Красивая деревня Авласово есть на Лепельщине

img_7092Большасць суразмоўцаў на пытанне, дзе знаходзіцца вёска Аўласава, паціскалі плячыма, некаторыя ж казалі, што гэта вёска знаходзіцца дзесьці каля аграгарадка Камень. Аднак, мяркую, чытачам будзе цікава даведацца пра гэту прыгожую вёску Лепельскага раёна больш падрабязна.
img_7124Едзем па трасе Мінск — Віцебск, мінаем Бароўку, Бароўку 2-ю, не збочваем на аграгарадок Камень, а, праехаўшы каля 500-800 метраў, бачым паварот налева з указальнікам “Аўласава”. Да вёскі — прыблізна 400 метраў, аднак крайнія вясковыя хаты бачныя ўжо з шашы.
img_7101У Аўласава мы прыехалі ў самы ажыўлены час, калі можна адначасова пабачыць і пагутарыць з больш, як паловай мясцовых жыхароў, бо прыехала аўтакрама. Да машыны падышлі некалькі жанчын пажылога ўзросту, побач бегалі двое хлопчыкаў.
Пакупнікі набывалі прадукты, якія патрэбны штодзень: хлеб, малако, смятану, макароны, крупы, прыправы, курынае мяса. Некаторыя ж набывалі яшчэ цыгарэты і спіртное. Пакуль кіроўца Мікалай Крыцкі чакаў у кабіне, прадавец Святлана Крывель хутка абслугоўвала вяскоўцаў. Жанчына паспявала і пагутарыць з вяскоўцамі, расказаць апошнія навіны, бо за час, што працуе на гэтым маршруце, многія пакупнікі сталі для яе добрымі знаёмымі. Па гэтым маршруце ў прадаўца з кіроўцам — трынаццаць вёсак. У Аўласава аўтакрама прыязджае двойчы на тыдзень, прывозіць неабходны набор харчавання, усе астатнія тавары магчыма прывезці пад заказ. Вось, напрыклад, у дзень прыезду карэспандэнта жанчына заказала каструлю, а другой спатрэбіўся камбікорм для курэй. Абедзве просьбы былі задаволены.
img_7104— Адметнасць працы аўтакрамы ў тым, што ў нас пастаянны абарот тавару — пратэрмінаванага няма, — кажа Святлана Крывель. — Мы за шмат год выпрацавалі нормы, колькі і якога тавару трэба браць на маршрут, каб яго цалкам распрадаць, каб не заставаўся. Малочныя прадукты атрымліваем у філіяле “Лепельскі МКК” ААТ “Віцебскі мясакамбінат”, хлебабулачныя вырабы — на філіяле Лепельскі хлебазавод ААТ “Віцебскхлебпрам”. Такім чынам у продажы ў нас заўсёды свежыя прадукты.
У чарговы раз звярнуў увагу на той факт, што вяскоўцы ўжо не трымаюць кароў і нават коз. Гэта работа цяжкая для пенсіянераў, якія складаюць большасць насельніцтва малых вёсак. Нашмат зручней набыць пакецік малака або смятаны. І сапраўды, працуе на вытворчасці толькі адзін жыхар Аўласава, астатнія — пенсіянеры.
Прадавец, як і належыць, працавала ў гумавых пальчатках і масцы, выконвала нормы санітарнай бяспекі.

img_7110Бабуля і ўнукі
Набыццё тавараў завяршылася. Аўтакрама паехала ў наступную вёску, а я завітаў у крайнюю сядзібу. Тут жыве Яўгенія Матусевіч. Яе муж Уладзіслаў Васільевіч памёр год таму. Так, нялёгка жыць адной, але жанчына не сядзіць склаўшы рукі. Прыехалі ў госці ўнукі Ілья і Толік — трэба іх смачна пакарміць, дагледзець. Вядома ж, хлопцы! Ведучы размову, Яўгенія Яфімаўна занялася вязаннем, спіцы хутка і спрытна рухаліся ў яе руках, пры гэтым жанчына не апранула акуляраў!
— Як так? — здзіўлена пытаюся.
— Прыблізна год таму ў Віцебску мне зрабілі аперацыю на вачах. З таго часу акулярамі не карыстаюся ні пры вязанні, ні пры чытанні. Усё добра бачу.
— Яўгенія Яфімаўна, вы ведаеце, адкуль пайшла назва вёскі?

