Ремонт техники в «Черейщине» Лепельского района — необходимое дело

img_7208У адкрытым акцыянерным таварыстве “Чарэйшчына” пасяўная кампанія паступова набірае абароты: засеяна больш за 240
гектараў плошчаў, штодзень прыбаўляецца ад 30 да 40 гектараў, а то і больш, на палетках працуе па некалькі адзінак пасяўной
і глебаапрацоўчай тэхнікі.
Аднак ёсць і фактары, якія стрымліваюць ход пасяўной. У большай частцы яны аб’ектыўныя. У першую чаргу — надвор’е. Мы памятаем, якімі сонечнымі дзянькамі нас радавалі сакавік і пачатак красавіка. З аднаго боку, гэта добра: палеткі падсыхалі пасля зімы, тэхніка выязджала ў поле. З іншага — існавала рызыка хуткага перасыхання, што глеба пазбавіцца такой неабходнай для прарастання зярнят вільгаці. У сярэдзіне красавіка пагодлівыя дні змяніліся непагаддзю, калі дождж імжыць суткамі, часам нават замятае снег, а слупкі тэрмометраў зноў імкнуцца да нуля. Што ж рабіць? “Усё роўна сеяць”, — упэўнена адказваюць земляробы ААТ “Чарэйшчына”. І тлумачаць: “Зерне пераляжыць, вытрымае ў глебе непагадзь, набярэцца вільгаці, назапасіць сілы і, як толькі пацяплее, пойдзе ў рост.
Другі фактар, які стрымлівае пасяўную, — тэхнічныя паломкі. Так, у ААТ “Чарэйшчына” зімой удзялялася належная ўвага рамонту ўсёй глебаапрацоўчай, пасяўной, корманарыхтоўчай і нават уборачнай тэхнікі. Былі закуплены неабходныя запчасткі і расходныя матэрыялы. Не ў той колькасці, як патрэбна, але асноўнае было зроблена.
Ёсць паломкі, якія прадбачыць і прадухіліць немагчыма. Яны здараюцца, выяўляюцца нечакана. Напрыклад, здарыліся непрадбачанае з тэхнікай Віктара Гарыслаўкі.
На момант прыезду карэспандэнта энерганасычаны трактар МТЗ-3022 з пасяўным агрэгатам стаяў на мехдвары пад навесам, механізатар працаваў пад капотам.
— Што робіце? — пытаюся ў яго.
— Мяняю старцер, — адказвае. — У маім прылада, якая ўцягвае, нечакана сапсавалася. Замена ўжо завершана, зараз самае галоўнае — уважліва і надзейна падключыць праводку.
Трактар Віктара Гарыслаўкі, напэўна, самы стары з такіх мадэляў у гаспадарцы, 2010 года выпуску. Расказвае намеснік дырэктара ААТ “Чарэйшчына” Віктар Голубеў:
— Гэты трактар мы ў свой час збіраліся спісваць і здаваць у металалом. Віктар жа літаральна падняў яго з-пад плоту. Сам навёў усё, адладзіў, цяпер тэхніка працуе найлепшым чынам. МТЗ-3022 па класе падыходзіць да старога, добра вядомага ранейшым пакаленням механізатараў “Кіраўца К-700”.
Набыць новы старцер для такога класу тэхнікі, тым больш на імпартны рухавік маркі Deutz, — вельмі дорага. Аднак інжынерная служба знайшла старцер, які падыходзіць, хоць і былы ў карыстанні. Праверылі — працуе.
З Віктарам Гарыслаўкам пазнаёміўся на ўборачнай кампаніі 2018 года. Хлопец стаў лепшым маладым камбайнерам гаспадаркі, быў адзначаны па прафсаюзнай лініі. Ва ўборачную мінулага года ён таксама быў адным з лепшых камбайнераў. Не адставаў і на іншых сельгасработах.
— Віктар, што самае складанае пры замене старцера? — пытаюся.
— Не пераблытаць правады: дзе — плюс, дзе — мінус, — з усмешкай адказвае, — і не згубіць болцікі. Сур’ёзна кажу: яны ж дробныя, упадзе на зямлю — знайсці потым цяжка будзе.
За гутаркай прайшло няшмат часу, каля дзесяці-пятнаццаці хвілін. Гэтага якраз хапіла для завяршэння замены. Запуск рухавіка прагучаў доўгачаканай і жаданай песняй.
Праверыўшы яшчэ некалькі разоў надзейнасць працы механізмаў, Віктар прымацаваў апошнія дэталі, сабраў інструмент і пад’ехаў да паста зваршчыка: трэба было яшчэ падварыць пасяўны агрэгат.
— Напярэдадні ў завяршэнні рабочага дня заўважыў, што нясучая рама пайшла ў адным месцы трэшчынамі. Учора дапрацаваў, а зараз абавязкова трэба заварыць, магчыма, паставіць латкі.
— А чаму здарылася паломка?
— Ёсць такі тэрмін — стомленасць металу. Гэтай сеялцы ўжо некалькі гадоў. У кожны сезон яна засейвае сотні гектараў вясной, потым яшчэ столькі ж — у канцы лета і пачатку восені. А палеткі бываюць розныя. Сёлета добра, глебу рыхтуюць два чызельныя культыватары і адзін просты, палі роўныя, можна разагнацца. Аднак здараецца, што з-за высокай загружанасці тэхнікі і людзей на іншых работах не ўдаецца глебу разрыхліць ідэальна, а гэта — дадатковая нагрузка на пасяўны агрэгат. І яшчэ адна бяда нашых палёў — каменне. Колькі яго ні ўбірай, усё роўна менш не становіцца.
— Колькі гектараў за дзень можаце засеяць?
— Як заўсёды, гэта залежыць ад некалькіх фактараў. У першую чаргу ад плошчы і канфігурацыі поля. Другі важны фактар — якасць падрыхтоўкі глебы. Трэці — надзейная праца тэхнікі. Вядома ж, надвор’е: калі дажджы заліваюць так, што трактары па масты гразнуць, ні пра якую прадукцыйную работу і размовы не можа быць. Такім чынам, калі нішто не замінае, то за дзень магу засеяць да трыццаці гектараў. Разам са мной на такой жа тэхніцы працуе Андрэй Кажан. Разам мы можам засеяць за дзень да 60 гектараў. Аднак, бачыце, здараюцца замінкі.
Пакуль вярнуўся ў рэдакцыю, даведаўся, што Віктар Гарыслаўка завяршыў рамонт і паспяхова сее ячмень.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>