Дровы і торфабрыкет

З набліжэннем ацяпляльнага сезона для жыхароў горада і раёна актуальным становіцца пытанне набыцця паліва, у прыватнасці, дроў і торфабрыкету. Шмат гараджан, вяскоўцаў звяртаюцца ў гарпалівазбыт.
Сёлета захавана норма продажу паліва па льготных цэнах. Так, гаспадары домаўладання, якое не падключана да цэнтральнага ацяплення і не газіфікавана, маюць права набыць 5,6 кубаметра дроў з істотнай зніжкай.

Такі аб’ём двухметровых дроў будзе каштаваць 435 тысяч рублёў, папілаваных — 645 тысяч, пасечаных — 805 тысяч. Ва ўсіх выпадках цэны ўказаны з улікам пагрузкі і дастаўкі па горадзе. Дастаўка ў вёскі, натуральна, будзе крыху даражэй, бо адлегласць падвозу большая.
— Мяне тым больш здзівіў наступны факт, — абураецца дырэктар гарпалівазбыту Васіль Канстанцінавіч Пшонка. — Мне распавялі, што камерсанты прадаюць двухметровыя дровы па 900 тысяч за прычэп! І гэта ў той час, калі ў гарпалівазбыце папілаваныя і пасечаныя — 805 тысяч!
У чарзе на дровы з першага студзеня зарэгістраваны 1099 заявак, з іх на дзень гутаркі задаволены 1006. Усім астатнім патэлефанавалі, яшчэ раз удакладнілі патрэбнасць, аб’ём, адрас. Некаторыя па розных прычынах прасілі адкласці час дастаўкі, некаторыя пацвердзілі. У самы бліжэйшы час усім, хто мае патрэбу, дровы будуць дастаўлены. На прадпрыемства іх прывозяць як з леспрамгаса, так і з лясгаса.
На торфабрыкет з пачатку года паступіла 600 заявак, задаволена 430. Да канца верасня ў Лепель прыбудзе вагон брыкету, на працягу кастрычніка — яшчэ пяць. Кожны вагон — гэта 14 выкананых заявак. Паступленні брыкету будуць таксама і ў лістападзе, і ў студзені, так што ніхто без паліва не застанецца. Льгатуецца 4,5 тоны торфабрыкету на домаўладанне ў год, іх можна набыць па 148600 рублёў за тону плюс паслугі па пагрузцы і прывозу.
Акрамя гэтага, калі грамадзяне лічаць, што льготнага паліва недастаткова, яны могуць заказаць дровы і торфабрыкет дадаткова, тады давядзецца цалкам аплачваць іх сабекошт. Так, 5,6 кубаметра двухметровых дроў будуць каштаваць 960 тысяч рублёў, а тона брыкету абыдзецца ў 367900 рублёў.
— Праблем з пастаўкай паліва, дастаўкай яго спажыўцам няма ніякіх, — кажа на завяршэнне сустрэчы Васіль Пшонка, — бывае нават, што заяўкі выконваем на працягу двух — трох дзён. Вагон торфабрыкету развозім спажыўцам за суткі. Калі з-за недахопу транспарту не спраўляемся, падключаем транспарт іншых арганізацый. Словам, стараемся, каб лепяльчане і вяскоўцы сустрэлі зіму ў цяпле і ўтульнасці.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: вядзецца нарыхтоўка дроў.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>