«Вкусную» профессию освоила Алеся Старкова из Лепельского района

povarПрафесія повара існуе тысячагоддзі, толькі з часам крыху відазмяняецца. Повар — гэта спецыяліст, у чые абавязкі
ўваходзіць прыгатаванне ежы. Акрамя гэтага, ён адказвае за падрыхтоўку прадуктаў: павінен праверыць іх на свежасць, памыць, парэзаць, пачысціць. Знешняя прывабнасць стравы — таксама задача чалавека, які мае гэтую прафесію.
Для ежы важныя не толькі смак, але і пах, і апетытны выгляд. Не дзіўна, што прафесія повара зарадзілася разам з першымі людзьмі на планеце.
Спяшаюся ў сталовую аграрна-тэхнічнага каледжа, каб пагутарыць з маладым спецыялістам. Алеся Старкова ў 2019 годзе скончыла гэтую ўстанову па спецыяльнасці “Грамадскае харчаванне. Гандлёвая справа” і зараз рупіцца ў родных сценах. Тут праходзіла практыку, сюды прыходзіла, каб падсілкавацца, таму, даведаўшыся пра размеркаванне, адразу ўзрадавалася. Не трэба ўлівацца ў новы калектыў, тут усе знаёмыя.
—У калектыве склаліся з супрацоўнікамі прыязныя адносіны. Кожны падтрымае, калі трэба — дапаможа. Згуртаванасць і сяброўства — асноўныя якасці маіх калег, — кажа Алеся.
Родам мая суразмоўца з Бароўкі, але давялося вучыцца ў сярэднеадукацыйных установах розных абласцей, бо з сям’і ваеннага. Куды радзіма пакліча, туды і сям’я накіроўваецца за мужам і бацькам. Алесю гэта зусім не засмучала, а дадавала пэўнай цікаўнасці да пазнання краіны. Некалькі гадоў жылі ў Баранавічах. Бабуля па лініі таты працавала на той час выкладчыкам у дзіцячай школе мастацтваў і зацікавіла Алесю граннем на музычным інструменце. Пакуль родны чалавек займаўся з дзіцём, цікавасць да гэтай справы існавала. Як пераехалі ў іншы горад, заняткі музыкай перасталі падабацца. Але ўсё ж скончыла дзяўчына школу мастацтваў, сем гадоў у класе фартэпіяна развілі музычны слых і любоў да прыгожых мелодый. З імі не развітваецца і зараз. Любіць Алеся ў навушніках прайсціся па прыгожых месцах Бароўкі, асабліва падабаецца возера, якое чыстае, як люстра.
Вернемся да адукацыі. Скончыла дзевяць класаў Слонімскай сярэдняй школы і збіралася паступаць на візажыста ў Гродзенскі прафесійна-тэхнічны каледж бытавога абслугоўвання насельніцтва. Але планы змяніліся ў сувязі з пераездам сям’і ў Бароўку.
Ужо ў жніўні давялося хутка вызначацца са спецыяльнасцю. Сказаць, што вельмі цікавіла дзяўчынку кухня, нельга. Працэс прыгатавання ежы стаў займальным менавіта ў каледжы, на першым курсе. Асабліва калі перайшлі да практычных заняткаў.
— Не люблю тэорыю. Лепей разумею ўсё на практыцы, — кажа Алеся. Вось, напрыклад, першыя сырнікі ў мяне не атрымаліся, хоць і ведала добра, як іх трэба гатаваць. Але калі на талерцы ў другі-трэці раз з’явіліся гэтыя блінчыкі, смак і выгляд іх мяняўся ў лепшы бок. Так і з іншымі стравамі. У планах — навучыцца кандытарскай справе, выпякаць смачныя тарты.
Чамусьці да гэтага часу Алеся не любіць гатаваць супы. Кажа, што яны ў яе не атрымліваюцца. Але я ўпэўнена, што гэта не так. Калі дзяўчына пачынае казаць, што і як трэба пакласці ў каструлю, адчуваецца яе прафесіяналізм.
Кожны з нас штосьці робіць лепш за іншае, таму нам і здаецца, што гэтае іншае ў нас не атрымоўваецца.
