяніна, які атрымлівае грошы такім чынам. Апынуўшыся ў такой сітуацыі, чалавек у ліку астатніх становіцца ўдзельнікам небяспечнай гульні з законам, якая мае назву «ценявая эканоміка». Недапушчэнне фактаў выплаты «канвертнай зарплаты» мае важнае значэнне. Больш падрабязна на гэту тэму пойдзе наша размова ў інтэрв’ю з начальнікам Лепельскага раённага аддзела Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Вольгай Хейлік:

— Вольга Мікалаеўна, наколькі часта сустракаецца такая з’ява, калі работнікам налічваецца, але не выплачваецца заработная плата?

— Факты наяўнасці ў штаце «мёртвых душ» — з’ява нярэдкая. Часам чалавек афіцыйна, па ведамасці атрымлівае зарплату толькі часткова, а ў некаторых выпадках працуе і зусім без працоўнага дагавора. Далёка не кожны жыхар нашай краіны, пагаджаючыся на ценявыя грошы, бачыць адваротны бок медаля, а пры выхадзе на пенсію прыходзіць у жах ад таго, наколькі яна маленькая.

Нагадаю, што разлік пенсіі ажыццяўляецца з памеру менавіта той заработнай платы, на якую афіцыйна налічваліся і ўплачваліся абавязковыя страхавыя ўзносы ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Таксама і ў стаж работы для прызначэння пенсіі залічваюцца толькі тыя перыяды работы, на працягу якіх ажыццяўлялася ўплата абавязковых страхавых узносаў. Калі ж яны ўплачваліся ў памеры, меншым вылічанага ад мінімальнай заработнай платы — напрыклад, чалавек быў афіцыйна аформлены на работу на паўстаўкі, і працоўным дагаворам яму была ўстаноўлена заработная плата ў памеры, меншым за мінімальны заробак. У такім выпадку ў працоўны стаж будзе залічаны перыяд, разлічаны з прымяненнем папраўчага каэфіцыента (гэта значыць, увойдзе не ўвесь адпрацаваны год, а толькі яго частка).

— Нярэдка прыходзіцца даведвацца і пра выпадкі, калі наймальнікі звальняюць работнікаў і не выплачваюць ім зарплату за некалькі месяцаў…

— Так. Атрымліваючы «жывую капейку» і думаючы пра хуткую выгаду, работнік рызыкуе абдзяліць сябе і сваіх блізкіх. Нярэдкія выпадкі, калі наймальнікі пазбаўляюцца ад работнікаў і не выплачваюць ім зарплату за некалькі адпрацаваных месяцаў. Няма працоўнага дагавора — няма ў наймальніка і абавязацельстваў.

Нелегальна атрыманыя грошы праблематычна выкарыстоўваць для набыцця жылля, аўтамабіля, аплаты за навучанне дзяцей і іншыя буйныя расходы. Падобныя аперацыі знаходзяцца пад кантролем падатковых органаў.

У апошні час набылі папулярнасць банкаўскія крэдыты. І тут для «нелегала» гарыць чырвонае святло, паколькі пацвердзіць сваю плацежаздольнасць па частцы вяртання атрыманага крэдыту можна толькі афіцыйнай зарплатай.

— Вядома, што людзям, якія атрымліваюць зарплату ў канверце, не аплачваецца бальнічны ліст…

— Безумоўна. Такім работнікам хварэць, як правіла, не выпадае, паколькі лісткі непрацаздольнасці аплачваць няма каму. «Зарплата ў канвертах» — гэта сацыяльны капкан, у які можна патрапіць у любую хвіліну. Да таго ж, пагаджаючыся на падобны варыянт, чалавек перш за ўсё напаўняе кішэню свайго наймальніка і збядняе бюджэт раёна, у якім жыве. Менш грошай атрымаюць бальніца і школа, застанецца без рамонту чыйсьці дом, а састарэлы інвалід пазбавіцца дапамогі. Над гэтым варта задумацца!

Інтэрв’ю правяла Святлана ВАЗНЯК.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>