— Калі была маладая, ад больш старэйшых людзей не чула. Памятаю, расказвалі, што калісьці, яшчэ да Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі, Аўласава была панскай вёскай. Сядзіба была на тым месцы, дзе зараз стаіць калонка. Некалькі гадоў таму, як свідравалі зямлю пад калонку, казалі, што гэта рабіць было цяжка, бо прыходзілася натыкацца на былыя падмуркі панскіх пабудоў.
Думаю, для чытачоў будзе цікавай гістарычная даведка па матэрыялах кнігі “Памяць. Лепельскі раён”. Чытаем: “Аўласава, вёска ў складзе калгаса “Палітаддзелец” Каменскага сельсавета. Размешчана за 22 км на паўночны ўсход ад горада Лепеля. У пачатку ХХ стагоддзя паселішча было вядома як фальварак Аўласава Каменскай воласці Лепельскага павета Віцебскай губерні. На 1906 год у ім было тры двары, 16 жыхароў. Пасля рэвалюцыі фальварак пераўтвораны ў вёску. У пачатку 1930-х гадоў тут створаны калгас “Батрак”, працавалі ваўначоска і кузня. У 1997 годзе ў вёсцы мелася 16 падвор’яў і 38 жыхароў”.
Зацікавіла слова “фальварак”. Вядома, яно з’яўвілася ў XVI стагоддзі. Тады складваліся значныя панскія зямельныя ўладанні, якія маглі налічваць да тысяч валок (мера зямлі ў 21,36 гектара). Натуральна, што землеўласнік з аднаго свайго маёнтка не мог наладзіць эфектыўнае кіраванне на такіх абшарах, таму ён дзяліў землі на ўчасткі, у цэнтры якіх і ставіў фальваркі. Гэта прыблізна як цяпер вытворчыя ўчасткі ў вялікіх сельгаспрадпрыемствах ці аграхолдынгах. Вырабленая ў фальварках сельгаспрадукцыя вывозілася ў цэнтральную сядзібу — маёнтак. Пасля далучэння Беларусі да Расійскай імперыі зямлю сталі вымяраць дзесяцінамі (1,0925 га).
Кніга “Памяць” дае яшчэ адну важную інфармацыю. Так, на старонках 56 — 58 прыводзіцца спіс землеўладальнікаў Лепельскага павета на 1878 год. Указваецца, што ў вёсцы Вялікі Камень спадкаемцы Пакоша валодаюць 1088 дзесяцінамі зямлі. Гэта даволі значнае ўладанне. Верагодна, у Камені быў іх маёнтак, а ў Аўласаве — фальварак.

Нястомныя
працаўнікі
img_7116Развітаўшыся з гасціннай бабуляй і ўнукамі, крочу далей. Адразу звярнуў увагу на дом №8 — дагледжаны і абуладкаваны. Пры гэтым сядзіба не мае агароджы: адразу ад вуліцы бачныя прыгожы кветнік з клумбамі, гаспадарчыя пабудовы і дом. Жыве там гаспадар Анатоль Валадзько з жонкай Лідзіяй. Жанчына родам з Украіны, а пазнаёміліся будучыя муж і жонка ў Маскве, дзе абодва працавалі. Анатоль Іосіфавіч тэрміновую вайсковую службу праходзіў на Далёкім Усходзе, затым былі гады працы на гандлёвым флоце, у дасканаласці авалодаў прафесіяй зваршчыка. А з нядаўняга часу жыве на бацькаўшчыне ў Аўласаве.
— Мой тата Іосіф Станіслававіч — франтавік, скамісаваны па раненні. Асколак прабіў абодва калены, таму да канца жыцця ён хадзіў з цяжкасцю. Маці, Ганна Васільеўна, у час акупацыі жыла тут. Пасля вайны яны пажаніліся. Брат маці, Уладзімір Мірановіч, загінуў на фронце ў жніўні 1944 года, і нават не ведаем, дзе ён пахаваны.
Пра сваю сям’ю, працу на флоце Анатоль Іосіфавіч можа распавядаць шмат. Я ж міжволі звяртаю ўвагу на яго далоні — моцныя, напрацаваныя, сапраўды мужчынскія.
— Не ўяўляю сябе без якой-небудзь справы, — пацвердзіў мае думкі суразмоўца. — Вось зараз перакушу, а потым пайду на агарод, там трэба ўстанавіць каркас. Затым дачакаюся добрага надвор’я і накрыю яго полікарбанатам — будзе яшчэ адзін парнічок. Так, мы маем кватэру ў Лепелі і можам там жыць. Аднак навошта? Не магу я проста прыйсці ў пакой і там сядзець, толькі глядзець тэлевізар ці чытаць. Я разумею тых людзей, якія жывуць у кватэрах такім чынам, але такі лад жыцця для сябе не ўспрымаю. Для мяне, наадварот, блізкія па духу дачнікі, якія асталяваліся цераз дарогу і далей у вёсцы, яны такія ж працаўнікі. Я і сам ужо з нецярпеннем чакаю пацяплення, у нас ужо расада на падаконніках расце.
Прайшоўшы па вёсцы Аўласава, звярнуў увагу, што высокія агароджы захоўваюцца ў пераважнай большасці вакол старых сядзіб. Пры абнаўленні іх устанаўліваюць ніжэйшымі, неглухімі, часцей з сеткі-рабіцы, або вяскоўцы жывуць увогуле не адгароджваючыся ад іншых. Раней, калі ў вёсках трымалі шмат кароў і авечак, была патрэба аберагаць ад жывёлы агароды, а цяпер такой патрэбы не існуе.

