Красоту и уют в городе создают вместе лепельчане

dsc_0021Кожны раз, праходзячы па вуліцах Лепеля, звяртаю ўвагу на дагледжаныя тэрыторыі каля прадпрыемстваў
і арганізацый, а таксама двары прыватных сядзіб. Прыемна, што многія гараджане адносяцца
да навядзення парадку на зямлі вельмі сур’ёзна, шчыруюць на ўчастках ля сваіх дамоў, надаюць ім прывабны выгляд.
Прыгожа аформленыя кветнікі, дыхтоўная агароджа, наяўнасць арыгінальных канструкцый, ахайны знешні выгляд пабудоў — усё гэта робіць наш горад і раён прыгожым.
Як вядома, бягучы год абвешчаны Годам малой радзімы. У нашым раёне шмат маляўнічых месцаў, якія вабяць сваёй прыгажосцю не толькі мясцовых жыхароў, а і турыстаў. У нас жа ёсць магчымасць захаваць гэтую прыгажосць і прымножыць яе.
Навядзенне парадку на зямлі — гэта задача кожнага грамадзяніна. Мы ўсе павінны ўсвядоміць, што Лепель — наш агульны дом, а добраўпарадкаванне і навядзенне парадку на зямлі — сістэматычная праца.
Калі ж уборка будзе праводзіцца толькі падчас суботнікаў, гэтай мэты мы не дасягнем. Прыбіраць трэба рэгулярна, па меры неабходнасці.
На гэтую тэму гутарым з начальнікам аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Наталляй Кляшторнай.
— Наталля Леанідаўна, пры ўсталяванні вясновага надвор’я адразу стала відавочна, што пачалася актыўная работа па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку на зямлі…
— Менавіта вясной у Лепелі, аграгарадках і вёсках прыкладаецца шмат намаганняў, каб навесці парадак.
У рамках правядзення месячніка па добраўпарадкаванні і санітарнай уборцы тэрыторый Лепельскага раёна праведзены суботнік. Мерапрыемствам былі ахоплены месцы агульнага карыстання, такія, як гарадскі парк, Камсамольскі парк, сквер і пляж. Таксама праведзена ўборка прыбярэжных палос водных аб’ектаў, размешчаных на тэрыторыі горада Лепеля. Наведзены парадак таксама ля ўстаноў дашкольнай адукацыі, школ, раённай бальніцы, амбулаторна-паліклінічных устаноў, а таксама спартыўных, фізкультурна-аздараўленчых і іншых аб’ектаў.
Работнікі некаторых прадпрыемстваў наводзілі парадак на могілках у межах горада. Такая ж работа была праведзена і ў сельсаветах.
— Суботнікі — гэта калектыўная справа работнікаў гарадскіх арганізацый і прадпрыемстваў. А ці павінны ў навядзенні парадку ўдзельнічаць жыхары раёна?
— Абавязкова. Жыхары населеных пунктаў раёна таксама павінны актыўна ўдзельнічаць у навядзенні парадку на сваіх прысядзібных участках, а таксама каля іх.
Мне, як карэннай лепяльчанцы, вельмі прыемна бачыць у Лепельскім раёне дагледжаныя дамы і двары. Такім гаспадарам заўсёды хочацца выказаць словы падзякі.
dsc_0029— Як вядома, задачы па навядзенні парадку на зямлі пастаўлены не толькі перад службай жыллёва-камунальнай гаспадаркі. На гэтую працу арыентаваны таксама прадпрыемствы і арганізацыі…
— Так, рашэннем райвыканкама ад 27 лютага 2020 года №213 зацверджаны план мерапрыемстваў па навядзенні парадку на зямлі на тэрыторыі раёна на бягучы год. Распрацаваны мерапрыемствы і вызначаны асобы, адказныя за іх рэалізацыю. У рамках мерапрыемстваў запланавана абуладкаваць, зрабіць рамонт спартыўных і дзіцячых гульнявых пляцовак на прыдамавых тэрыторыях, азеляніць іх, а таксама прывесці ў належны стан кантэйнерныя пляцоўкі.
Акрамя гэтага, прадугледжаны знос безгаспадарчых жылых дамоў у рамках рэалізацыі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад чацвёртага верасня 2018 года №357. Таксама рашэннем раённага выканаўчага камітэта ад 31 сакавіка 2020 года №361 “Аб арганізацыі работ па навядзенні парадку на зямлі” за прадпрыемствамі, установамі і арганізацыямі замацаваны тэрыторыі горада для правядзення работ па навядзенні і падтрыманні парадку, добраўпарадкаванні і ўборцы тэрыторыі.
Фізічным асобам, якія з’яўляюцца ўласнікамі аднакватэрных жылых дамоў, кватэр у блакіраваных жылых дамах, а таксама асобам, якія маюць права карыстання жылымі памяшканнямі, з улікам сезонных асаблівасцей у адпаведнасці з рашэннем вызначаны задачы па навядзенні парадку на тэрыторыі, у тым ліку на зямельным участку, прылеглым да праезнай часткі дарогі.
— Ці даводзіцца праводзіць растлумачальную работу з грамадзянамі?
— На жаль, ёсць такія домаўладальнікі, з якімі патрэбна праводзіць гутаркі на тэму добраўпарадкавання і навядзення парадку на зямлі.
З мэтай аператыўнага вырашэння гэтага пытання ў райвыканкаме створана спецыяльная камісія. Яе прадстаўнікі рэгулярна здзяйсняюць выезды і рэйды, падчас якіх праводзіцца растлумачальная работа з насельніцтвам, юрыдычнымі асобамі пра неабходнасць прывядзення ў належны санітарны стан аб’ектаў і тэрыторый. Пры адсутнасці паразумення выдаюцца загады па выпраўленні парушэнняў, ход выканання якіх адсочваецца.
— Ці шмат грамадзян, якія не жадаюць, каб тэрыторыя ля іх дома выглядала ахайна?
— Няшмат. Жыхары горада сталі больш адказнымі за месца, дзе жывуць. Да штрафаў справа даходзіць рэдка. У асноўным на прадпісанне грамадзяне рэагуюць адэкватна. Ды і тое, што мы вызначаем лепшых гаспадароў, узнагароджваем іх, — таксама добры стымул для іншых.
Хацелася б звярнуцца да жыхароў Лепельшчыны, якія шануюць свой раён, з просьбай унесці пасільны ўклад у добраўпарадкаванне сваіх двароў, пасадку дрэў і ўборку несанкцыянаваных звалак. Давайце будзем гаспадарамі на сваёй роднай зямлі!
Спадзяюся, жыхары не толькі змогуць захаваць, а і прымножаць створаную прыгажосць.
Гутарыла Наталля ХРАПАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>