Ощущение близости с природой

babaed4У сельскай мясцовасці няма ні шматпавярховікаў, ні заводаў. Гэта месца, дзе звычайна пануюць чыстае паветра, цішыня
і натуральныя прадукты. Аграэкатурызм спалучае ў сабе ўсё пералічанае, а яшчэ сюды трэба дадаць хатнюю атмасферу, прымальны кошт і адчуванне блізкасці з прыродай. Гэта яркі кантраст сучаснаму гарадскому жыццю.

Лепельшчына — асаблівы край беларускай зямлі. Тут дзіўным чынам перапляліся гістарычныя лёсы, культура і традыцыі розных нацыянальнасцяў. У нашым раёне ёсць тое, што можна паказаць гасцям з іншых раёнаў, абласцей і нават краін.
Наша зямля славіцца сваімі азёрамі і лясамі. Мясцовыя ландшафты ў любы час года выглядаюць прыгожа і казачна. Усё гэта, напэўна, і стала прычынай развіцця ў раёне аграэкатурызму.
Гэты від турызму ў нас з’явіўся ў 2003 годзе, калі пачалі стварацца аграэкасядзібы, паступова распрацоўваліся зялёныя маршруты. Спачатку лепяльчане не вельмі актыўна займаліся гэтай справай, было толькі некалькі сядзіб, цяпер жа — 24. З часам наш край стаў вельмі прывабным для замежных гасцей. Інфармацыя пра рэгіён размешчана на сайтах звыш дваццаці краін свету менавіта дзякуючы ўваходжанню ў Міжнародную арганізацыю зялёнага турызму.
Давялося пагутарыць з гаспадыняй аграэкасядзібы, якая не толькі займаецца турыстычнай дзейнасцю, а і шмат год працуе педагогам. Сям’я Бабаед пражывае ў маляўнічай вёсцы Слабада. Вольга Іванаўна — настаўніца беларускай мовы і літаратуры ў Слабадской яслях-садзе — сярэдняй школе. Яе прафесіяналізм неаднаразова быў адзначаны на мерапрыемствах па ўшанаванні раённай уладай вучняў, якія дасягнулі значных поспехаў у вучобе.
Вольга Іванаўна — адказная, творчая і крэатыўная асоба. Яна не толькі паспявае рыхтаваць школьнікаў да алімпіяд і розных конкурсаў, а яшчэ займаецца і дадатковай дзейнасцю пасля працы. Гэта дзейнасць прысвечна аграэкатурызму.
Зазірнула ў інтэрнэт і ўвяла ў пошукавы радок: «Аграсядзіба «Лазня ў Бабая». Адразу знайшла інфармацыю пра гэту ўтульную сядзібу. Знаходзіцца яна за два кіламетры ад Лепеля, на беразе возера Поўсвіжскае. «Маляўнічае месца, свежае чыстае паветра не пакінуць абыякавымі ні аднаго наведвальніка. Прыхільнікі аграэкатурызму ацэняць прыгажосць прыроды, а пры замове экскурсій змогуць акунуцца ў гісторыю і самабытнасць мясцовага краю. У якасці забаў можна парыбачыць, скарыстацца рускай лазняй на дрывах, пракаціцца на веласіпедах або лыжах, заняцца зборам ягад і грыбоў. Магчымы пракат лодкі, веласіпедаў і рыбалоўных прынадаў».
babaed1Аграэкасядзіба «Лазня ў Бабая» — гэта выдатнае месца і для адпачынку з дзецьмі, ёсць абсталяваны пляж. Акрамя гэтага, тут можна арганізаваць рамантычны альбо адпачынак для вялікай вясёлай кампаніі.
— Як з’явілася ідэя стварэння аграэкасядзібы?
— Ідэя ўзнікла выпадкова. Хацелі набыць участак ля возера. Спадабаўся гэты надзел. Спачатку нават не ўяўлялі, што з гэтага атрымаецца. А вось калі некалькі год папрацавалі разам усёй сям’ёй тут, абуладкавалі сцяжынку да возера, тады ўбачылі ўсю прыгажосць мясцовых краявідаў.
Пасля наведвання аграэкасядзібы ўражваюць душэўная цеплыня, ветлівасць і шчырасць яе гаспадароў. Яны не проста аказваюць турыстычныя паслугі насельніцтву, а дораць сваім гасцям зарад станоўчых эмоцый.
— Самі жывяце ў вёсцы, ды яшчэ ў іншым населеным пункце абуладкавалі аграэкасядзібу. Ці не вельмі шмат спакою?..
