Поисковая группа из Лепельского района искала могилу солдата

garazyankiНа адным з урокаў гісторыі, калі гаворка ішла пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, дзесяцікласнік Яўген Гайко згадаў, што бацька распавядаў яму пра магілу чырвонаармейца, пахаванага недалёка ад вёскі Гаразянкі. У складзе невялікай пошукавай групы, якая складалася са слабадскіх старшакласнікаў Яраслава Тухты і Яўгена Гайко, вырашылі даведацца пра падрабязнасці гібелі чырвонаармейца.
З гэтай мэтай і адправіліся ў Гаразянкі, дзе нас ужо чакаў Яўгенаў бацька Аляксандр Гайко. Мужчына згадзіўся дапамагчы ў даследаваннях. Пра ваеннае пахаванне ён ведае ад сваёй бабулі Аксінні Клундук, якая разам з іншай аднавяскоўкай хавала чырвонаармейца. Не ведаючы, што ў вёсцы немцы, ён смела выйшаў з лесу і накіраваўся ў вёску, каб разжыцца ў мясцовых жыхароў прадуктамі. Смерць заспела салдата каля Аскіннінай хаты, якая была крайняй ад лесу. У гэты час у Гаразянках гаспадарылі немцы, якія здалёк заўважылі падазроную асобу і пачалі страляць. Пахаваць нябожчыка жанчыны змаглі толькі тады, калі немцы сышлі з вёскі. Далёка цягнуць яго моцы не было, таму і закапалі на ўскрайку лесу. Пасля вайны на магіле ўсталявалі крыж. Звычайна добраўпарадкаваннем займаўся сын Аксінні Аркадзь Клундук, які наведваўся ў госці да бацькоў.
З той пары мінула не адно дзесяцігоддзе, даўно няма на гэтым свеце Аксінні Клундук і яе сына Аркадзя, бадай адзіных сведак падрабязнасцяў трагедыі, што разгарнулася каля іх хаты ў гады вайны. З’ехаў з роднай вёскі на заробкі ў далёкія краі і Аляксандр. З цягам часу забылася і месца, дзе было пахаванне салдата, не стала каму за ім даглядаць. Людзі жылі паўсядзённымі клопатамі, толькі час ад часу згадваючы тыя далёкія падзеі.
garazyanki1Вярнуўшыся на бацькаўшчыну два дзесяцігоддзі таму, Аляксандр Гайко ўжо не мог адшукаць таго месца, дзе бабуля некалі пахавала чырвонаармейца. Да непазнавальнасці змяніліся краявіды — крыж спарахнеў, не засталося знаку і ад магільнага грудка. Таму і не было нагоды ўжо больш успамінаць пра магілу салдата, толькі да той пары, пакуль ваеннымі падзеямі не зацікавіўся сын Яўген. Яму Аляксандр Іванавіч і распавёў, што сам некалі ведаў.
Аляксандр Гайко вядзе нас у лес, каб паказаць прыкладнае месца, дзе была некалі магіла салдата. Пахавалі нябожчыка на пагорку, які ўвесь перакапаны ямамі, тут жа некалі захоўвалі бульбу. Агледзеўшы мясцовасць, вырашылі, што менавіта ў адной з такіх ям і пахавалі салдата. Аглядаючы мясцовасць, Аляксандр Іванавіч успамінае, што магіла была пад адной са старых соснаў, толькі вось пад якой?
Некалькі разоў агледзеўшы навакольную мясцовасць, не знайшлі відавочных прыкмет пахавання. Вырашылі адкласці пошукі, каб вярнуцца для далейшых даследаванняў з прафесійнымі пошукаўцамі з 52-га асобнага спецыялізаванага батальёна, які раней неаднаразова дапамагаў вяртаць з небыцця памяць пра невядомых герояў.
Пакуль няма адназначнага адказу і на пытанне, кім мог быць невядомы нам чалавек, спачыўшы ў безыменнай і пакуль не адшуканай магіле на ўскрайку Гаразянак — партызанам ці кадравым ваенным. Застаецца пытаннем, у які перыяд вайны, у пачатку ці напрыканцы, адбыўся апісаны эпізод. Магчыма, далейшыя даследаванні дазволяць адказаць на шэраг пытанняў і прыадчыніць яшчэ адну невядомую старонку мінулай вайны.
Валерый ТУХТА, краязнаўца.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>