Экскурс у ХХ стагоддзе

Як вядома, Лепельскі раён утвораны 17 ліпеня 1924 года і да 9 чэрвеня 1927 г. знаходзіўся ў складзе Барысаўскай акругі, якая займала шырокую пясчаную даліну ў вярхоўях ракі Бярэзіны. Тэрыторыя — 10467,6 квадратнай вярсты. Насельніцтва акругі складала 374780 чалавек, з іх 341306 вяскоўцаў і 33474 гараджан. У акрузе пражывалі беларусы, рускія, яўрэі, палякі і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў. Пераважалі беларусы. У сельскай мясцовасці працэнт іх даходзіў да 87,6, а ў гарадской — да 43,7 працэнта.


Значную частку акругі займаў лес. Яго плошча складала 432895 дзесяцін — 37,1 працэнта ад агульнай тэрыторыі, пры сярэдняй лясістасці па рэспубліцы — 29,7.
У склад акругі ўваходзіла дзевяць раёнаў, 108 сельсаветаў (з іх 3 польскія), сем местачковых і два гарадскія Саветы: Барысаўскі і Лепельскі. Адносна далучэння Лепельскага раёна да Барысаўскай акругі выказваліся розныя меркаванні. Некаторыя з іх былі негатыўнымі. Старшыня Лепельскага райвыканкама ў ліпені 1924 даказваў немэтазгоднасць такога аб’яднання, бо эканамічна насельніцтва раёна было звязана з г. Полацкам. Яшчэ адзін аргумент: ад самага далёкага населенага пункта ў раёне да Полацка было 75 кіламетраў, а да Барысава — 110. Гэта цягнула за сабой дадатковыя выдаткі пры паездках. Апрача таго, на згаданы момант ужо пачалася перадача спраў і маёмасці Полацкаму акрвыканкаму. Аднак канчаткова пытанне вырашылася на карысць Барысаўскай акругі.
Плошча Лепельскага раёна складала 1275 квадратных вёрст. Налічвалася 12 сельсаветаў, 651 населены пункт, 8626 двароў, з іх сялянскага тыпу — 8291; пражывала 43005 чалавек (20883 мужчыны і 22122 жанчыны). У г. Лепелі было 872 уласныя дамы, 831 жылая кватэра, 6468 жыхароў (3994 мужчыны і 2474 жанчыны).
Лепель у сярэдзіне 20-х гадоў XX стагоддзя пашыраўся ў сувязі з правядзеннем чыгункі, павелічэннем вайсковага гарнізона і будаўніцтвам ваеннага мястэчка. На пасяджэннях райвыканкама не раз разглядаліся пытанні выдзялення зямельных участкаў мясцоваму гарнізону. Напрыклад, 11 лютага 1925 г. быў прадастаўлены ўчастак памерам у 51 дзесяціну для казармаў у паўночна-ўсходняй частцы горада па Віцебскім тракце пад назвай «Раўнянка».
Да канца 1924 г. завяршыліся адміністрацыйныя працэдуры па вызначэнні межаў раёна і быў праведзены ўлік насельніцтва. Адбыліся перавыбары сельскіх Саветаў. У склад сельсаветаў было абрана 249 членаў: 197 мужчын і 52 жанчыны, членаў КПБ — 14, КСМ — пяць, беспартыйных — 230, беларусаў — 249, грамадзян з вышэйшай і сярэдняй адукацыяй — сем, без адукацыі — 239, непісьменных — тры, чырвонаармейцаў — 123.
Пра жыццё лепяльчан у той далёкі час можна даведацца з архіўных дакументаў. На пасяджэннях райвыканкама разглядаліся пытанні аб адміністрацыйным дзяленні; правядзенні пасяўных кампаній; замацаванні муніцыпальных дамоў за ўстановамі і прадпрыемствамі; аб перадачы ў арэнднае карыстанне на дагаворных пачатках дамоў, лугавых участкаў Элыдаўка, Казлова Старына, Альховік, садоў пры муніцыпальных дамах: на Пясчанцы пры былым арыштным памяшканні, па вул. Савецкай каля дома грамадзяніна Пятрова, на Старабазарнай плошчы каля дома, у якім раней знаходзіўся павятовы камітэт, саду паміж Гогалеўскай і Савецкай вуліцамі і іншых; эксплуатацыі азёр і правядзенні іх уліку; паляпшэнні паштовай сувязі з акругай. Часта абмяркоўваліся пытанні аб накладанні штрафаў у адміністрацыйным парадку на грамадзян за несвоечасовую рэгістрацыю нованароджаных дзяцей, коней, парушэнне правілаў пры ахове вёскі ў начны час, самагонаварэнне, з’яўленне ў грамадскіх месцах у нецвярозым стане і парушэнне цішыні, утрыманне сабак без прывязі.
Абмяркоўваліся таксама праблемы школьнай адукацыі, медыцынскага абслугоўвання, культурна-асветніцкай работы сярод насельніцтва.
У раёне працавалі тры сямігадовыя школы, 44 школы першай ступені, з якіх дзве польскія і адна яўрэйская, працавалі 74 настаўнікі. Дзяцей школьнага ўзросту ад васьмі да 11 гадоў налічвалася 4500 чалавек, з іх школу наведвалі толькі 2152 — 49 працэнтаў. Астатнія дзеці не наведвалі школу з-за вялікай адлегласці або адсутнасці прыдатнага адзення. Большасць школ размяшчалася ў сялянскіх хатах. Аддзел народнай адукацыі заключаў з грамадзянамі дагаворы па найме памяшканняў на год за 20 — 25 рублёў. У школах праводзіўся касметычны рамонт, на большае не ставала сродкаў.
Медыцынская дапамога насельніцтву аказвалася ў Лепельскай лякарні як амбулаторна, так і стацыянарна (мелася 20 ложкаў для хворых), адным фельчарскім і двух амбулаторных пунктах.
І. ТРАЦЦЯК,
супрацоўніца Установы
«Занальны дзяржархіў
у г. Полацку».

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>