— Калі мы з сям’ёй наведваем Мінск, заўсёды стамляемся. Нават не ўяўляю сябе жыхаром вялікага горада. Не разумею, як там наогул можна адпачываць. А вось на Лепельшчыне, сярод прыроднай цішыні, — выдатны адпачынак. Ад сваіх гасцей часта чуем, што за ўвесь час, праведзены на сядзібе, ні разу не ўключылі любімую музыку. Спеваў птушак у гэтай мясцовасці дастаткова, каб адчуваць сябе шчаслівымі.
Напэўна, так адбываецца таму, што гаспадароў сядзібы не турбуе штодзённая мітусня з паўсюдным гулам аўтатранспарту. Іх пастаяльцы таксама “зараджаюцца” такім душэўным пачуццём. Сям’я Бабаед не марыць у выхадныя дні наведаць вялікія гандлёвыя цэнтры, а імкнецца бавіць час на ўлонні прыроды.
Магчыма, блізкасць да прыроды Вользе Іванаўне перадалася ад бацькоў. Яна правяла свае дзіцячыя гады сярод маляўнічай беларускай прыроды, яе муж — таксама.
— Чаму выбралі для размяшчэння аграсядзібы менавіта Вялікі Поўсвіж? Зручней, напэўна, было б займацца гэтай справай у Слабадзе…
— У нашай мясцовасці няма вадаёма. Як вядома, адпачывальнікі жадаюць правесці вольны час каля возера ці рэчкі. Паўтара года мы шукалі зямельны надзел, але ніяк не маглі вызначыцца, дзе ўсё ж лепей. А калі, нарэшце, знайшлі, то зразумелі, што аграэкатурызмам будзем займацца ўсёй сям’ёй. У 2015 годзе набылі ўчастак у Вялікім Поўсвіжы.
Так, месца выбралі сапраўды вельмі прыгожае. Аграэкасядзіба размешчана на ўзгорку, а ў нізіне — возера даўжынёй паўтара кіламетра і шырынёй каля 500 метраў.
babaedАмаль пяць гадоў таму сям’я Бабаед набыла гэты зямельны ўчастак і ўжо тры гады прымае турыстаў. Аднак на працягу ўсяго гэтага перыяду Вольга Іванаўна і яе муж Дзмітрый Леанідавіч не сядзяць склаўшы рукі. Шмат у іх планаў на будучыню. Разам з бацькамі рупяцца і дзеці, якія таксама не баяцца працы. Затое потым можна ўсім разам адпачыць, як сапраўдным турыстам. Вельмі любяць наведаць сям’ю Бабаед на аграэкасядзібе і родныя, тады адпачынак становіцца яшчэ цікавейшым.
У будучым уладальнікам аграсядзібы хацелася б пабудаваць яшчэ адзін гасцявы домік, павялічыць дзіцячую пляцоўку. Зараз адпачывальнікі жадаюць не проста паляжаць каля возера. Большасць турыстаў вядуць актыўны лад жыцця і таму не вытрымаюць пасіўнага адпачынку. На гэты конт у сям’і Бабаед таксама ёсць свая задумка. Магчыма, на іх прыгожым участку з’явяцца канатны гарадок, турнікі для заняткаў спортам і тэнісная пляцоўка. Мэта гэтай сям’і — зрабіць сядзібу месцам актыўнага адпачынку для турыстаў рознага ўзросту.
Асабліва мне імпануе Вольга Іванаўна тым, што яе педагагічная дзейнасць цесна пераплецена з заняткам у сферы аграэкатурызму і дапаўняе яго. Сапраўдны педагог заўсёды выкарыстае любую магчымасць, каб данесці дзецям штосьці новае, зацікавіць.
Настаўніца не толькі раскрывае перад вучнямі прыгажосць роднага краю, а і дорыць любоў да мілагучнага беларускага слова. Яна часта са сваім класам наведвае аграэкасядзібу, дзе вясковыя падлеткі могуць навучыцца касіць траву і даведацца пра іншыя заняткі беларусаў.
У планах педагога — арганізаваць заняткі з вучнямі па вывучэнні гісторыі гэтага куточка, скласці слоўнік мясцовых назваў, запісаць легенды, звязаныя з імі, а таксама распрацаваць эка-, этна- ці гістарычны маршрут.
Такія аграэкасядзібы, як «Лазня ў Бабая», карыстаюцца вялікай папулярнасцю ў турыстаў. Наш раён дзякуючы развіццю гэтай галіны дзейнасці становіцца вядомым і цікавым для жыхароў іншых гарадоў краіны і замежных гасцей.
Наталля
ХРАПАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>