Жыхары бакавога завулка
img_7133Дамы №7 і №9 знаходзяцца на бакавым завулку. У доме №9 жыве Васіль Аўсеенка, а ў суседнім — яго родная сястра Таццяна Венядзіктава з мужам Аляксандрам Іванавічам.
Васіль Аўдзеенка зараз жыве адзін, але калісьці, калі меў магчымасць, трымаў вялікую гаспадарку, нават каня. “Конік — святая справа!” — з захапленнем і адначасова са скрухай кажа мужчына. Зараз жа ўся яго гаспадарка — сабака Шарык і кот Барсік. Сын Мікалай і дачка Ірына даўно жывуць асобна, у іх свае сем’і. Шкада толькі, што даўно прыязджалі ў госці да бацькі.
Таццяна Сяргееўна са сваім мужам пазнаёмілася ў Калінінградзе.
— Галоўныя ўспаміны дзяцінства — гэта пастаянная нястача ежы, амаль да голаду, і цяжкая праца, — успамінае жанчына. — Бацькі працавалі ў калгасе ад рання да змяркання. Пакінуць дом раніцай, а нам, малым, даюць на дзень заданне, што патрэбна зрабіць. Мы тады, лічыце, адным шчаўем жылі: зварым яго, а заправіць няма чым. У калгасе ў 1950 — 60-я гады грошай не плацілі, толькі налічвалі працадні, за якія ў канцы года давалі крыху зерня ці бульбы. Мы, дзеці, здаралася, лазілі па калгасных садах, але і яны ахоўваліся. А ў школу да самай зімы, пакуль снег не выпадзе, бегалі босымі. Самы ж цяжкі, самы горкі ўспамін быў пра тое, як у нас карову забралі за нядоімкі па падатках. Як мама плакала!
Пасля вяртання з Калінінграда Таццяна Сяргееўна працавала ў калгасе, затым — тэхнічкай у школе, санітаркай у бальніцы. З мужам выгадавалі сына Віктара, які зараз жыве ў Санкт-Пецярбурзе, і дачку Алену, яна — у Новалукомлі.

На развітанне
img_7138У думках развітваўся з Аўласавам і стараўся захапіць, занатаваць кожны маленькі штрых, уласцівы гэтай вёсцы. Тут ёсць дзве сажалкі, берагі якіх параслі высокім чаротам і старымі тоўстымі дрэвамі. Напэўна, летнім вечарам, пасля спёкі тут прыемна прагуляцца. Асфальт, відавочна, пакладзены яшчэ ў савецкія часы, дагэтуль захаваўся ў вельмі прыстойным стане, ямін ці выбоін мала.
Паабапал вуліц на сядзібах раскінуліся старыя сады з яблынямі, грушамі і слівамі. Больш дбайныя гаспадары даглядаюць іх, падпілоўваюць старыя галіны, высаджваюць маладыя дрэўцы. Спадзяюся, у канцы лета і восенню Аўласава запоўніцца водарам спелых яблыкаў, а вяскоўцы будуць здаваць іх і атрымліваць грошы.
На развітанне сустрэўся з Лідзіяй Іванаўнай, якая жыве ў доме №8. Жанчына падышла да калонкі, каб набраць вады. У тачцы — дзве каністры, шланг — такім чынам можна за адзін падыход забяспечыць вадой гаспадарку на суткі.
Вось такая яна — тыповая невялічкая вёсачка Аўласава.
Васіль МАТЫРКА.

Один комментарий для “Красивая деревня Авласово есть на Лепельщине

  • 20.04.2020 в 1:56 пп
    Permalink

    Спасибо автору за возможность заглянуть в далекае прошлое-детство. Увидеть постаревших земляков.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>