Пульс Лепельщины

У Глыбокае — з выставай

Аддзел абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай раённай бібліятэкі прыняў удзел у Дні беларускага пісьменства, які прайшоў у Глыбокім. Нашы бібліятэкары прыехалі туды не з пустымі рукамі: прывезлі выставу “Лепельшчына літаратурная”. Першы раздзел выставы “Імі ганарыцца Лепельшчына” быў прысвечаны літаратарам і грамадскім дзеячам, выхадцам з нашага раёна, альбо тым, чые жыццёвыя шляхі перакрыжоўваліся на Лепельшчыне. Тут былі прадстаўлены такія людзі, як Анатоль Вярцінскі, Пятро Дудо, Тодар Кляшторны, Фелікс Тапчэўскі, Ян Чачот, Арцём Вярыга-Дарэўскі і іншыя. У другім раздзеле “Выток” — іх кожны радок кранае сэрца” змешчаны творы сучасных літаратараў Лепельшчыны.

 Шэсць алімпійскіх урокаў

Дзень ведаў раённая бібліятэка адзначыла шасцю алімпійскімі ўрокамі. Праводзіліся яны ў межах акцыі “Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь” для вучняў СШ №1 і №3, гімназіі, а таксама аграрна-тэхнічнага каледжа. Падлеткаў пазнаёмілі з гісторыяй алімпійскага руху ў Беларусі.

 Кніжная восень

 У верасні ў чытальнай зале цэнтральнай раённай бібліятэкі экспануецца выстава “Слова кніжкі беларускай”, дзе сабраны навінкі беларускіх выдавецтваў, а на абанеменце ў гэтыя дні можна пабачыць выставу, прысвечаную стагоддзю з дня нараджэння выдатнага беларускага паэта, народнага паэта БССР Максіма Танка. На кастрычніцкім свяце паэзіі ў бібліятэцы пройдуць вечарыны па творчасці сёлетніх юбіляраў, класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка.

 Акенца ў свет

 На базе мультымедыйнага цэнтра ў раённай бібліятэцы штомесячна праводзяцца скайп-канферэнцыі для людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Чарговая, вераснёўская, будзе называцца “Традыцыі і абрады Беларусі”. Таксама для гэтай катэгорыі людзей распрацаваны кіналекторый з праглядам мастацкіх і навукова-папулярных фільмаў, правядзеннем віктарын, дыспутаў і г.д.

  Дыплом — пераможцам

 На Дзень беларускага пісьменства ў Глыбокае былі запрошаны людзі, якія займаюцца аграэкатурызмам у нашым раёне. Пасля падвядзення вынікаў конкурсу на лепшую турыстычную анімацыю і лепшае акцёрскае майстэрства аграсядзібы нашы аграэкатурысты выйшлі пераможцамі.

 Віктар ЛЯШЧЫНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>