— Раней не ўяўляла, як правільна зрабіць амлет, кашу, сырнікі, запяканку. Цяпер з гэтым праблем няма. Што ўжо казаць пра піражкі… Дома мая бабуля заўсёды цеста гатавала сама, я толькі ёй дапамагала ўкладаць начынне.
Хоць бабуля Алесі Ядзвіга Ігнатаўна і не повар, але яе стравы для маёй суразмоўцы самыя смачныя на свеце. Магчыма, любоў да кухарскіх спраў прывіла менавіта яна.
— Як толькі прыязджаю дадому, адразу іду да бабулі, якая таксама жыве ў Бароўцы. У школьныя гады асабліва любіла прачынацца ў выхадныя дні ад смачных пахаў з кухні. А такія бліны з клубнічным варэннем больш не даводзілася есці нідзе.
Бачу перад сабой стройную прыгожую дзяўчыну. Адразу складваецца ўражанне, што нічога сама не снедае альбо сур’ёзна прытрымліваецца правільнага харчавання.
— Ем усё, не зважаючы на калорыі. Часам магу сабе дазволіць чыпсы і іншыя прысмакі, хоць яны і не карысныя, — смяецца Алеся. — Асабліва, калі з Максімам глядзім фільм.
Як потым даведалася, Максім — гэта хлопец Алесі, з якім сустракаецца ўжо два гады. Адносіны, можна сказаць, правераныя часам.
Першы год працы, зразумела, складаны для маладога спецыяліста. Таму, вяртаючыся ў інтэрнат, дзе зараз жыве дзяўчына, хочацца адпачыць і нічога не рабіць. Яно і зразумела, працоўны дзень пачынаецца а пятай гадзіне раніцы.
Асабліва стомленасць у канцы змены адчуваецца ў нагах, бо ўвесь час даводзіцца стаяць, а часам і пабегаць, а таксама ў шыі ад напружання.
Папрасіла распавесці пра адзін звычайны працоўны дзень повара. З вечара ўжо вядома меню, прывезены прадукты. Невялікі калектыў сталовай ужо разумее, чым будзе займацца з самай раніцы, калі яшчэ большасць лепяльчан спіць.
Пакуль награваюцца пліты, сядаюць дзяўчаты, загадчыца і тры повары разам за сумесную працу — абіраць бульбу. Шмат гародніны, прыкладна 32 кілаграмы, трэба падрыхтаваць. Невялікая колькасць ідзе на першую страву, астатняе — на другую.
Потым разыходзяцца працаўніцы ў розныя куткі, каб далей рупіцца над сняданкам ці абедам.
Сняданак звычайна невялікі, на 8-13 чалавек. У сем гадзін 20 хвілін ён павінен быць гатовы.
Абед жа гатуецца прыкладна на 170 навучэнцаў і яшчэ на сто для тых, хто прыйдзе падсілкавацца за наяўны разлік.
Ведаю, што шмат лепяльчан, якія працуюць на прадпрыемствах Лепеля, таксама зазіраюць сюды.
Пасля абеду зноў жа ўсе разам ідуць мыць талеркі і шклянкі, бо, як у добрых гаспадынь, паўсюль павінны быць чысціня і парадак.
Паразмаўлялі з Алесяй пра плюсы і мінусы гэтай прафесіі. З мінусаў адразу вызначылі, што, праца патрабуе шмат энергіі, увесь дзень повар праводзіць на нагах. А яшчэ высокі ўзровень трывожнасці з-за абмежаванага часу на прыгатаванне ежы, якая павінна быць якаснай. Таксама хочацца, каб кліент выйшаў з пункта грамадскага харчавання задаволены.
Аднак плюсаў, лічу, больш. Прафесія повара — універсальная. Уменне гатаваць спатрэбіцца як на працы, так і дома. Повары ніколі не бываюць галоднымі, у прамым і пераносным сэнсе. Яны патрэбныя ў кожнай установе грамадскага харчавання: ад рэстарана да школьнай сталовай.
Наталля ХРАПАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>