“Сюрпрызы” на дне

 Кожны год групам і спецыялістам размініравання даводзіцца выязджаць на разнастайныя выклікі. У раённым ваенным камісарыяце арганізацыяй утылізацыі знойдзеных “сюрпрызаў” займаецца маёр Руслан Мурзін. Асноўнай часткай такіх знаходак, па прызнанні афіцэра, з’яўляюцца боепрыпасы часоў Другой сусветнай вайны. Знахо­дзяць іх у горадзе, на палях, нават пад будынкамі. Самае прыкрае тое, што з кожным годам колькасць смяротна небяспечных знаходак не змяншаецца, хаця з часу, як з беларускай зямлі выгналі акупантаў і адгрымелі апошнія баі, мінула больш за 68 гадоў.

З вясны — пары пачатку палявых работ і асноўнай працы сапёраў — маёру Мурзі­ну даводзілася выязджаць па выкліках не менш за восем разоў, у сярэднім па разу на месяц.

 Калі раней іржавую смерць выцягвалі з зямлі, то зараз і з вады — такой стала адна з адметных асаблівасцяў апошніх гадоў. Звязана гэта найперш з тым, што сярод беларусаў усё большую папулярнасць набывае дайвінг — плаванне пад вадой з аквалангам, даследаванне дна вадаёмаў. Так, адзін з такіх дайвераў летам знайшоў у возеры Катоўшчына авіябомбу вагой не менш за 30 кіла­грамаў. “Добра, што не дадумаўся сам падымаць яе, а выклікаў спецыялістаў, — кажа Руслан Юр’евіч, — тыя дасталі з вады і ліквідавалі боепрыпас”.

 З другім дайверам адбылася сітуацыя ўвогуле кур’ёзная. Ныраў ён на Бобрыцы, зводдаль ад пляжа. Убачыў на дне прадмет, падобны на бутэльку. Узяў рукой за тонкі канец — важкая.

 Пакуль даплыў да берага, вадой змыла каламуць, якой быў аблеплены прадмет. Аказалася, баявая граната! Добра, мужчына быў не слабанервовы, не расціснуў руку, не выпусціў яе, акуратна даставіў на сушу, па­клаў на зямлю, адышоў і выклікаў міліцыю. Спецыялісты канстатавалі: знойдзена супрацьтанкавая граната нямецкай вытворчасці, прычым, у добрым баявым стане, магла выбухнуць.

 Другі пункт асаблівай увагі — падлеткі. Яны па сваёй натуры даследчыкі, следапыты, шукаюць і адкрываюць для сябе кожны раз новае, не задумваючыся пры гэтым пра асабістую бяспеку. Нядаўна ў адной са школ раёна быў выпадак, калі настаўнік канфіскаваў у іх патрон. Таму найперш бацькам варта больш увагі ўдзяляць сваім дзецям, растлумачыць ім небяспеку, якую нясуць “класныя штукі”.

 Напрыканцы напомнім чытачам, што, паводле правілаў бяспекі, пры выяўленні выбухованебяспечнага прадмета — снарада, гранаты, падазронай сумкі ці скрутка — ні ў якім разе нельга самому спрабаваць абясшкодзіць яго. Трэба адысці на бяспечную адлегласць і выклікаць спецыялістаў па тэлефонах: 4-19-46, 4-14-34 (райваенкамат) або 4-70-83, 102 (міліцыя).

Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>